Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
«Езус выходзіць, каб быць бліжэй да чалавека»: працэсія Божага Цела прайшла ў Мінску (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.05.2016 16:00

Больш за 10 тысяч католікаў выйшла 29 мая на вуліцы Мінска, каб прайсці ў працэсіі Божага Цела. Дарослыя, моладзь і дзеці прайшлі ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы да архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыстай працэсіяй, праслаўляючы Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Працэсія Божага Цела стала ўжо традыцыйнай для Мінска, аднак, як і раней, кожны год збірае вялікую колькасць вернікаў не толькі са сталіцы, але і з іншых гарадоў. Сёлетняя працэсія — адна з самых маштабных.

Іду па праспекце і паварочваю да касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха). За некалькі хвілін да Імшы тут ужо амаль не праціснуцца. У першых шэрагах, перад алтаром стаяць прыгожа ўбраныя дзеці і моладзь, якія некалькі дзён таму прынялі першую Камунію. За імі дарослыя і моладзь спрабуюць сканцэнтравацца перад пачаткам святой Імшы.  

Прыгожай міні-працэсіяй з касцёла да першага алтара на вуліцы выходзяць святары і пачынаецца святая Імша, якую цэлебруе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам адзначаць урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую традыцыйна мы называем святам Божага Цела. Знаходзячыся ў Святой Эўхарыстыі, Езус выходзіць па-за межы касцёлаў і капліц, каб быць бліжэй да чалавека, да месца яго працы, адпачынку і прабывання», — заўважыў у гаміліі Мітрапаліт.

31 мая іерарх будзе адзначаць 35-ю гадавіну свайго прэзбітэрскага пасвячэння. Таму ў гаміліі ў гэты дзень арцыпастыр дзякаваў усім святарам і людзям добрай волі за падтрымку і прасіў аб малітве ў яго інтэнцыі.

«Сёння дзякую Богу за дар святарства і 35 гадоў святарскага служэння. Дзякую за тое, што ўжо тры з паловай дзесяцігоддзі Ён дазваляе мне кожны дзень падымаць кансэкраваную Гостыю, як дар для мяне самога і для людзей, якім я служыў у Літве, Беларусі, Расіі і ізноў служу ў Беларусі. Дзякуючы сакрамэнту святарства патрэбная для збаўлення Божая ласка прыходзіць да людзей», — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля Імшы працэсія вырушыла па вуліцах Мінска. Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце спыняўся на чатырох алтарах у розных месцах сталіцы.

Эўхарыстыя – шлях да сапраўднага адзінства

Першым прыпынкам працэсіі стаў алтар на плошчы Перамогі. Тут, каля абеліска, успомніўшы прыклад еднасці розных народаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, католікі памаліліся аб дары еднасці для ўсіх людзей у сучасным свеце.

Прыкладам еднасці для хрысціян з’яўляецца Святая Тройца. Менавіта ў такім боскім адзінстве, паводле гаміліі а. Аляксандра Шамрыцкага МІС, якую вернікі змаглі пачуць на плошчы Перамогі, заключана «бескарыслівая любоў, якая яднае ў адно цэлае тры Божыя Асобы».

«Езус Хрыстус дзеля таго прыйшоў у свет, каб заахвочваць нас да адзінства і пераконваць, што так, як паміж зярняткамі ў хлебе, яно магчыма таксама паміж намі, людзьмі – у свеце, грамадстве, Касцёле, нашых сем’ях. Трэба толькі жыць Эўхарыстыяй штодня. Гэта значыць, памятаць пра рэальную, жывую прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі», – заўважыў а. Аляксандр Шамрыцкі

Эўхарыстыя - дар Божай Міласэрнасці

Па дарозе да наступнага алтара, які размясціўся на Кастрычніцкай плошчы, удзельнікі працэсіі памаліліся аб дары Божай Міласэрнасці для ўсяго беларускага народа.

Некаторыя трымалі ў руках Біблію і невялікі абраз Езуса Міласэрнага, а паўсюль гучала: «Дзеля Яго балеснай мукі, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету». 

Тут, на Кастрычніцкай плошчы, каля абраза Езуса Міласэрнага, католікі Мінска разважалі над тым, што Божая Міласэрнасць найбольш праяўляецца ў Хлебе эўхарыстычным.

«Калі Езус дае штосьці, то дае не столькі, колькі мы патрабуем, а значна болей. Часам неабавязкова разумець, што адбываецца, а хопіць нашай сустрэчы з Ім, з Езусам, які сёння ідзе праз Мінск і благаслаўляе кожнага, бо хоча заспакоіць нашыя найглыбейшыя думкі», - такія словы гучалі ў чарговай гаміліі.

Эўхарыстыя – сустрэча з Богам

Просячы заступніцтва Панны Марыі ў святым Ружанцы, працэсія накіравалася да Чырвонага касцёла, дзе вернікі разважалі асаблівым чынам над тым, наколькі важна пакінуць усе свае справы і прыйсці да Езуса, укрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

«Эўхарыстыя – гэта не толькі дар Бога, гэта таксама інструмент збаўлення. Таму мы, як хрысціяне, як католікі, маем абавязак шанаваць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Дзякаваць Богу за гэты дар. Не толькі тады, калі прыходзім на святую Імшу, калі прымаем святую Камунію, але і наведваць касцёл для кароткай адарацыі, каб проста сказаць Езусу: “люблю Цябе, Пане". А Ён адкажа: “Я яшчэ больш люблю цябе"», – падкрэсліў у сваёй гаміліі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Завяршылася працэсія Божага Цела ля апошняга алтара побач з архікатэдрай Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе пра гісторыю ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста прысутным распавёў кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Святар таксама прывёў прыклад святых, якія, нягледзячы на выпрабаванні, захавалі спакой сэрца і веру ў Бога, чарговы раз узгадаўшы і асобу Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, беатыфікацыйны працэс якога пачаўся 10 красавіка.


«Наколькі Езуса Хрыста будзе больш у тваім сэрцы, настолькі лягчэй табе будзе пераадольваць усе зямныя выпрабаванні і ісці за Хрыстом, бо Ён цябе будзе несці. Толькі тады ты вытрываеш, як вытрываў Слуга Божы Эдвард Вайніловіч, калі ў штодзённых выпрабаваннях будзеш звяртацца да Бога, просячы падтрымкі з вышыняў», – заўважыў святар.

Напрыканцы набажэнства Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз падзякаваў усім прысутным за ўдзел у працэсіі і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

Замест пасляслоўя

Яшчэ падыходзячы да Чырвонага касцёла, я пачула такі дыялог. «Што тут адбываецца?» – запытаўся адзін з мінакоў у сваіх сяброў. «Гэта католікі. У іх сёння свята, таму яны ўсе сабраліся і выйшлі на вуліцу», – адказала адна з дзяўчын.

У такія моманты адчуваеш сапраўдную радасць ад таго, што можаш сведчыць пра Езуса такім чынам. І адначасова ловіш сябе на думцы: шкада, што такое «свята» адбываецца раз у год…

Марына Валасар,
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

24.03 15:00У «Хатыні» ўсталявалі і благаславілі крыж — першы за ўсю гісторыю мемарыяльнага комплекса
22.03 16:23Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў Бібліі слухачам катэхез пры парафіі ў Маладзечне
21.03 11:05Кс. Юзафа Пятушку МІС павіншавалі з 60 гадавінай святарства
20.03 14:07Апостальскі Нунцый асвяціў бакавы алтар у касцёле парафіі Св. Юзафа ў Валожыне
17.03 19:24Мітрапаліт Кандрусевіч: св. Патрык быў выкрадзены ірландскімі разбойнікамі, і гэтае здарэнне прывяло яго да Бога
13.03 16:10Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB сустрэўся з вернікамі Вілейшчыны
10.03 19:45Мітрапаліт Кандрусевіч: не толькі вялікі грэх небяспечны, але і малы
09.03 20:13У Мінску Мітрапаліт Кандрусевіч памаліўся з прадстаўнікамі літоўскай дыяспары
06.03 15:51Парафіяльнае свята ва ўспамін св. Казіміра прайшло ў парафіі ў Магілёве
05.03 19:42Іерархі архідыяцэзіі павіншавалі кс. Казіміра Шыдэлку SDB з імянінамі (абноўлена)