Пошук

 
15.05.2020 13:11
Парадак навэнны: Малітва да Маці Божай Будслаўскай. Малітва на кожны дзень навэнны. Малітвы Ойча наш... Вітай, Марыя… Хвала Айцу... Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi . Малітва да Маці Божай Будслаўскай Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй. Просім Цябе, святая Марыя, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці дзяцей Божых. Заступіся за нас перад сваім Сынам, каб Ён выслухаў усе нашыя просьбы, якія згодныя з воляй Божай. Дапамажы нам, наша святая Пані, жыццём і малітваю яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, Апякункі нашай Айчыны. Першы дзень «Шчаслівыя ўбогія духам» (Мц 5, 3) Пане Езу Хрыстэ, які ўсіх убогіх духам назваў шчаслівымі! Ты ніколі не шукаў славы для сябе, але толькі дабра для чалавечых душаў, дзеля якіх Ты памёр на крыжы. Учыні, каб мы пасталелі ў духу Твайго вучэння. Няхай наша чалавечая годнасць вынікае з любові да Бога і любові да чалавека. Маці Божая Будслаўская! Ты з’яўляешся прыкладам любові і пакоры. Узбагачай нас Тваім духам сапраўднага ўбоства. Маці і Настаўніца любові да Бога і бліжняга, маліся за нас. Другі дзень «Шчаслівыя засмучаныя» (Мц 5, 4) Пане Езу Хрыстэ, Ты плакаў, калі страціў свайго сябра Лазара, плакаў над лёсам Ерузалема, Ты вучыш нас, што тыя, хто шчыра плача, шчаслівыя і будуць суцешаныя! Дзякуем Табе за тое, што Ты абараняеш слабых. Маці Божая Будслаўская! Мы глядзім на Твой цудадзейны абраз і ад Тваёй ласкавасці спазнаём суцяшэнне. Нас умацоўвае Твой поўны любові позірк. Улі ў сэрцы тых, хто смуткуе і плача, бальзам Тваёй дабрыні. Суцеш і асушы слёзы ўсіх, хто смуткуе і знаходзіцца ў адчаі. Маці суцяшэння, маліся за нас. Трэці дзень «Шчаслівыя лагодныя» (Мц 5, 5) Езу, ціхі і пакорны сэрцам, сваім прыкладам і вучэннем Ты пацвярджаеш, што годнасць чалавека грунтуецца не на прызнанні яго знешніх якасцяў, а на яго ўнутраных і нябачных вартасцях. Мы верым, што толькі Ты, Божа, ведаеш чалавечыя сэрцы і ўзнагароджваеш за нябачнае для чалавечых вачэй. Маці Божая Будслаўская! Пакорная слуга Пана, навучы нас бачыць чалавечнасць у бліжнім. Дапамажы нам зразумець, што веліч заключаецца не ў славе, не ў пахвале і не ў грамадскім прызнанні, а ў радасці, угрунтаванай на ціхім служэнні Богу і бліжняму. Марыя, пакорная і лагодная Слуга Пана, маліся за нас. Чацвёрты дзень «Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці» (Мц 5, 6) Пане Езу Хрыстэ, асвяці наш розум, каб мы не толькі патрабавалі справядлівасці, але таксама ўмелі прытрымлівацца яе самі. Няхай дар любові, які зыходзіць на нас з вышыні Твайго крыжа, учыніць нас сапраўднымі хрысціянамі. Маці Божая Будслаўская, Люстра справядлівасці, Настаўніца любові! Ты глядзіш на нас позіркам, поўным любові. Выпрасі, каб мы напоўніліся духам справядлівасці і любові, каб нашыя ўчынкі ніколі не былі прычынаю несправядлівасці для бліжніх. Люстра справядлівасці, маліся за нас. Пяты дзень «Шчаслівыя міласэрныя» (Мц 5, 7) Пане Езу Хрыстэ! Cваім вучэннем і ўласным жыццём Ты абвясціў, што ў свеце, у якім мы жывём, існуе любоў. Любоў сутыкнулася з цярпеннем. На крыжы Ты прамовіў словы: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). Гэта было ўкаранаваннем Твайго вучэння аб міласэрнасці. Маці Божая Будслаўская, Маці міласэрнасці, Ты асаблівым чынам набліжаеш людзей да любові, якую абвясціў Твой Сын. Менавіта да Цябе звяртаюцца людзі са сваімі просьбамі, якія Ты цярпліва выслухоўваеш. Маці Міласэрнасці, будзь заўсёды з намі ў кожнай нашай патрэбе, асабліва калі нам патрэбны любоў і міласэрнасць. Маці Міласэрнасці, маліся за нас. Шосты дзень «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» (Мц 5, 8) Пане Езу Хрыстэ! Ты ведаеш чалавечыя цярпенні, бо сам зведаў цярпенні на крыжы! Тваё чыстае Сэрца было прабіта дзідаю. Мы верым, што Ты шырока адчыняеш браму неба для ўсіх людзей, чыстых сэрцам. Правядзі і нас у гэтую браму. Маці Божая Будслаўская! Панна Беззаганная, дапамажы нам, каб мы заўсёды адчувалі агіду да граху і не паддаваліся спакусам. Усёй сілаю свайго духу мы прагнем мець чыстыя сэрцы, каб споўнілася ў нас абяцанне Твайго Сына, што ў вечнасці мы ўбачым Пана Бога нашага. Панна Беззаганная, маліся за нас. Сёмы дзень «Шчаслівыя міратворцы» (Мц 5, 9) Пане Езу Хрыстэ! Ты назваў сынамі Божымі тых, хто прыносіць супакой. Супакой людзям добрай волі абвяшчалі пры Тваім нараджэнні анёлы. У сваіх развітальных словах Ты перадаў нам свой супакой, «не так, як дае свет» (пар. Ян 14, 27). Учыні нас руплівымі вестунамі і носьбітамі Твайго супакою. Маці Божая Будслаўская! Каралева супакою, навучы нас разумець, што сапраўдны Хрыстовы супакой дасягаецца любоўю і дабрынёй; што супакой Хрыста робіць чалавека шчаслівым тут, на зямлі, і вядзе да шчаслівай вечнасці. Улі ў нашыя сэрцы радасць супакою. Каралева супакою, маліся за нас. Восьмы дзень «Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць» (Мц 5, 10) Пане Езу Хрыстэ, які цярпеў за нас на крыжы! Дзякуем Табе за тое, што Ты надаў цярпенню вялікую вартасць. З моманту балесных падзей на Галгоце Касцёл жыве плёнам Тваёй Мукі. На працягу двух тысячагоддзяў існавання Касцёла незлічоныя шэрагі Тваіх вучняў праз ахвяраванне ўласнага жыцця за веру пацвердзілі Праўду, якой Ты з’яўляешся для нас. Просім Цябе аб ласцы адвагі жыць у Праўдзе і дзеля Праўды. Маці Божая Будслаўская, Каралева мучанікаў! Пад крыжам на Галгоце Ты цярпела разам са сваім Сынам. Сёння Ты – Маці Касцёла. Гэты Касцёл акроплены крывёю мучанікаў. Прывядзі ўсіх пераследаваных да Неба, «бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 10). Маці Божая Балесная, маліся за нас. Дзявяты дзень «Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне» (Мц 5, 11) Пане Езу Хрыстэ! Твой цярновы вянок прынёс боль не толькі ад увагнаных у скроні церняў; невыносныя цярпенні Ты спазнаў і з блюзнерства над Тваім Валадарствам. Умацуй у веры ўсіх тых, каго за веру высмейваюць іншыя. Дай ім сілу вытрываць да канца. Няхай усе зразумеюць, што Евангелле абвяшчае любоў таксама і тым, хто здзекуецца з нас. Маці Божая Будслаўская, Каралева ўсіх святых! Абараняй душы ўсіх дзяцей, якія выхоўваюцца сярод нападак і здзекаў над нашай верай. Няхай у сэрцах маладых людзей і ў нашых уласных сэрцах расквітнеюць дабрыня і высакароднасць. Няхай развіваецца і ўмацоўваецца Касцёл, для якога Ты – найлепшая Маці. Маці Сына, які цярпеў і над якім насміхаліся, маліся за нас.
18.05.2021 12:07
Апостальскі ліст у форме «MOTU PROPRIO» Найвышэйшага Пантыфіка ФРАНЦІШКА ANTIQUUM MINISTERIUM у якім ён устанаўлівае паслугу катэхета 1. Паслуга катэхета ў Касцёле вельмі старажытная. Тэолагі згодна сцвярджаюць, што пра першых катэхетаў ідзе гаворка ўжо на старонках Новага Запавету. Служэнне навучання бярэ пачатак ад «настаўнікаў», пра якіх згадвае Апостал, калі піша ліст да супольнасці ў Карынце: «Адных Бог паставiў у Касцёле найперш апосталамi, другіх – прарокамi, трэцiх – настаўнікамі, потым даў моц, потым – дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы. Цi ўсе апосталы? Цi ўсе прарокi? Цi ўсе настаўнікі? Цi ўсе цудатворцы? Цi ўсе маюць дар аздараўлення? Цi ўсе гавораць мовамi? Цi ўсе тлумачаць? Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях» ( 1 Кар 12, 28-31). Таксама Лука распачынае сваё Евангелле сведчаннем: «…вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны» ( Лк 1, 3-4). Евангеліст добра ведае, што яго пісанне парапануе адмысловую форму навучання, якая сапраўды дадае сілы і вытрываласць тым, хто ўжо атрымаў хрост. Апостал Павел зноў вяртаецца да гэтага аргумента, калі наказвае Галатам: «Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае» ( Гал 6, 6). Як можна заўважыць, тэкст дадае адну істотную дэталь: еднасць жыцця як знак плённасці атрыманай сапраўднай катэхезы. 2. Ужо з самага пачатку хрысціянская супольнасць мае досвед распаўсюджанай формы паслугі, якая больш канкрэтна выяўлялася ў служэнні мужчын і жанчын, якія, паслухмяныя дзеянню Духа Святога, прысвяцілі сваё жыццё справе будавання Касцёла. Харызмы, якія Дух ніколі не пераставаў удзяляць ахрышчаным, набывалі ў пэўныя моманты бачную і канкрэтную форму, скіраваную на служэнне хрысціянскай супольнасці ў яе розных праявах такім чынам, што яна была прынятая як diakonia неабходная для супольнасці. Апостал Павел аўтарытэтна раз’ясняе гэта, калі заяўляе: «Розныя ёсць дары, але той самы Дух. Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць. Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому – слова пазнання паводле таго самага Духа; іншаму – вера ў тым самым Духу; іншаму – дар аздараўлення ў тым жа Духу; іншаму – моц чыніць цуды, іншаму – прароцтва, іншаму – распазнаванне духаў, іншаму – розныя мовы, іншаму – тлумачэнне моваў. А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае» ( 1 Кар 12, 4-11). Таму ў межах вялікай харызматычнай традыцыі Новага Запавету можна заўважыць рэальную прысутнасць ахрышчаных, якія выконвалі паслугу перадачы навучання Апосталаў і Евангелістаў у больш арганічнай, працяглай форме, звязанай з рознымі абставінамі жыцця (пар. Другі Ват. Сабор, Дагм. канстыт. Dei Verbum , 8). Касцёл пажадаў прызнаць гэтае служэнне, як канкрэтную праяву асабістай харызмы, якая ў немалой ступені спрыяе выкананню яго евангелізацыйнай місіі. Гэты погляд на жыццё першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія ўключыліся ў абвяшчэнне і распаўсюджванне Евангелля, і ў нашы дні заахвочвае Касцёл ацаніць магчымыя новыя спосабы захавання вернасці слову Пана, каб Яго Евангелле магло дасягнуць кожнае стварэнне. 3. Уся гісторыя евангелізацыі за апошнія два тысячагоддзі паказвае вельмі выразна, наколькі плённай была місія катэхетаў. Біскупы, прэзбітэры і дыяканы разам з многімі мужчынамі і кансэкраванымі жанчынамі прысвячалі сваё жыццё катэхетычнаму навучанню, каб вера стала сапраўднай падтрымкай для асабістага існавання кожнай чалавечай істоты. Яшчэ іншыя збіралі вакол сябе наступных братоў і сясцёр, якія, маючы тую самую харызму, заснавалі законныя супольнасці для выключнага служэння катэхезе. Нельга забыць незлічоную колькасць свецкіх, якія прынялі непасрэдны ўдзел у пашырэнні Евангелля праз катэхетычнае навучанне. Мужчыны і жанчыны, праўдзівыя сведкі святасці, напоўненыя вялікай вераю, у некаторых выпадках былі таксама заснавальнікамі Касцёлаў, ахвяруючы нават сваё жыццё. Таксама ў наш час, шмат здольных і вытрывалых катэхетаў стаіць начале супольнасцяў у розных рэгіёнах i выконвае незаменную місію перадачы і паглыблення веры. Вялікі шэраг катэхетаў благаслаўлёных, святых і мучанікаў паспрыяў развіццю місіі Касцёла і заслугоўвае прызнання, бо з’яўляецца багатай крыніцай не толькі для катэхезы, але для ўсёй гісторыі хрысціянскай духоўнасці. 4. Пачынаючы з Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл нанова адчуў значэнне ўдзелу свецкіх у справе евангелізацыі. Айцы сабору неаднаразова сцвярджалі, наколькі неабходны для «plantatio Ecclesiae» i для развіцця хрысціянкай супольнасці непасрэдны ўдзел свецкіх вернікаў у розных формах дзейнасці, у якіх можа выявіцца іх харызма. «Годны пахвалы таксама атрад катэхетаў, што здабыў вельмі вялікія заслугі ў місійнай справе сярод народаў. Ён складаецца як з мужчын, так і жанчын, поўных апостальскага духу, якія дзякуючы сваёй вялікай працы сталі асаблівай і абсалютна неабходнай дапамогай у пашырэнні веры i Касцёла. У наш час, калі адчуваецца недахоп духавенства для евангелізацыі такой вялікай колькасці вернікаў i для пастырскага служэння, паслуга катэхетаў мае вялізнае значэнне» (Другі Ват. Сабор, Дэкр. Ad gentes , 17). Побач з багатым саборавым навучаннем абавязкова трэба згадаць пастаянную зацікаўленасць Папаў, Сіноду Біскупаў, Канферэнцый Біскупаў ды паасобных пастыраў, якія цягам гэтых дзесяцігоддзяў у значнай ступені спрычыніліся да адновы катэхезы. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла , Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae , Агульная катэхетычная інструкцыя , Агульны дырэктыўны дакумент па катэхізацыі , нядаўні Дырэктыўны дакумент па катэхізацыі разам з многімі нацыянальнымі, рэгіянальнымі і дыяцэзіяльнымі Катэхізісамі з’яўляюцца праяўленнем цэнтральнага значэння катэхетычнай справы, якая ставіць на першае месца навучанне, а таксама сталую фармацыю верных. 5. Ні ў чым не змяншаючы місіі біскупа, які з’яўляецца першым катэхетам сваёй дыяцэзіі разам з прэзбітэрыем, які падзяляе з ім той самы пастырскі клопат, а таксама адказнасці бацькоў у справе хрысціянскай фармацыі іх дзяцей (пар. ККП, кан. 774 §2; ККУК, кан. 618), неабходна прызнанне прысутнасці свецкіх, якія ў сілу сакрамэнту хросту адчуваюць сябе пакліканымі да катэхетычнага супрацоўніцтва (пар. ККП, кан. 225; ККУК, кан. 401 i 406). Гэтая прысутнасць становіцца яшчэ больш неабходнай у наш час з прычыны адноўленага ўсведамлення евангелізацыі ў сучасным свеце (пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium , 163-168), а таксама таму, што сучасная культура глабалізацыі мае значны ўплыў (пар. Энц. Fratelli tutti, 100.138) i таму патрабуе сапраўднага ўзаемадзеяння з моладдзю, не кажучы ўжо пра неабходнасць адпаведнай метадалогіі i творчых рэсурсаў, здольных прыстасаваць абвяшчэнне Евангелля да місійнай трансфармацыі, якую распачаў Касцёл. Вернасць мінуламу i адказнасць за сучаснасць ? гэта неабходныя ўмовы для выканання Касцёлам яго місіі ў свеце. Абуджэнне асабістага энтузіязму з боку кожнага ахрышчанага і жывое ўсведамленне імі ўласнага паклікання да выканання сваёй місіі ў супольнасці патрабуе ўслухоўвання ў голас Духа, які не пазбаўляе нас сваёй плённай прысутнасці (пар. ККП, кан. 774 §1; ККУК, кан. 617). Таксама сёння Дух заклікае мужчын і жанчын вырушыць у дарогу і сустракацца з усімі, хто чакае адкрыцця прыгажосці, дабра і праўды хрысціянскай веры. Задача пастыраў ‒ падтрымаць іх у гэтым працэсе і ўзбагаціць жыццё хрысціянскай супольнасці шляхам прызнання паслугі свецкіх, здольных унесці свой уклад у перамену грамадства праз пранікненне «хрысціянскіх каштоўнасцяў у грамадскі, палітычны і эканамічны свет» ( Evangelii gaudium , 102). 6. Апостальства свецкіх несумненна мае свецкі характар. Яно абавязвае «шукаць Божага Валадарства, займаючыся свецкімі справамі і кіруючы імі згодна з Божым намерам» (Другі Ват. Сабор, Дагм. канст. Lumen Gentium , 31). Штодзённае жыццё свецкіх саткана не толькі з сямейных адносінаў і повязяў, але і грамадскіх, якія дазваляюць праверыць, наколькі яны «пакліканы да таго, каб зрабіць Касцёл прысутным і дзейсным у такіх месцах і такіх абставінах, дзе толькі з іх дапамогай ён можа стаць соллю зямлі» ( Lumen Gentium , 33). Карысна памятаць, што акрамя гэтага апостальства, «свецкія могуць быць па-рознаму пакліканыя да больш канкрэтнага супрацоўніцтва з апостальствам іерархіі, на ўзор тых мужчын і жанчын, якія дапамагалі апосталу Паўлу ў абвяшчэнні Евангелля, шмат працуючы ў Пану» ( Lumen Gentium , 33). Роля, якую адыгрываюць катэхеты, ‒ адна з адмысловых формаў служэння ў хрысціянскай супольнасці. Катэхеты пакліканы ў першую чаргу для таго, каб паказаць сваю кампетэнтнасць ў пастырскім служэнні перадачы веры па меры яе развіцця на розных этапах: ад першага абвяшчэння, якое ўводзіць у керыгму , праз навучанне, якое дапамагае зразумець новае жыццё ў Хрысце і рыхтуе да сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічання, аж да пастаяннай фармацыі, якая дазваляе кожнаму ахрышчанаму быць «заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» ( 1 П 3, 15). У той жа час кожны катэхет павінен быць сведкам веры, настаўнікам і містагогам, прыяцелем і педагогам, які навучае ад імя Касцёла. Толькі дзякуючы малітве, вывучэнню і непасрэднаму ўдзелу ў жыцці супольнасці яны могуць узрастаць у гэтай ідэнтычнасці належным чынам і адказна (пар. Папская рада па новай евангелізацыі, Дырэктыўны дакумент па катэхізацыі , 113). 7. З вялікай дальнабачнасцю святы Павел VI выдаў Апостальскі ліст Ministeria quaedam з намерам не толькі адаптаваць паслугу лектара і паслугу акаліта да зменлівага гістарычнага часу (пар. Апост. ліст Spiritus Domini ), але і заахвоціць Канферэнцыі Біскупаў садзейнічаць развіццю іншых служэнняў, у тым ліку і катэхета. «У дадатак да паслуг, агульных для ўсяго Лацінскага Касцёла, нішто не перашкаджае Канферэнцыям Біскупаў звяртацца да Апостальскай Сталіцы з просьбай аб устанаўленні іншых служэнняў, якія па пэўных прычынах яны лічаць неабходнымі ці вельмі карыснымі ў сваім рэгіёне. Сярод іх, напрыклад, служэнне астыярыя, эгзарцыста і катэхета». Такое ж настойлівае запрашэнне можна знайсці ў Апостальскай адгартацыі Evangelii nuntiandi. Заклікаючы да ўмелага распазнавання сучасных патрэбаў хрысціянскай супольнасці ў вернай пераемнасці яе вытокаў, Папа заахвоціў да развіцця новых формаў служэння для адноўленай пастырскай дзейнасці. «Такія паслугі здаюцца чымсьці новым, але насамрэч яны цесна звязаныя з даўнім досведам Касцёла на працягу яго доўгай гісторыі, як, напрыклад, паслуга катэхета. […] Гэтыя паслугі вельмі каштоўныя пры заснаванні Касцёла, для яго жыцця і росту, а таксама для таго, каб ён меў большы ўплыў на наваколле і дасягнуў тых, хто знаходзіцца здалёк» (Св. Павел VI, Апост. адгарт. Evangelii nuntiandi , 73). Безумоўна, нельга адмаўляць, што «разуменне тоеснасці і місіі свецкай асобы ў Касцёле ўзрасло. Мы маем вялікую колькасць свецкіх, хоць і недастатковую, з моцным пачуццём супольнасці, якія з вялікай вернасцю ўдзельнічаюць у любові, катэхезе, цэлебрацыі веры» ( Evangelii gaudium , 102). Адсюль вынікае, што прыняцце свецкага служэння, такога як катэхет, яшчэ больш падкрэслівае ўдзел у місіі, уласцівы кожнаму ахрышчанаму чалавеку. Аднак гэты ўдзел павінен ажыццяўляцца цалкам у свецкай форме, без якога-небудзь праяўлення клерыкалізму. 8. Пакліканне мае вялікае значэнне для гэтай паслугі, пра што сведчыць абрад устанаўлення, таму патрабуе з боку біскупа належнай разважлівасці. Гэтая паслуга з’яўляецца сталай формай служэння мясцоваму Касцёлу ў адпаведнасці з пастырскімі патрэбамі, якія бачыць мясцовы ардынарый, але мае яна свецкі характар, згодна з самой сутнасцю гэтай паслугі. Добра, калі да ўстанаўленння паслугі катэхета пакліканы мужчыны і жанчыны з глыбокай верай і чалавечай сталасцю, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці хрысціянскай супольнасці, якія здольныя прымаць іншых, быць шчодрымі і жыць у братэрскай еднасці, якія маюць адпаведную біблійную, тэалагічную, пастырскую і педагагічную фармацыю, якія з’яўляюцца стараннымі прапаведнікамі праўды веры і маюць ужо папярэдні досвед катэхізацыі (пар. Другі Ват. Сабор, Дэкр. Christus Dominus , 14; ККП, кан. 231 §1; ККУК, кан. 409 §1). Вельмі важна, каб яны былі вернымі супрацоўнікамі прэзбітэраў і дыяканаў, гатовымі выконваць сваё служэнне там, дзе гэта неабходна, каб былі натхнёныя сапраўднай апостальскай руплівасцю. Таму, разгледзеўшы ўсе аспекты, сваёй апостальскай уладай устанаўліваю свецкую паслугу катэхета. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў у найбліжэйшы час апублікуе абрад устанаўлення паслугі свецкага катэхета. 9. Таму заклікаю Канферэнцыі Біскупаў зрабіць паслугу катэхета эфектыўнай, вызначыўшы неабходны працэс фармацыі і нарматыўныя крытэрыі, патрэбныя для атрымання гэтай паслугі, і распрацаваўшы найбольш прыдатныя формы служэння, якое гэтыя мужчыны і жанчыны будуць пакліканы выконваць у адпаведнасці са зместам гэтага Апостальскага ліста. 10. Сіноды Усходніх Касцёлаў ці Сходы іерархаў могуць прыняць тое, што ўстаноўлена тут для адпаведных Касцёлаў sui iuris , у адпаведнасці са сваім мясцовым правам. 11. Няхай пастыры прымаюць заахвочванні айцоў Сабору, якія прыгадвалі, што «пастыры ведаюць, што яны ўстаноўлены Хрыстом не для таго, каб узяць на сябе ўсю місію Касцёла ў збаўленні свету, але што іх ганаровым заданнем з’яўляецца такое ажыццяўленне пастырскай апекі над вернікамі і такое прызнанне іх паслуг і харызмаў, каб усе яны згодна, кожны па-свойму, працавалі на агульную справу» ( Lumen Gentium , 30 ). Няхай распазнаванне дароў, якія Дух Святы ніколі не перастае ўдзяляць Касцёлу, падтрымлівае іх у выкананні паслугі катэхета дзеля ўзрастання даручанай ім супольнасці (пар. Эф 4, 15-16). Загадваю, каб тое, што было прынята ў гэтым Апостальскім лісце, выдадзеным у форме «Motu Proprio», цалкам выконвалася, нягледзячы ні на якія супрацьлеглыя аргументы, нават калі яны вартыя асобнай увагі, каб было абнародавана праз публікацыю ў L’Osservatore Romano і ўступіла ў сілу ў той жа дзень, а пасля было апублікавана ў афіцыйным выданні Acta Apostolicae Sedis . Дадзена ў Рыме, у св. Яна на Латэране, 10 мая 2021 года, ва ўспамін св. Яна Авільскага, прэзбітэра i доктара Касцёла, у дзесяты год майго пантыфікату. Францішак
18.01.2014 18:55
Францішак Біскуп, Слуга Слугаў Божых Улюбёнаму Сыну Алегу Буткевічу, прэзбітэру дыяцэзіі Віцебскай, У якой трымае апеку над парафіяй Святога Антонія Падуанскага, Абранаму Біскупу гэтай жа Сталіцы Віцебскай, Вітанне і апостальскае благаслаўленне. Каб была адпаведна забяспечана катэдра віцебскага Касцёла, якая па прычыне адрачэння шаноўнага брата Уладзіслава Бліна знаходзіцца ў стане вакансу, ты, улюбёны Сыне, хвалебнымі здольнасцямі надзелены і ў святых рэчах дасведчаны, быў прызнаны адпаведным, каб ёю кіраваць.   І таму Мы, знаходзячыся на благаслаўлёнай Пятровай Сталіцы, у клопаце пра духоўнае дабро ўсяго статку Пана, найвышэйшай Апостальскай уладай, мянуем цябе біскупам Віцебскім, надзяляючы ўсімі правамі і абавязкамі. Дазваляем прыняць пасвячэнні ад якогакольвечы каталіцкага біскупа па-за горадам Рымам, адпаведна з літургічнымі нормамі. Але перад гэтым належыць табе скласці вызнанне каталіцкай веры, а таксама здзейсніць прысягу на вернасць Мне і Маім Наступцам паводле святых канонаў. Да таго ж даручаем, каб з гэтым лістом ты пазнаёміў духавенства і люд твой: якім просім, каб прынялі цябе з ахвотаю, і з табою заўсёды трывалі ў еднасці. Для цябе ж, улюбёны Сыне, праз заступніцтва благаслаўлёнай Панны Марыі і пасрэдніцтва святога Язафата, шчодрых дароў Духа Святога просім, каб з Яго дапамогай табе давераных верных ты мог пасвіць старанна, з развагай і пабожна ды “больш чынам, чым словам” (Св. Бэнэдыкт, Рэгула 2.12) Супакой Хрыста няхай будзе заўсёды з табою і з дыяцэзіяльнай віцебскай супольнасцю на дарагой Нам Беларусі. Дадзена ў Рыме, у Св. Пятра, дня трыццаць першага месяца лістапада, года Пана дзве тысячы трынаццатага, у першым годзе нашага Пантыфікату. Францішак
15.05.2020 12:59
Кірые элейсон,      Хрыстэ элейсон, Кірые элейсон. Хрыстэ, пачуй нас,      Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,      – змілуйся над намі. Сыне, Збаўца свету, Божа,      – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,      – змілуйся над намі. Святая Тройца, Адзіны Божа,      – змілуйся над намі. О Марыя, без граху зачатая,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Прыгажосць адзіная і бязгрэшная,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Святыня Найсвяцейшай Тройцы,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Зорка ранішняя, што ззяеш святлом справядлівасці,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Хвала Ізраэля, Імя якой поўнае слодычы і благаслаўлення,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Лілея, што расквітнела сярод церняў,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Залаты падсвечнік, упрыгожаны сямю дарамі Духа Святога,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Ахвяра ўсеспалення Божай любові,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Жывая Святыня ўцелаўлёнага Слова,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Маці Езуса, заўсёды Панна,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Хвала Касцёла Божага,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Прадказаная прарокамі,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Благаслаўлёная паміж жанчынамі,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Каралева Анёлаў і людзей,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Прытулак грэшных,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Падтрымка слабых,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Прыклад усіх выбраных да хвалы вечнай,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Давераная ласкаў Божых,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Суцяшальніца засмучаных і паміраючых,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Апякунка ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Найласкавейшая Маці для ўсіх Тваіх дзяцей,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Маці, якая стаяла пад крыжам,      – маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,      – даруй нам, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,      – выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,      – змілуйся над намі. Молімся: Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі падрыхтаваў годнае месца прабывання для свайго Сына, а праз будучыя заслугі смерці Хрыста захаваў Яе ад усялякага граху, дзякуючы Яе заступніцтву дазволь і нам прыйсці да Цябе з чыстым сэрцам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа