Пошук

27.11.2018 18:24   Ілья Лапато / Catholic.by
кс. Вінцэнт Гадлеўскі

Ксёндз Юрый Санько, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, у сваім акаўнце ў сацыяльных сетках апублікаваў фотаздымкі з рэстаўрацыі крыжа ў гонар кс. Вінцэнта Гадлеўскага.

Крыж быў усталяваны на месцы расстрэлу святара ва ўрочышчы Благоўшчына (Малы Трасцянец) пад Мінскам у снежні 2008 года. Праз два гады яго аздобілі мастацкімі элементамі.

Цяпер крыж рэстаўруюць, пасля чаго ён будзе змешчаны на цвінтары перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха).

Чаму крыж не вернецца ў Благоўшчыну?

Як расказаў член культурна-асветніцкага клуба «Спадчына» Уладзімір Раманоўскі, які займаецца лёсам «крыжа кс. Гадлеўскаму», крыж знік з Благоўшчыны ў чэрвені 2018 г. напярэдадні адкрыцця мемарыяла ахвярам нацызму.

Урочышча Благоўшчына — месца, дзе нацысты расстрэльвалі яўрэяў з мінскага гета, а таксама дэпартаваных з Заходняй Еўропы, зняволеных мінскіх турмаў і мірных жыхароў.

Тут загінула каля 150 тысяч чалавек, аднак палічыць дакладную колькасць ахвяраў, а тым больш назваць іх імёны складана: нацысты зрабілі ўсё, каб схаваць сляды сваіх злачынстваў.

«Крыж стаяў у некалькіх метрах ад мемарыяла, — расказвае Уладзімір. — Да апошняга яго хацелі пакінуць, але затым усё ж прыбралі. Мінгарвыканкам часова перадаў крыж каталіцкай парафіі на Залатой Горцы.

Архітэктары мемарыялу, з якімі я размаўляў, адзначылі, што мемарыял яшчэ недабудаваны і невядома, як бы крыж упісаўся ў комплекс. Таму мы прынялі рашэнне пакінуць крыж на Залатой Горцы, дзе яго ўсталююць на тэрыторыі касцёла св. Роха. Там яму будзе належная пашана».

«Гадлеўскага расстралялі 24 снежня 1942 года»

Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў адным са стваральнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

«Ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага арыштавалі ў мінскім Чырвоным касцёле. Гэта адбылося акурат у вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 1942 года. У гэты ж дзень яго і расстралялі», — расказаў у каментарыі Catholic.by кс. Юрый Санько.

Святар дадаў, што рэстаўрацыя крыжа і шыльды, прымацаванай да яго, будуць адбывацца асобна. Рэстаўрацыяй займаюцца мастакі Алесь Цыркуноў і Элан Лыскоў.

Паводле слоў Уладзіміра Раманоўскага, ідэя ўсталяваць крыж у Благоўшчыне належала спачыламу Анатолю Беламу — былому кіраўніку клуба «Спадчына».

Ажыццявіць задуманае атрымалася ў снежні 2008 года, у тым жа месяцы крыж благаславілі. У снежні 2010 мастак Алесь Цыркуноў змайстраваў скульптурнае аздабленне для крыжа.

У лютым 2018 года ў выдавецтве «Янушкевіч» свет пабачыла асобная кніга пра кс. Вінцэнта Гадлеўскага, якую напісаў гісторык з Гродна Алесь Вашкевіч.

Абноўлена 27.11.2018 23:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця