Лідскі гісторыка-мастацкі музей, 20 красавіка 2018 г.
Біблія – кніга веры
Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свету навукі і культуры, браты і сёстры!
1. У пралогу Евангелля паводле Яна, апостала і евангеліста, чытаем, што на пачатку было Слова (пар. Ян 1, 1). Гэтае Слова стала кнігай, якая называецца Бібліяй.
Старэйшае пакаленне вернікаў хрысціян розных канфесій добра памятае часы ганенняў, калі практычна не было магчымасці мець Святое Пісанне. У вёсцы Адэльск, што ў Гродзенскім раёне, дзе я нарадзіўся, людзі перадавалі адзін аднаму экзэмпляр Бібліі, як найбольш каштоўны дар, каб можна было пачытаць Божае слова.
Сёння розныя канфесіі і проста інтэлектуалы займаюцца перакладам Святога Пісання, і колькасць Біблій павялічваецца з дня на дзень. Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква, трымаюцца прынятых прынцыпаў, што пераклад павінен быць здзейснены афіцыйнай камісіяй і зацверджаны адпаведнай касцёльнай ці царкоўнай уладай.
Мінулы 2017 год, як год юбілею 500-годдзя выдання Бібліі нашага славутага земляка Францішка Скарыны, адзначыўся першым афіцыйным выданнем Новага Запавету на беларускай мове практычна адначасова як Каталіцкім Касцёлам, так і Праваслаўнай Царквой.
Тое, што мы, не дамаўляючыся паміж сабой, адначасова падрыхтавалі свае пераклады і іх выдалі, з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што нашы Цэрквы, як Цэрквы-сёстры, пад дзеяннем Святога Духа імкнуцца своечасова данесці да вернікаў заўсёды жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12) з мэтай будавання жыцця на евангельскіх каштоўнасцях.
2. Прэзентацыя каталіцкага і праваслаўнага выданняў Новага Запавету адбылася напрыканцы мінулага года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і выклікала шырокі і пазітыўны водгук не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.
1 лютага г.г. падчас візіту Ad limina беларускіх біскупаў у Ватыкан асобнік каталіцкага перакладу Новага Запавету быў уручаны папу Францішку.
Сёння ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адбываецца прэзентацыя гэтага выдання. Дзякую арганізатарам гэтага знакавага мерапрыемства, асабліва кіраўніцтву Лідскага раёна, музея і кс. каноніку Уладзіміру Гуляю.
3. Здзяйсняючы пераклад на беларускую мову Святога Пісання, Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква, не толькі вырашае свае праблемы з мэтай данесці Божае слова да шырокіх масаў насельніцтва, але і ўзбагачае беларускую культуру новай рэлігійнай і біблійнай тэрміналогіяй. Неабходна мець на ўвазе і тое, што беларуская тэалагічная, літургічная і біблійная мова яшчэ фарміруецца, таму здзейснены пераклад носіць творчы характар.
У сувязі з гэтым неабходна падкрэсліць вялікую і ахвярную працу Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якая за 15 гадоў здзейсніла гэты пераклад, за што ёй шчыра дзякую. Са словам удзячнасці звяртаюся таксама да галоўнага каталіцкага выдавецтва нашай краіны «Про Хрысто» за выданне гэтай кнігі.
Падобна як наш славуты зямляк Францішак Скарына пяць стагоддзяў таму падарыў нашаму народу Біблію на яго роднай мове, так Касцёл сёння дорыць сваім вернікам і ўсім зацікаўленым Новы Запавет на беларускай мове. Дзякуючы гэтаму Езус сёння можа прамаўляць да народа так, як прамаўляў 2000 гадоў таму.
4. Новы Запавет выдадзены! Але не дастаткова толькі яго набыць і паставіць на паліцу. Святое Пісанне неабходна чытаць і вывучаць, бо гэта кніга жыцця, кніга веры, кніга вечна жывога і дзейснага Божага слова (пар. Гбр 4, 12). Перакладчык Бібліі з грэчаскай мовы на лацінскую св. Геранім кажа, што той, хто не ведае Бібліі, не ведае і Хрыста (пар. https://www.verbum-christi.com/2017/07/16). А Хрыстус з’яўляецца адзіным Збаўцам свету ўчора, сёння і на ўсе часы (пар. Гбр 13, 8). Таму Біблія вядзе да збаўлення.
Як вада з’яўляецца крыніцай біялагічнага жыцця, таксама і Божае слова ёсць крыніцай духоўнага. Выдаючы Біблію, Касцёл вядзе людзей да гэтай крыніцы, з якой чалавек можа наталіць сваю духоўную смагу.
5. Першай кнігай у гісторыі чалавецтва з’яўляюцца дзве каменныя табліцы 10 Божых запаведзяў, якія Бог даў выбранаму народу праз Майсея.
Першай жа друкаванай кнігай, якую выдаў Іаган Гутэнберг у Германіі каля 1455 г., была кніга Бібліі, а не кніга па матэматыцы, фізіцы, хіміі, гісторыі і г.д. Гэтая дата традыцыйна лічыцца пунктам адліку для кнігадрукавання ў Еўропе.
Подзвіг Гутэнберга ў 1517 г. паўтарыў усходнеславянскі першадрукар Францішак Скарына. Будучы доктарам медыцыны, ён выдаў першую кнігу не пра лячэнне чалавечага цела, але пра лячэнне яго душы.
Як бачна, усе першыя ў гісторыі чалавецтва кнігі з’яўляюцца кнігамі, у якіх Бог прамаўляе да чалавека.
6. Беларусь належыць да супольнасці славянскіх народаў. Слова «славянін» паходзіць ад «слова». Гэты факт лагічна вядзе да высновы, што славянін павінен быць чалавекам Божага слова. А такім ён стане, калі будзе імкнуцца да поўнага яго адкрыцця праз чытанне і вывучэнне Бібліі, што, у сваю чаргу, з’яўляецца ўмовай духоўнага адраджэння і ўмацавання веры.
Каб заспакоіць голад, не дастаткова толькі купіць хлеб і пакласці яго на стол. Хлеб неабходна з’есці. Таксама і для заспакаення духоўнага голаду неабходна пазнаваць і прымаць Божае слова.
Выказваю надзею, што здзейснены пераклад Новага Запавету і яго сённяшняя прэзентацыя будуць спрыяць таму, што вядомыя сваімі моцнымі хрысціянскімі традыцыямі жыхары г. Ліды і Лідчыны стануць новым стымулам да больш дасканалага вывучэння Святога Пісання, як кнігі веры, каб у штодзённым жыцці быць сапраўднымі людзьмі Божага слова, якое ўсіх нас аб’ядноўвае.
7. Карыстаючыся нагодай, хачу перадаць Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею і Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы па асобніку Новага Запавету. Няхай багатая калекцыя музея папоўніцца яшчэ адным духоўным экспанатам – каталіцкім выданнем Новага Запавету на сучаснай беларускай мове. Яго тэксты напісаны 2000 гадоў і таму з’яўляюцца гістарычнымі. Лагічна, каб іх месца таксама было ў музеі.
Аднак на музей нельга глядзець толькі як на гісторыю. Як вядома, гісторыя з’яўляецца маці-настаўніцай і вучыць нас жыццю. Падобным у духоўным сэнсе з’яўляецца і функцыя заўсёды жывога і дзейснага Божага слова (пар. Гбр 4, 12). Таму яно не толькі гістарычнае, але і сучаснае.
Вельмі сімвалічна, што на прэзентацыі прысутнічаюць прадстаўнікі Лідскай раённай бібліятэкі. Усе мы карыстаемся бібліятэкай, але, магчыма, не задумваемся над тым, што слова «бібліятэка» паходзіць ад «Біблія». Так што, хочам мы гэтага ці не, з’яўляемся веруючымі ці не, але, ідучы ў бібліятэку, мы павінны памятаць аб тым, што яе першаснае заданне – даваць магчымасць людзям пазнаць Біблію, якая вядзе да Бога.
Яшчэ не так даўно ў бібліятэцы мы шукалі мастацкіх, гістарычных, навуковых і інш. кніг. Сёння Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы ўзбагачаецца кнігай Новага Запавету, які разам з Традыцыяй з’яўляецца крыніцай нашай хрысціянскай веры.
Сённяшняя прэзентацыя, як і тая, якая адбылася раней, – гэта знак нашага часу і знак адкрытасці беларускага грамадства на справы духоўнасці, з мэтай будаваць будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях.
Дзякую за ўвагу.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: