Пошук

01.04.2018 11:59   Catholic.by

Мінскі архікатэдральны касцёл, 1 красавіка 2018 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую са святам святаў – Пасхай Хрыстовай. Па вуліцах і плошчах нашых гарадоў і вёсак пад магутнае гучанне званоў ідуць традыцыйныя эўхарыстычныя працэсіі, на чале якіх знаходзіцца фігура ўваскрослага Езуса. Яны з’яўляюцца публічным вызнаннем нашай веры як ва ўваскрасенне Хрыста, так і ў Яго прысутнасць у Эўхарыстыі.

Праўда ўваскрасення – гэта галоўная праўда і падмурак нашай веры.

Кожны з нас добра ведае, што будаўніцтва дома распачынаецца з фундамента. Ён з’яўляецца вельмі важным, асабліва на нестабільным грунце. Ад яго залежыць уся канструкцыя дома.

Калі падмурак так важны пры будаўніцтве дома, то якім важным з’яўляецца тое, што павінна быць “падмуркам” нашага жыцця? Якім ён павінен быць? На чым павінен засноўвацца?

2. Сённяшняе свята Пасхі Хрыстовай традыцыйна называецца Вялікаднем. Чаму? Сама назва кажа аб тым, што ў гэты дзень адбылося нешта вельмі вялікае, важнае і фундаментальнае. Гэтым фундаментальным здарэннем з’яўляецца праўда ўваскрасення Езуса.

Пустая магіла, аб якой нагадвае Евангелле, – гэта знак, што Хрыстус перамог смерць. Менавіта таму факт уваскрасення з’яўляецца падмуркам нашай веры. На гэтым фундаменце засноўваецца ўсё хрысціянства, і на ім павінна засноўвацца жыццё кожнага хрысціяніна.

2. Мы добра ведаем гэтую праўду, але ведаць яшчэ не азначае ёю жыць.

Адзін малады бізнесмен мэтай свайго жыцця паставіў багацце. Усё, што ён рабіў, было толькі для таго, каб мець як мага большы прыбытак. Ён прымаў удзел у розных канферэнцыях і конкурсах. Усе свабодныя ўікэнды прысвячаў эканамічнаму ўдасканаленню і праблемам інвестыцый.

У гэтай заробкавай мітусні ён забыўся пра малітву, нядзельную Імшу, споведзь і іншыя рэлігійныя практыкі. Такім чынам, ён зусім аддаліўся ад Бога, хаця і быў вельмі паспяховым бізнесменам. Потым, аднак, здарыўся эканамічны крызіс, і ў адну хвіліну ён страціў амаль усё сваё багацце. Што стала прычынай роспачы, з-за якой ён не бачыў сэнсу жыцця.

Аднойчы ў такім стане яго застала жанчына, якая прыйшла прыбіраць яго працоўны кабінет. Яны пачалі размаўляць. У пэўны момант гэта простая жанчына спытала яго: “На якім фундаменце вы будавалі сваё жыццё? Ці не ведалі, што кар’ера і багацце – гэта далёка не ўсё? Вы ж хрысціянін”. Чалавек адказаў: “Я ведаў, што існуюць іншыя каштоўнасці, але самавольна аддаліўся ад іх”, – і расплакаўся.

3. Дарагія ўдзельнікі сённяшняга ўрачыстага набажэнства! На чым сучасны чалавек будуе сваё жыццё? На якіх каштоўнасцях? Сёння Хрыстус нас заклікае шчыра адказаць на гэтыя і падобныя пытанні. Праўдай з’яўляецца тое, што кожны чалавек на чымсьці будуе сваё жыццё. На чым? На багацці, імкненні да кар’еры, прыемнасцях, алкаголі, наркотыках? Ці ўсведамляем мы, што пастарэем, што можам захварэць, што можам страціць усё? І што тады?

4. Маючы перад вачыма вобраз будаўніцтва дома, мы ведаем, што, каб закласці фундамент, неабходна сысці ўніз, у катлаван. Усё гэта азначае, што найперш неабходна сысці ўніз, каб потым падымацца ўверх. Спачатку фундамент, а потым сцены.

Падобна і ў духоўным жыцці. Неабходна сысці ўніз, гэта азначае памерці для граху, каб разам з Хрыстом уваскрэснуць да новага жыцця з мэтай будаваць новыя сцены новага духоўнага жыцця.

У кожным з нас існуе корань першароднага граху. Ім з’яўляецца непаслухмянасць Богу. Мы ўсе хочам жыць у абсалютнай незалежнасці і самадастатковасці. Мы не хочам слухаць іншых. Мы думаем, што кожны з нас ведае лепш за іншых, часамі нават за самога Бога. У практыцы гэта выглядае так, што засноўваем сваё жыццё на кар’еры, багацці і да т.п. Мы лічым, што гэта той фундамент, на якім мы павінны будаваць наша жыццё.

На самой справе гэта не так. Гэта хлусня злога духа, які імкнецца пазбавіць нас трывалага фундаменту. Святы апостал Павел ясна вучыць, што хрысціянін павінен паміраць для граху, для свайго “я”, каб слухаць іншае “я”, якім ёсць Бог.

5. Уваходзячы ў смерць нашага “я”, мы спазнаём перамогу над самім сабой і над злом, якое пануе ў нас. Становімся новымі людзьмі, людзьмі ўваскрасення, у якіх жыве Хрыстус. Гэта новае жыццё ў Хрысце будзе трываць вечна, як вечна трывае Хрыстус.

Гэта тая праўда, з якой мы павінны выйсці з сённяшняга набажэнства. Таму сэнс святкавання Пасхі – гэта не толькі і не столькі асвячэнне яек і велікоднай ежы, не толькі святочны стол, нават не толькі ўдзел у святочным набажэнстве, але сапраўднае перамяненне нашага жыцця.

Яшчэ раз віншую вас са святам Уваскрасення Езуса. Жадаю благаслаўлення Уваскрослага, каб мы ўсе і наша краіна Беларусь будавалі наша жыццё на заўсёды моцным і незнішчальным фундаманце праўды ўваскрасення. Амэн.

Абноўлена 02.04.2018 12:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.