Пошук

04.11.2022 10:10   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Яўген Занеўскі / Grodnensis.by

2 і 3 лістапада ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбыліся набажэнствы за ўсіх памерлых і асобна за памерлых святароў дыяцэзіі, якія ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, увечары 2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, іерарх цэлебраваў святую Імшу, на якой сабраліся шматлікія вернікі, каб памаліцца за сваіх блізкіх спачылых і за тых спачылых, пра якіх ужо ніхто не памятае.

У гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што сутнасцю гэтага дня з’яўляецца не смерць, а надзея на тое, што нават смерць не азначае канца ўсяго.

Біскуп дадаў, што гэтая надзея была дадзена нам з уваскрасеннем Езуса.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што кожны чалавек быў створаны для жыцця вечнага, для радасці прабывання разам з Богам. «Каб знайсці гэтую радасць, чалавек павінен дасягнуць святасці, значыць пазбавіцца ад усяго, што аддаляе яго ад Бога, і выправіць зло, якое ўчыніў», — сказаў біскуп.

Па словах іерарха, Пан у сваім Провідзе дае нам шмат нагодаў, каб узрастаць у святасці, у веры і любові да Яго, развіваць цноты і таленты, а таксама рабіць дабро бліжнім.

Біскуп нагадаў вернікам, што найвялікшы дар, які можна ахвяраваць чыстцовым душам, — гэта наша малітва.

«Замоўленая святая Імша, Ружанец, наведванне могілак, прамаўленне хоць бы адной малітвы будуць для іх найбольшым выразам нашай памяці і любові, бо дапамогуць навекі з’яднацца з міласэрным Богам», — дадаў іерарх.

Усім прысутным у святыні біскуп Кашкевіч пажадаў, каб сустрэча з Богам, калі настане гэтая хвіліна, была сустрэчай радаснай.

3 лістапада, у актаву малітваў за памерлых, у гродзенскай катэдральнай базыліцы адбылася святая Імша ў інтэнцыі спачылага духавенства Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельнікі маліліся за памерлых святароў, якія служылі на тэрыторыі дыяцэзіі.

На Эўхарыстыі сабраліся канонікі катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, іншыя святары, сёстры законныя, а таксама вернікі, якія сваёй малітвай хацелі выказаць удзячнасць за дабро, спазнанае ў жыцці ад духоўных асобаў.

Як паведамляе Прэс-служба дыяцэзіі, літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся ксёндз Уладзіслаў Малышка, малады святар, які нядаўна прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і цяпер нясе служэнне вікарыя ў катэдральнай парафіі.

Святар падкрэсліў, што трэба памятаць у малітве пра памерлых душпастыраў, якія з вялікай руплівасцю вялі людзей да Пана, удзялялі ім сакрамэнты і абвяшчалі Божае слова. Ён дадаў, што менавіта святары клапоцяцца пра ўзрастанне веры ў людзях і пра іх духоўнае развіццё.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч падзякаваў усім прысутным за дар супольнай малітвы і за памяць вернікаў пра спачылых святароў, якія прынеслі ім шмат дабра.

Для таго, каб гэтая памяць ніколі не згасала ў верным народзе, іерарх заклікаў асабліва памятаць пра тых руплівых душпастыраў, якія неслі служэнне на Гродзеншчыне ў цяжкія для абвяшчэння Евангелля часы.

Таксама, паколькі гэты дзень быў першым чацвяргом месяца — днём удзячнасці Богу за дар святарства і малітвы аб пакліканнях, — пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх маліцца ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця.

 

Абноўлена 04.11.2022 21:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця