Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Мінск-Будслаў»: прамое ўключэнне з першага начлега ў Вішнёўцы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.07.2014 16:02

Даўгінаўскім трактам, мінаючы Будслаўскую вуліцу, пілігрымка «Мінск-Будслаў» прыйшла да свайго першага начлегу — вёскі Вішнёўкі. Традыцыйна ўдзельнікі пілігрымкі зладзілі «вясёлы вечар», а на раніцу пасля святой Імшы ў 7.00, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, працягнулі пілігрымку да Маці Божай у Будслаў. 

Вёска Вішнёўка ўжо які год «аддае» на патрэбы пілігрымаў будынак пачатковай школы, ды прастору вакол яго, дзе стройнымі шэрагамі паўстаюць намёты пілігрымаў, а таксама «застывае на начлег» вялікая фура, якая вязе складзеныя ў яе пілігрымамі рэчы, апрача тых, што не падыходзяць да катэгорыі «неабходна мець у заплечніку».

У заплечніку трэба мець...

Дарэчы, а што неабходна мець у заплечніку? На гэта пытанне той, хто шукае ў пытанні падвох, адказвае неадразу: «ваду», «дажджавік» (але ж шмат разоў узгадваюць ваду), «Божае слова». Дзяўчынка год сямі доўга думае і кажа сур'ёзна: «Веру». Хтосьці кажа «капялюш», хтосьці «ногі і галаву», шмат хто ўзгадвае ружанец, нават не адзін (на выпадак, калі ружанец згубіцца -- ці ў самога, ці ў кагосьці). Хтосьці аптымістычна кажа, што трэба не забыцца «настрой». А іншы дадае, што можна на адзін дзень і зусім нічога не браць, узгадваючы адну з практык Школы хрысціянскага жыцця, калі ўдзельнікам прапануецца на ўвесь дзень толькі кавалак хлеба — праснак.

Пасля першай вячэры, якую пілігрымы часцей за ўсё таксама нясуць у заплечніках, усе паступова збіраюцца ў кола для танцаў і забаў.

Сёлета зладзіць вясёлы вечар пілігрымам дапамагалі студэнты філалагічнага факультэта БДУ Вольга Качалка і Павел Бранавец. Хоць большасці пілігрымаў і падабалася хуткая і рытмічная (таму і шматлюдная) «бельгійка», але старанна танчылі (а то і развучвалі) і беларускія народныя «грачанікі», «ойру», польскі «кракавяк», а дзеці найбольш імкнуліся не прапусціць «ручаёк».

 

Пілігрымы, якія моляцца за Айчыну 

Падчас вечарыны сваё прывітальнае слова мела група пілігрымаў з Украіны, якая на чале з а. Цэцыліянам Запольскім OFM прыехала ў Мінск, каб вырушыць да Маці Божай Будслаўскай.

Айцец Цэцыліян на працягу шасці гадоў сам працаваў у Марыйным санктуарыі ў Будславе, а зараз працуе ва Украіне ў Шэпэціўцы, адкуль і прыехаў са сваімі парафіянамі. Працуючы ў Беларусі, айцец ездзіў з беларускімі пілігрымамі ва Украіну, каб там беларусы хадзілі да украінскіх марыйных санктуарыяў, а зараз — наадварот, украінцы ідуць да беларускага санктуарыя з малітвай аб міры ў сваёй краіне...

Для адрознення з іншымі пілігрымамі група з Украіны мае спецыяльна падрыхтаваныя для пілігрымкі майкі сіняга колеру, на якіх намаляваны ўкраінскі сцяг і галінка каліны - сімвал дзявочай долі і матчыных слёз, а пасярэдзіне — крыж.

Падчас вечарыны ўкраінцы спявалі «Кохаймо Ісуса цілім серцем своім», а калі пасыпаў дождж і ўсе схаваліся ці то ў школу, ці то ў намёты, яны працягнулі свае спевы, седзячы дружным колам на карыматах і спальніках разам з беларусамі.

Адна з украінскіх удзельніц пілігрымкі сказала, што ідзе з інтэнцыяй аб міры ва Украіне, дадаючы, што гэта яе абавязак — любіць Айчыну і быць патрыётам, а таму і маліцца за Украіну падчас пілігрымкі. І дадала: «Айчына — як маці, калі не любіш маці, то грашыш супраць чацвёртага запавету, калі не любіш Айчыну — то таксама грашыш супраць чацвёртага запавету».

Айцец Цэцыліян Запольскі паведаміў, што наступны раз хоча прывезці большую колькасць моладзі ды паспрабаваць прайсці больш кіламетраў па беларускай зямлі, распачаўшы шлях з Баранавіч.

Пасля спеваў і забаў пілігрымы сабраліся ў вялікае кола, каб праспяваць Нешпары. У той момант, калі кожны мог сказаць сваю інтэнцыю ўслых, хлопец з Украіны па-ўкраінску маліўся за мір у сваім краі, дзяўчына з Беларусі — за сваю Радзіму і свой народ, а прысутны паляк — за Польшчу і за суседнія народы. Вечаровая малітва аб'яднала ў малітве суседнія народы, люд божы — пілігрымаўскі люд, які імкнецца жыць паводле Божай волі, па ўзору Марыі.

— А якой трэба ўставаць? — падбегла маленькая дзяўчынка -- ужо таксама пілігрым.

— Уставай а шостай! — адказалі ёй.

Ранішняя Імша была якраз а сёмай,  таму каб лепш падрыхтавацца, а камусьці і памаліцца на брэвіярыі -- як, напрыклад, прадстаўнікам трэцяга дамініканскага закона, якіх у пілігрымцы цэлая грамадка, то ўстаць каля шасці — самае тое.

Так і адбылося, жыццё ў пілігрымцы пасля ночы ажывілася а шостай.

Хто здабудзе новую ўпэўненасць і ўнутраны спакой?

На ранішняй Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў услед за словамі псальма спадзявацца на Пана і давяраць Яго слову. «Хто давярае Богу — будзе выратаваны з самай складанай сітуацыі». — сказаў іерарх.— Бог дзейнічае і праз людзей, таму трэба даверыцца і ім».

Арцыбіскуп зазначыў: «З сённяшняга Евангелля можна зрабіць выснову, што той, хто прабуджае ў сабе прысутнасць Езуса, то нават у найбольш складаных сітуацыях здабудзе новую ўпэўненасць і ўнутраны супакой. У найбольш складаных сітуацыях нашага жыцця Езус бярэ нас на свае рукі і спадарожнічае нам».

Падмацаваныя малітвай ды грэчневаю кашаю з тушонкаю на сняданак, пілігрымы вырушылі ў шлях. На сёння -- яшчэ 25 км. Наступны вечар яны правядуць у Калачах.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.