3 верасня ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец» у Мінску адылося жалобае мерапрыемства, у якім узяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Мерапрыемства праходзіла пад назваю: «Трасцянец. Памяць агульная» і было прымеркавана да першага жалобнага мітынгу, які адбыўся 3 верасня 1944 года на месцы арганізаванага тут нацыстамі лагера смерці, дзе падчас Другой сусветнай вайны ад рук гітлераўцаў загінула больш за паўмільёна чалавек. У памятным мерапрыемстве узялі ўдзел прадстаўнікі традыцыйных канфесій нашай краіны, у тым ліку і Каталіцкага Касцёла.
Арцыбіскуп Станеўскі звярнуўся з прамоваю да ўдзельнікаў мітынга-рэквіему ў памяць пра ахвяраў лагера смерці ў Трасцянцы.
«У год, калі наша Айчына святкуе 80-годдзе вызвалення ад захопнікаў; у год, калі мы зноў вучымся вялікай адвазе і патрыятызму ад нашых продкаў, што сталі на абарону свайго жыцця і нашага сёння, мы <…> дакранаемся да раны нашага народа — раны якая ніколі не зажыве, бо гэта рана смерці. <…>
У сённяшні дзень памяці і малітвы мы нібыта нанава чуем трасцянецкі звон, у якім разам зліліся дзіцячыя крыкі, мацярынскі плач і горкі бацькаўскі смутак мільёнаў беларусаў, якія пазналі нечалавечыя пакуты, але незаваяваныя і непераможаныя», — сазаў Старшыня каталіцкага епіскапату Беларусі. Ён дадаў, што спазнаць чалавечую веліч, чалавечыя радасці і смутак, а таксама сваё месца на зямлі і сваё пакліканне можна толькі з Хрыстом і каля Хрыстовага крыжа ў ззянні Яго Уваскрасення.
«Мы сёння молімся за тых хто аддаў сваё жыццё за нас. Мы хочам, каб тыя, што памерлі, жылі вечна ў Валадарстве Хрыста, дзе няма ні плачу, ані болю. Молімся за іх аб узнагародзе жыцця вечнага, каб тыя, што не спазналі любові на зямлі, былі суцешаныя Любоўю Божай у вечнасці.
Молімся аб супакоі на зямлі; за тых, ад каго залежыць, каб не будзіць дзяцей гулам танкаў, каб працы хлебароба не перашкаджаў свіст ракет», — заахвоціў да малітвы на заканчэнне сваёй прамовы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.