Пошук


Парадак навэнны:

  1. Малітва да Маці Божай Будслаўскай.
  2. Малітва на кожны дзень навэнны.
  3. Малітвы Ойча наш... Вітай, Марыя… Хвала Айцу...
  4. Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi.


Малітва да Маці Божай Будслаўскай

Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй.

Просім Цябе, святая Марыя, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці дзяцей Божых. Заступіся за нас перад сваім Сынам, каб Ён выслухаў усе нашыя просьбы, якія згодныя з воляй Божай.

Дапамажы нам, наша святая Пані, жыццём і малітваю яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, Апякункі нашай Айчыны.


Першы дзень

«Шчаслівыя ўбогія духам» (Мц 5, 3)

Пане Езу Хрыстэ, які ўсіх убогіх духам назваў шчаслівымі! Ты ніколі не шукаў славы для сябе, але толькі дабра для чалавечых душаў, дзеля якіх Ты памёр на крыжы. Учыні, каб мы пасталелі ў духу Твайго вучэння. Няхай наша чалавечая годнасць вынікае з любові да Бога і любові да чалавека.

Маці Божая Будслаўская! Ты з’яўляешся прыкладам любові і пакоры. Узбагачай нас Тваім духам сапраўднага ўбоства.

Маці і Настаўніца любові да Бога і бліжняга, маліся за нас.


Другі дзень

«Шчаслівыя засмучаныя» (Мц 5, 4)

Пане Езу Хрыстэ, Ты плакаў, калі страціў свайго сябра Лазара, плакаў над лёсам Ерузалема, Ты вучыш нас, што тыя, хто шчыра плача, шчаслівыя і будуць суцешаныя! Дзякуем Табе за тое, што Ты абараняеш слабых.

Маці Божая Будслаўская! Мы глядзім на Твой цудадзейны абраз і ад Тваёй ласкавасці спазнаём суцяшэнне. Нас умацоўвае Твой поўны любові позірк. Улі ў сэрцы тых, хто смуткуе і плача, бальзам Тваёй дабрыні. Суцеш і асушы слёзы ўсіх, хто смуткуе і знаходзіцца ў адчаі.

Маці суцяшэння, маліся за нас.


Трэці дзень

«Шчаслівыя лагодныя» (Мц 5, 5)

Езу, ціхі і пакорны сэрцам, сваім прыкладам і вучэннем Ты пацвярджаеш, што годнасць чалавека грунтуецца не на прызнанні яго знешніх якасцяў, а на яго ўнутраных і нябачных вартасцях. Мы верым, што толькі Ты, Божа, ведаеш чалавечыя сэрцы і ўзнагароджваеш за нябачнае для чалавечых вачэй.

Маці Божая Будслаўская! Пакорная слуга Пана, навучы нас бачыць чалавечнасць у бліжнім. Дапамажы нам зразумець, што веліч заключаецца не ў славе, не ў пахвале і не ў грамадскім прызнанні, а ў радасці, угрунтаванай на ціхім служэнні Богу і бліжняму.

Марыя, пакорная і лагодная Слуга Пана, маліся за нас.


Чацвёрты дзень

«Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці» (Мц 5, 6)

Пане Езу Хрыстэ, асвяці наш розум, каб мы не толькі патрабавалі справядлівасці, але таксама ўмелі прытрымлівацца яе самі. Няхай дар любові, які зыходзіць на нас з вышыні Твайго крыжа, учыніць нас сапраўднымі хрысціянамі.

Маці Божая Будслаўская, Люстра справядлівасці, Настаўніца любові! Ты глядзіш на нас позіркам, поўным любові. Выпрасі, каб мы напоўніліся духам справядлівасці і любові, каб нашыя ўчынкі ніколі не былі прычынаю несправядлівасці для бліжніх.

Люстра справядлівасці, маліся за нас.


Пяты дзень

«Шчаслівыя міласэрныя» (Мц 5, 7)

Пане Езу Хрыстэ! Cваім вучэннем і ўласным жыццём Ты абвясціў, што ў свеце, у якім мы жывём, існуе любоў. Любоў сутыкнулася з цярпеннем. На крыжы Ты прамовіў словы: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). Гэта было ўкаранаваннем Твайго вучэння аб міласэрнасці.

Маці Божая Будслаўская, Маці міласэрнасці, Ты асаблівым чынам набліжаеш людзей да любові, якую абвясціў Твой Сын. Менавіта да Цябе звяртаюцца людзі са сваімі просьбамі, якія Ты цярпліва выслухоўваеш.

Маці Міласэрнасці, будзь заўсёды з намі ў кожнай нашай патрэбе, асабліва калі нам патрэбны любоў і міласэрнасць.

Маці Міласэрнасці, маліся за нас.


Шосты дзень

«Шчаслівыя чыстыя сэрцам» (Мц 5, 8)

Пане Езу Хрыстэ! Ты ведаеш чалавечыя цярпенні, бо сам зведаў цярпенні на крыжы! Тваё чыстае Сэрца было прабіта дзідаю. Мы верым, што Ты шырока адчыняеш браму неба для ўсіх людзей, чыстых сэрцам. Правядзі і нас у гэтую браму.

Маці Божая Будслаўская! Панна Беззаганная, дапамажы нам, каб мы заўсёды адчувалі агіду да граху і не паддаваліся спакусам. Усёй сілаю свайго духу мы прагнем мець чыстыя сэрцы, каб споўнілася ў нас абяцанне Твайго Сына, што ў вечнасці мы ўбачым Пана Бога нашага.

Панна Беззаганная, маліся за нас.


Сёмы дзень

«Шчаслівыя міратворцы» (Мц 5, 9)

Пане Езу Хрыстэ! Ты назваў сынамі Божымі тых, хто прыносіць супакой. Супакой людзям добрай волі абвяшчалі пры Тваім нараджэнні анёлы. У сваіх развітальных словах Ты перадаў нам свой супакой, «не так, як дае свет» (пар. Ян 14, 27). Учыні нас руплівымі вестунамі і носьбітамі Твайго супакою.

Маці Божая Будслаўская! Каралева супакою, навучы нас разумець, што сапраўдны Хрыстовы супакой дасягаецца любоўю і дабрынёй; што супакой Хрыста робіць чалавека шчаслівым тут, на зямлі, і вядзе да шчаслівай вечнасці. Улі ў нашыя сэрцы радасць супакою.

Каралева супакою, маліся за нас.


Восьмы дзень

«Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць» (Мц 5, 10)

Пане Езу Хрыстэ, які цярпеў за нас на крыжы! Дзякуем Табе за тое, што Ты надаў цярпенню вялікую вартасць. З моманту балесных падзей на Галгоце Касцёл жыве плёнам Тваёй Мукі. На працягу двух тысячагоддзяў існавання Касцёла незлічоныя шэрагі Тваіх вучняў праз ахвяраванне ўласнага жыцця за веру пацвердзілі Праўду, якой Ты з’яўляешся для нас. Просім Цябе аб ласцы адвагі жыць у Праўдзе і дзеля Праўды.

Маці Божая Будслаўская, Каралева мучанікаў! Пад крыжам на Галгоце Ты цярпела разам са сваім Сынам. Сёння Ты – Маці Касцёла. Гэты Касцёл акроплены крывёю мучанікаў. Прывядзі ўсіх пераследаваных да Неба, «бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 10).

Маці Божая Балесная, маліся за нас.


Дзявяты дзень

«Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне» (Мц 5, 11)

Пане Езу Хрыстэ! Твой цярновы вянок прынёс боль не толькі ад увагнаных у скроні церняў; невыносныя цярпенні Ты спазнаў і з блюзнерства над Тваім Валадарствам. Умацуй у веры ўсіх тых, каго за веру высмейваюць іншыя. Дай ім сілу вытрываць да канца. Няхай усе зразумеюць, што Евангелле абвяшчае любоў таксама і тым, хто здзекуецца з нас.

Маці Божая Будслаўская, Каралева ўсіх святых! Абараняй душы ўсіх дзяцей, якія выхоўваюцца сярод нападак і здзекаў над нашай верай. Няхай у сэрцах маладых людзей і ў нашых уласных сэрцах расквітнеюць дабрыня і высакароднасць. Няхай развіваецца і ўмацоўваецца Касцёл, для якога Ты – найлепшая Маці.

Маці Сына, які цярпеў і над якім насміхаліся, маліся за нас.

Абноўлена 15.05.2021 13:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця