2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, працэсію па Кальварыйскіх могілках узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
На чале з арцыпастырам, Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам, ксяндзом Юрыем Ясевічам і пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксяндзом Андрэем Сіповічам вернікі розных парафій Мінска прайшлі ў працэсіі па найстарэйшаму з ацалелых каталіцкіх некропаляў у сталіцы, узгадваючы ў малітве памерлых святароў, бацькоў і продкаў, сваякоў і дабрадзеяў, ахвяраў войнаў і загінулых у катастрофах, а таксама ўсіх памерлых і церпячых у чыстцы.
Пасля заканчэння працэсіі арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле.
На пачатку Эўхарыстыі іерарх расказаў пра гісторыю стварэння Мінскай дыяцэзіі і яе рэарганізацыі ў Мінска-Магілёўскую. Ён падкрэсліў, як важна цяпер, у Год гістарычнай памяці, успомніць тых, хто пабудаваў касцёл на Кальварыі.
«Ён пабудаваны нашымі продкамі, каб тут, у гэтай святыні, мы маглі ўзносіць малітвы. І сёння мы ім удзячныя. Дай Бог, каб было так заўсёды», — выказаў надзею арцыпастыр.
У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на прамінальнасці зямного жыцця. «Літургія Касцёла нагадвае, што кожны з нас аднойчы будзе пакліканы Богам прайсці праз браму смерці. Смерць прыходзіць нечакана. Ніхто не задумваецца, калі скончыцца жыццё. А яно скончыцца, і зямны шлях чалавека — колькі б ён ні працягваўся, — гэта час падрыхтоўкі да вечнасці, пошук Бога», — заўважыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што паводле вучэння Касцёла паміж зямным жыццём і вечнай хвалой у Небе «знаходзіцца чысцец, які з’яўляецца апошнім сродкам ачышчэння».
«Існаванне чыстца з’яўляецца заклікам да жывых праяўляць міласэрнасць да памерлых, якія пакутуюць ад тугі па Небе», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі, нагадаўшы, што формамі дапамогі чыстцовым душам з’яўляецца святая Імша, супольныя і асабістыя малітвы, пост, міласціна, дабрыя ўчынкі, а таксама магчымасць атрымаць поўны адпуст за аднаго з памерлых кожны дзень на працягу актавы. Арцыпастыр заахвоціў удзельнікаў набажэнства карыстацца гэтай магчымасцю, якую дае вернікам Бог і Касцёл для таго, каб дапамагчы душам памерлых дасягнуць збаўлення.
«Урачыстасць усіх памерлых нагадвае, што ўсе людзі пакліканыя да жыцця адпаведнага і годнага Бога», — падкрэсліў іерарх, заклікаўшы быць шчырымі і сапраўднымі ў жыцці верай.
На заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў прысутным даваць добры прыклад веры і жыць у адпаведнасці з тым, чаму Бог вучыць нас праз свой Касцёл, каб быць сведкамі Яго праўды для ўсіх людзей.