Пошук

29.04.2018 22:57   Catholic.by

Гродна, 29 красавіка 2018 г.

Дарагая моладзь,
я рады бачыць вас, з’яднаных у малітве хвалы і ў сведчанні пра вашу веру і любоў да Бога перад аднагодкамі і ўсім грамадствам. Цудоўна бачыць вашу еднасць у добрым. Кожны чалавек шукае ў жыцці еднасць. Шчаслівы чалавек, які яе знаходзіць: чые думкі, словы і справы ствараюць адзіны блок і не маюць ніякай супярэчнасці.

У маёй гаміліі я пастараюся дапамагчы вам убачыць еднасць паміж словамі сённяшняга Евангелля і тэмай, над якой у гэтыя дні вы разважаеце, скіроўваючы погляды на нашу Нябесную Маці Марыю.

«Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне». Дарагія сябры, у гэты Велікодны час Касцёл прапануе нам задумацца над некаторымі ўрыўкамі з доўгай прамовы Езуса пасля Апошняй Вячэры, перад пачаткам мукі.

Сітуацыя або духоўны стан, у якім у той момант знаходзіліся апосталы, з пэўнага пункту гледжання нагадвае нашу. Ім было вядома або яны ўжо падазравалі, што гэты незвычайны, унікальны час у кампаніі з Езусам хутка скончыцца, і пыталіся з непакоем: як мы будзем жыць без Езуса? Наш стан падобны. Мы не бачым Езуса, не можам пачуць Яго голас, убачыць Яго справы. Ці гэта азначае, што мы засталіся сіротамі? Евангелле дае адказ на гэтае пытанне.

Езус, адышоўшы да Айца, не пакінуў нас, хоць стаўся для нас нябачным. Фізічна мы не бачым Яго каля сябе, аднак Ён жыве ўнутры нас. Ён жыве ў нашых сэрцах праз веру, Ён жыве ў нас праз свайго Духа. Што ж нам трэба рабіць, каб цешыцца Яго прысутнасцю і жыць з Ім? Гэта проста. Калі Езус жыве ў нас, мы павінны заставацца ў Ім: «Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас». І тут – увага: Езус так хоча і так вырашыў – застацца ў нас. І Ён ніколі не змяняе сваіх рашэнняў. Цяпер залежыць ад нас: застацца ў Ім ці не, дазволіць Яму жыць у нас ці не.

Але што азначае «заставацца ў Езусе»? Гэта значыць – трываць у веры, якая ў сваю чаргу ўмацоўваецца праз пастаяннае і ўважлівае слуханне Божага слова. Гэта значыць – выконваць патрабаванні веры, а ўсе яны змяшчаюцца ў запаведзі любові да Бога і бліжніх. Калі мы застанемся ў Хрысце, Ён будзе жыць у нас і стане тым, чым з’яўляецца лаза для галінак: жыццёвым прынцыпам, натхненнем, прычынай, сэнсам усяго нашага жыцця, нашых выбараў. І тады мы зможам сказаць услед за святым Паўлам: « І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2, 20). Як галінка без лазы засыхае, не прыносячы ніякіх пладоў, так і кожны з нас, калі не будзе трываць у Хрысце, не зможа прынесці ніякіх пладоў справядлівасці, супакою, любові.

Звярніце ўвагу на тое, што кажа Езус, калі супрацьпастаўляе «багаты плён» тых, хто застаецца ў Ім, і «нічога» тых, хто жыве без Яго. І тут няма так званай залатой сярэдзіны: ёсць альбо «багаты плён», альбо «нічога». Малое дзіця, якое жыве з Езусам, сваімі, здавалася б, невялікімі учынкамі прыносіць багаты плён. А справы дарослага чалавека, які жыве без Бога, пустыя, хоць, можа, іншыя і захапляюцца іх знешняй веліччу.

Дарагія сябры, тэма сёлетніх Дзён моладзі – «Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай». Менавіта з упэўненасці ў тым, што Божая ласка – з намі, нараджаецца мужнасць: мужнасць, каб здзейсніць тое, што Бог патрабуе ад нас тут і цяпер, у кожнай сферы нашага жыцця; мужнасць, каб прыняць пакліканне, якое Бог нам паказвае; мужнасць, каб жыць верай, не хаваючы яе і не змяншаючы яе.

Калі мы адкрываемся на Божую ласку, немагчымае становіцца магчымым. «Калі Бог за нас, хто супраць нас?» (Рым 8, 31). Божая ласка закранае вашае «сёння», дакранаецца да вас з усімі вашымі страхамі і абмежаваннямі і раскрывае перад вамі цудоўныя Божыя планы!

Папа Францішак, звяртаючыся да моладзі, сказаў: «Вы маеце патрэбу ў тым, каб адчуць, што хтосьці сапраўды верыць у вас». Дык ведайце, што Папа верыць у вас, што Касцёл верыць у вас! І вы даверцеся Касцёлу! Дарагія маладыя сябры, Касцёл у Беларусі верыць у вас!

Марыя таксама была зусім маладая, калі Бог даручыў Ёй такое важнае заданне. Сёння гэта вы – поўныя сілы і энергіі. Выкарыстайце гэтую сілу і гэтую энергію, каб палепшыць свет, пачынаючы з вашага асяроддзя. Марыя, даверыўшыся Божай любові, засталася вернай да канца свайму асабістаму заданню і такім чынам прыняла ўдзел у збаўленні ўсяго чалавецтва. Бог для кожнага з вас мае асабістае заданне і цудоўны план любові. І той, хто зашчэпіць сваё жыццё ў Божы план любові, паступова ўбачыць не толькі спаўненне сваіх мараў, але, безумоўна, яшчэ больш – убачыць вялікія Божыя справы ў сваім жыцці.

Папа звяртае вашу асаблівую ўвагу на прыклад Марыі: «Запрашаю вас паразважаць пра любоў Марыі, – кажа ён. – Яе любоў клапатлівая, дынамічная, канкрэтная. Любоў, поўная адвагі і накіраваная ў дар па-за сябе. Касцёл, прасякнуты гэтымі марыйнымі якасцямі, заўсёды будзе Касцёлам на выхадзе, будзе выходзіць за рамкі сваіх абмежаванняў і граніцаў, каб пераліваць атрыманыя ласкі на іншых. Калі мы дазволім заразіць сябе прыкладам Марыі, то зможам жыць той канкрэтнай любоўю, якая заклікае нас любіць Бога больш за ўсё і больш за саміх сябе і любіць людзей, з якімі мы падзяляем нашае штодзённае жыццё. Мы зможам любіць нават тых, каго ўвогуле любіць цяжка. Гэта любоў стане служэннем і пасвячэннем, асабліва для слабых і бедных, яна пераменіць нашы твары і напоўніць нас радасцю».

Дарагая моладзь, як моцна прыклад Марыі і выслуханы ўрывак з Евангелля адпавядаюць вашаму стану жыцця! У пэўным сэнсе яны складаюць аснову вашых разважанняў і пошукаў.

Хрыстус прыйшоў, каб пасяліцца ў вашых сэрцах. Ён увайшоў у ваша жыццё, як гэта здарылася з Марыяй! Калі вы застанецеся ў Ім, Ён сам зробіць так, каб у вашых сэрцах і з вашых сэрцаў вырас плод братэрскай любові; але калі вы не застанецеся ў Ім, ваша жыццё будзе паступова сапсаванае вашым жа эгаізмам.

Памолімся з Касцёлам, каб Айцец прышчапіў вас, як галіны, да вінаграднай лазы, каб дзякуючы сапраўднай любові адзін да аднаго вы сталі першым плёнам адроджанага чалавецтва. Хто трывае ў Хрысце, той прыносіць багаты плён. Амэн.

Абноўлена 30.04.2018 16:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця