Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэтлеемскае Святло міру пачало з Гродна вандроўку па Беларусі (+фота)
Беларусь
19.12.2015 16:40

19 снежня з гродзенскага катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя афіцыйна пачало сваю вандроўку па Беларусі Бэтлеемскае Святло міру. У Беларусь Бэтлеемскі агонь прыбыў ужо ў 16-ы раз дзякуючы скаўтам, якія даставілі яго з беларуска-польскай мяжы.

Днём раней на польска-беларускай мяжы ў Кузніцы беларускія скаўты атрымалі ад скаўтаў Польшчы ліхтар з Бэтлеемскім Святлом міру.



У гродзенскім катэдральным касцёле Бэтлеемскае Святло міру сустрэў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На вітанне агню прыбылі скаўты з розных месцаў Беларусі, каб адвезці яго ў свае святыні. Сабраліся таксама вернікі Гродна, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, дзе ён будзе нагадваць аб Уцелаўленні Божага Сына. Такім чынам, пачалася вандроўка Бэтлеемскага агню па нашай краіне.

Пасля вітання Святла міру біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу, падчас якой асабліва маліўся разам з вернікамі аб міры ў свеце.

Святло міру, якое кожны год прывозяць з Бэтлеема і вязуць па розных кантынентах, дасягае таксама і Беларусі, каб апынуцца сярод людзей, дасягнуць асобаў як значных у грамадстве, так і звычайных, нагадаць, што яно сімвалізуе еднасць з Бэтлеемам і, будучы заклікам аб адзінстве, згодзе і міры ў свеце, так патрэбнае ў сённяшнія неспакойныя для многіх людзей часы.



Вандроўка Бэтлеемскага агню кожны год праходзіць пад пэўным дэвізам. Дэвіз сёлетняга падарожжа Святла міру — «Заўваж чалавека». Праз гэты дэвіз арганізатары акцыі жадаюць звярнуць увагу ўсіх людзей на тое, што трэба заўсёды заўважаць побач з сабой іншага чалавека і цаніць тое, што ён для нас робіць. Таксама гэтыя словы нагадваюць пра абавязак любові да бліжняга, якога Бог ставіць на шляху нашага жыцця.

Адкуль прыбывае Бэтлеемскі агонь?

Гісторыя перадачы Бэтлеемскага агню пачынаецца ў самім Бэтлееме, які доўгія гады быў у цэнтры палітычных напружанняў, збройных канфліктаў і тэрарыстычных атак. Менавіта там больш за два тысячагоддзі таму нарадзіўся Езус Хрыстус. У Гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме гарыць вечны агонь. Ад яго штогод запальваецца адна маленькая свечка, полымя якой скаўты нясуць па ўсiм свеце.



Гісторыя акцыі

Прывоз Бэтлеемскага Святла міру ўпершыню быў арганізаваны ў 1986 г. у Лінцы (Аўстрыя) як частка дабрачынных мерапрыемстваў на Божае Нараджэнне. Акцыя мела назву «Святло ў цемры». Год пазней апеку над гэтай акцыяй узялі аўстрыйскія скаўты.

Кожны год хлопец або дзяўчына бяруць Святло міру з Грота Нараджэння Пана ў Бэтлееме. Агонь траспартуецца ў Вену праз пасрэдніцтва авіяліній «Austrian Airlines». У Вене адбываецца экуменічная ўрачыстасць, падчас якой полымя перадаецца жыхарам горада і прадстаўнікам скаўтаў з многіх еўрапейскіх краін.



Чаму Святло міру?

У 29-гадовай гісторыі Бэтлеемскага Святла міру ў зменлівых палітычных умовах ніколі не здаралася, каб Святло не вырушыла з Бэтлеема ў свой шлях. Гэта робіць Святло знакам міру, сведчаннем узаемаразумення і сімвалам паяднання паміж народамі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.