Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«У гэтым святле мы павінны бачыць чалавека»: Бэтлеемскі агонь прыбыў у Мінск
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.12.2015 23:18

Вечарам 19 снежня Бэтлеемскае Святло міру прыбыло ў мінскую архікатэдру Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Урачыста прывітаў агонь Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама дарослыя і дзеці, раратняя Імша для якіх адбывалася ў апошні раз за гэты Адвэнт.

Галоўная мінская святыня ў гэты вечар прамянела ад мноства свечак. І нездарма. Апошняя раратняя Імша для дзяцей была асаблівай і запамінальнай, таму што свяцілася Бэтлеемскім Святлом міру, які з гродзенскай катэдры прывезлі беларускія скаўты.

«Вельмi сiмвалiчна тое, што Бэтлеемскі агонь прыбывае да нас практычна перад святамі Божага Нараджэння. Езус прыйшоў у наш свет як святло. Ён асвятлiў свет, які знаходзіўся ў цемры з часоў Адама i Евы. Мы не любiм цемру i радуемся, калi завяршаецца ноч i надыходзіць дзень. Таксама радуюцца людзi з Нараджэння Езуса Хрыста, якi ўносiць у цемру нашага жыцця святло свайго Евангелля», – заўважыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі падчас святой Імшы.

Іерарх таксама нагадаў, што  Бэтлеемскі агонь з’яўляецца сімвалам евангельскага святла, якім Хрыстус асвятляе ўсіх людзей, таму «ў гэтым святле мы павінны бачыць чалавека, кожнага з яго патрэбамі».

Вялікі шлях ад Бэтлеема да Мінска Святло міру прайшло дзякуючы камандзе скаўтаў, якія захоўвалі агонь, не даючы яму згаснуць.

«Па Беларусі агонь мы перавозім звычайна ў машынах. Перадача ажыццяўляецца ад адной скаўцкай адзінкі да другой. Кожная адзінка развозіць агонь у сваю і навакольныя парафіі. Дарога далёкая, таму мы выкарыстоўваем бяспечныя лампады, у якіх агонь можна перавозіць і якія не згаснуць ад лёгкага ветрыку», – распавёў Сatholic.by асістэнт генеральнага камісара скаўтаў Улад Мацельскі.

Улад дадаў, што непасрэдна ў працэсе перавозкі агню ў гэтым годзе ўдзельнічае каля 15 скаўтаў з Беларусі: «Cталыя вандроўнікі перавозяць агонь, але ўсе скаўты ўдзельнічаюць ва ўрачыстых службах».

Бэтлеемскае Святло міру запальваецца ад лампады ў самім Бэтлееме, затым самалётам Austrian airlanes дастаўляецца ў Вену. У сталіцы Аўстрыі падчас урачыстай цырымоніі агонь раздаецца скаўтам з усяго свету.

Сёлета 13 снежня Бэтлеемскае Святло міру з рук славацкіх скаўтаў атрымалі іх польскія калегі. Праз пяць дзён на беларуска-польскай мяжы агонь быў урачыста перададзены беларускім скаўтам, якія 19 снежня прывезлі яго ў гродзенскі катэдральны касцёл. Менавіта адтуль Бэтлеемскае Святло міру прыбыло ў Мінск.

Далей агонь з Бэтлеема, як знак яднання паміж народамі, будзе пілігрымаваць у Гомель, а праз пару дзён беларускія скаўты перададуць яго расійскім скаўтам.

Мінскія вернікі ўжо пасля апошняй раратняй Імшы змаглі запаліць свае свечкі Бэтлеемскім Святлом міру, каб несці мір і супакой у свае сем’і, асвятляць агнём маленькага Езуса не толькі свае дамы, але і сэрцы.

Марына Валасар
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.