Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы з працэсіяй Божага Цела

Мінск, Залатая горка, 29 мая 2016 г.

 

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам адзначаць урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую традыцыйна мы называем святам Божага Цела. Знаходзячыся ў Святой Эўхарыстыі, Езус выходзіць па-за межы касцёлаў і капліц, каб быць бліжэй да чалавека, да месца яго працы, адпачынку і прабывання.

Мы жывём у новыя часы свабоды веравызнання. З кожным годам павялічваецца колькасць касцёлаў і капліц і гэтым самым – колькасць месцаў, дзе цэлебруецца святая Імша, дзе Хрыстус у Эўхарыстыі прыходзіць да нас.

Гэта вялікі дар, аднак мы не заўсёды яго адэкватна ўспрымаем і цэнім. Не кожную нядзелю і свята спяшаемся на святую Імшу. Не часта прыступаем да святой Камуніі, якая з’яўляецца хлебам вечнага жыцця. Сучаснымі касцёламі становяцца стадыёны, канцэртныя залы, дыскатэкі.

Пры гэтым канцэрты, якія нам прапануюцца, не заўсёды адпавядаюць хрысціянскім этычным нормам, што нясе маральную небяспеку людзям, асабліва моладзі. Арганізатары канцэртаў часта спасылаюцца на свабоду мастацтва і культуры. На жаль, так паступаючы, яны забываюцца, што корань слова «культура» – «культ». А гэта азначае, што культура павінна мець духоўны характар. Таму свабода мастацтва не можа абражаць пачуцці верных і прапагандаваць амаральнасць.

Мы яшчэ памятаем крывавы тэрарыстычны акт у Мінскім метро пяць гадоў таму, тэрарыстычныя акты ў Парыжы весенню мінулага года і ў Бруселі ў сакавіку гэтага года і молімся за іх ахвяр. Молімся, каб падобнае ніколі не паўтарылася і каб Бог сцярог нас ад падобнага зла. Але дазвольце прыгадаць, што падчас тэрарыстычнага акту ў канцэртнай зале ў Парыжы спявалася сатанісцкая песня: «Д’ябал, я цябе люблю, я цябе абдыму, я цябе пацалую». І д’ябал не прымусіў сябе чакаць доўга. Ён прыйшоў у вобразе тэрарыстаў.

Тэрарыстычны акт у брусельскім аэрапорце быў здзейснены ў аўторак Вялікага тыдня, у той час, калі Касцёл разважаў над мукамі Езуса. Але ў гэты самы час у спартыўных магазінах Бруселя прадаваліся скейтборды з выявай укрыжаванага Хрыста. Менавіта на гэтай выяве павінны былі стаяць тыя, хто ездзіць на іх. Гэта не што іншае, як новы здзек з Хрыста і крыжа і абраза рэлігійнага пачуцця вернікаў.

Сённяшняя эўхарыстычная працэсія яшчэ раз паказвае, што, калі мы адкідваем Езуса і не спяшаемся да Яго, то Ён ідзе да нас. Усё згодна з прыказкай – калі гара не ідзе да Магамета, то Магамет ідзе да гары. Такім чынам Касцёл імкнецца звярнуць нашу ўвагу на бясцэнны дар Эўхарыстыі.

2. Калі мы разважаем над таямніцай Эўхарыстыі – гэтага найбольш каштоўнага дару, які нам пакінуў Езус, – то дарэчы ўзгадаць евангельскі аповед пра схаваны ў полі скарб. Якім мудрым і спрытным быў той, хто схаваў свой скарб у чыстым полі!

Найчасцей скарбы хаваюць у гарах, пячорах, лесе і г.д. Менавіта ў такіх месцах людзі іх шукаюць. А хто будзе шукаць у чыстым полі? Стоячы на краі вялікага поля, мы бачым яго як на далоні. І думаем, што нічога каштоўнага там не можа быць схавана. А калі і ёсць, то як знайсці гэта на яго бяскрайніх прасторах?

Падобна і Бог укрыў самы каштоўны дар для чалавека ў Эўхарыстыі. Колькі людзей, гледзячы на працяг нядзельнай літургіі, могуць сказаць, што нічога надзвычайнага ў ёй не бачыць. Столькі разоў прымаў удзел у Эўхарыстыі, ведаю яе на памяць, ведаю, як яна адбываецца, якія песні спявае хор. Але гэта ўсё мяне не захапляе. Больш за тое, мне нават не хочацца прымаць у ёй удзел, і таму рэдка хаджу ў касцёл на нядзельную Імшу. Яна для мяне як вялікае поле, на якое няма чаго нават уваходзіць, бо яно роўнае і не хавае ніякага скарбу.

Так разважаючы, мы не заўважаем, што там знаходзіцца сапраўдны скарб, які ўсе шукаюць, – а менавіта эліксір вечнага жыцця, любові, якая не праходзіць, супакою і пачуцця бяспекі.

Трагедыя сучасных людзей у тым, што, трапляючы ў пасткі алкагалізму, наркаманіі, інтэрнэт- і сексуальнай залежнасці, а таксама неўтаймаванага імкнення да ўлады і багаццяў, яны такім чынам трапляюць у сляпы завулак, з якога не ведаюць, як выйсці. Толькі з часам пачынаюць разумець, што такое жыццё падобна да паводзінаў матылька, які ляціць у агонь і там гіне.

Дзе тады яны шукаюць паратунку? Нярэдка ў падазроных духоўных кіраўнікоў, знахараў і варажбітак або ва ўтопіі Нью-Эйдж. Паўсюль, толькі не ў Езуса, які прыходзіць да нас у Эўхарыстыі. Яны кажуць: я хадзіў у касцёл і нічога там для сябе не знайшоў. Гаміліі нецікавыя, спевы не кранаюць сэрца, вакол толькі тыя ж самыя малітвы. Гэта азначае, што глядзеў на гэтае поле столькі разоў і не заўважыў ніякага скарбу. Дзе ж той скарб, аб якім кажа Касцёл?

3. А гэты скарб схаваны. Чаму? Каб не раскідвацца пярлінамі. Успомнім казкі пра пошук скарбаў, якімі мы ў дзяцінстве зачытваліся. Чалавек, які хавае скарб, робіць гэта для таго, каб яго знайшоў не выпадковы чалавек, але толькі той, для каго ён схаваны. Падобна і Бог схаваў cкарб вечнага жыцця і нам паказаў, дзе яго знайсці: у Касцёле, дзе ў Эўхарыстыі б’ецца жывое сэрца Езуса.

Таму на парозе касцёла Езус пытаецца ў нас: «Чалавек, навошта ты сюды прыйшоў? Проста заскочыў па дарозе з супермаркета, стадыёна, дыскатэкі? А можа, цябе чакае аперацыя ці экзамен? А можа, толькі гэты святар прамаўляе гаміліі, якія табе падабаюцца?» Калі так, то на гэтым літургічным полі ты не знойдзеш шмат, бо размінаешся з самым каштоўным схаваным у ім скарбам, якім з’яўляецца Эўхарыстыя, у якой нас чакае любоў, што на дрэве крыжа збавіла нас і ратуе.

Падчас яе Езус ізноў аддае сваё жыццё за мяне і цябе. Імша – гэта не спектакль, а ахвяра і духоўны пір, у якім трэба ўмець прымаць актыўны і чынны ўдзел.

4. Дзіцячыя казкі распавядаюць аб тым, як кароль пераапрануўся ў бедняка і шукаў дзяўчыну, якая пакахала б яго, а не ўладу і багацце. Падобна паступае і Бог, які ўкрыўся пад сціплымі постацямі хлеба і віна.

Эўхарыстыя – гэта той матор, які дае энергію нашаму жыццю, каб яно магло функцыянаваць згодна з Божым планам. Вядома, што кожная машына мае свой матор і нельга БЕЛАЗаўскі матор змясціць у фальксваген. Падобна і з намі. Калі нашым прыярытэтам з’яўляецца імкненне да ўлады, багацця і амаральных задавальненняў, то нават калі мы і пойдзем на Імшу і нам спадабаецца гамілія і спевы хору, аднак яе духоўная прыгажосць застанецца схаванай.

Эўхарыстыі нельга дапасаваць да жыцця, якое ва ўсёй паўнаце не з’яўляецца хрысціянскім, бо да яго гэты эўхарыстычны матор не падыходзіць. Эўхарыстыя дае моц толькі пры ажыццяўленні Божых планаў і абсалютнага даверу Яму.

5. Адзін аповед кажа, як падчас падарожжа на моры здарылася бура. Высокія хвалі залівалі карабель і здавалася, што няма паратунку і ўсе загінуць. Капітан карабля ўбачыў маці, якая прыціскала да сябе немаўлятка. Напэўна, яна думала не пра сябе, але пра яго. Капітан узяў дзіця з яе рук, падняў уверх і пачаў маліцца: «Усемагутны Божа, не дзеля нас, грэшных, але дзеля гэтага нявіннага дзіцяці суціш буру». І так паволі сталася.

6. Дарагія браты і сёстры!

У нашых касцёлах святары кожны дзень узносяць уверх кансэкраваную Гостыю. Гэта той скарб, якога мы можам і павінны шукаць, каб шчасліва крочыць па ўзбураным моры секулярызму нашага часу, моры крызісу этычных каштоўнасцяў.

Сёння дзякую Богу за дар святарства і 35 гадоў святарскага служэння. Дзякую за тое, што ўжо тры з паловай дзесяцігоддзі Ён дазваляе мне кожны дзень падымаць кансэкраваную Гостыю, як дар для мяне самога і для людзей, якім я служыў у Літве, Беларусі, Расіі і ізноў служу ў Беларусі. Дзякуючы сакрамэнту святарства патрэбная для збаўлення Божая ласка прыходзіць да людзей.

Стаць святаром 35 гадоў таму – гэта знак бязмежнай Божай міласэрнасці. Дзякую табе, Божа, за гэты найбольш каштоўны дар. Перапрашаю Цябе і вернікаў за тое, што, магчыма, не да канца і не заўсёды належным чынам яго выкарыстоўваў. Прашу благаслаўлення і вашай малітвы, каб далей мог з усёй ахвярнасцю служыць усім людзям і кожнаму паасобку.

Езу Эўхарыстычны, у Юбілейны Год Божай Міласэрнасці міласціва ўзглянь на нас, адары ласкай як мага часцей шукаць Цябе на полі святой Імшы, сузіраць і адараваць у кансэкраванай Гостыі, каб па ўзбураным моры сучаснага свету бяспечна даплысці да порту вечнага шчасця. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

10.03 19:11Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў пятніцу Першага тыдня Вялікага посту
01.03 19:30Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Папяльцовую сераду
28.02 16:29Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы ў Мінску
27.02 10:43Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2017
26.02 13:41Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VIII Звычайную нядзелю, Год А
20.02 08:58Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VII Звычайную нядзелю, Год А
12.02 13:50Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Звычайную нядзелю, Год А
01.02 13:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця
30.01 12:42Казанне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ва ўрачыстасць св. Яна Боско ў Мінску
29.01 21:11Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў мінскай парафіі ў Сухараве 29 студзеня