Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Марыя — узор веры і малітвы»: урачыстай Імшой завяршыліся сёлетнія святкаванні ў Будславе
Беларусь
05.07.2014 18:46

Урачыстай адпустовай Імшой 5 ліпеня 2014 г. у Нацыянальным санктуарыі завяршылася святкаванне Юбілейнага года 400-годдзя прысутнасці цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. Таксама яна была прысвечана падзяцы Богу за кананізацыю Яна Паўла II. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як інфармуе прэс-служба Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, за два дні ўрачыстасцяў Будслаў наведалі каля 25 тысяч пілігрымаў.

У заключнай Імшы прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, госць са Швейцарыі біскуп дыяцэзіі Лугано Валерыё Ладзэры, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла прадставіў кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. Прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і шматлікія прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, духавенства з усіх дыяцэзій Беларусі і з-за мяжы.

"Божы Провід у чарговы раз дазваляе нам адзначаць гэтае вялікае свята ў гэтым месцы, якое з’яўляецца крыніцай нашай духоўнасці”, - звярнуўся Мітрапаліт на пачатку Імшы. Арцыпастыр сардэчна прывітаў усіх прысутных і шматлікіх пілігрымаў, якія, “нягледзячы на стомленасць, горача маліліся Маці Божай у гэтыя дні”.

Мітрапаліт адзначыў у гаміліі, што моцным акцэнтам Юбілейнага года 400-годдзя прысутнасці абраза Божай Маці ў Будславе было асвячэнне мазаікі гэтага абраза, якое адбылося 27 чэрвеня ў Назарэце. Дзякуючы гэтаму, па словах іерарха, на Святой Зямлі “з’явіўся яшчэ адзін знак беларускай прысутнасці”.

Кажучы пра Яна Паўла II, арцыбіскуп нагадаў, што гэты Папа адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, “вельмі шмат учыніў для духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны, яе моцна любіў і паважаў”. Мітрапаліт звярнуў увагу, што гэтая Імша адбываецца таксама ў першы год падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме, які будзе адзначацца ў 1917 г. Па словах арцыпастыра, з гэтымі аб’яўленнямі “звязаны лёс Касцёла як у Беларусі, так і ва ўсім былым Савецкім Саюзе і многіх краінах”. Паколькі бягучы 2014 год з’яўляецца ў межах падрыхтоўкі да юбілею Годам малітвы, дэвіз сёлетніх урачыстасцяў у Будславе - “Марыя – узор малітвы”.

Іерарх адзначыў, што гімн “Magnificat” – “Велічае душа мая Пана, бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны”, які Марыя прамовіла ў адказ на словы Альжбеты, - “апагей малітвы ўдзячнасці Марыі Богу за тое, што ён учыніў Ёй, і за Яго дзеянне ў гісторыі збаўлення”. ”Марыя таксама з’яўляецца недасягальным узорам разважання аб Езусе, бо ў Яе ўлонні Ён сфарміраваўся і з Яе ўзяў чалавечае падабенства. Ніхто не прысвяціў сябе разважанням аб Ім з такой трываласцю, як Марыя, - дадаў Мітрапаліт. - Падчас Звеставання Яна адказала Богу “так” і ад той хвіліны канцэнтравалася на Хрысце, які з Яе ўзяў цела і ў якім споўніліся ўсе абяцанні гісторыі збаўлення”. Арцыпастыр нагадаў, што святы Ян Павел II, як чалавек пастаяннай малітвы, падзяцы за кананізацыю якога прысвечана гэтая Імша, “называе Марыю ўзорам нашай веры”.

”Марыя з’яўляецца ўзорам малітвы, што асабліва важна ў наш час, калі ў мітусні сучаснага свету і панаванні секулярных тэндэнцый чалавек губляе пачуццё неабходнасці малітвы і моліцца ўсё радзей", - падкрэсліў іерарх.

Фацімскія аб’яўленні Божай Маці, па словах арцыбіскупа, адыгралі вельмі вялікую ролю ў гісторыі хрысціянства ва ўсім свеце і ў Беларусі. “Тут, у Будславе, вернікі на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў маліліся ў інтэнцыі свабоды веравызнання, і яна прыйшла. Адрадзіўся будслаўскі санктуарый, і мы маем усе перадумовы для духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны, хаця гэты працэс нялёгкі”, - сказаў Мітрапаліт. “Марыя ў Фаціме заклікала да навяртання і малітвы, каб усё было добра і каб свет не быў паддадзены новым выпрабаванням рознымі няшчасцямі. Гэта было не што іншае, як актуалізацыя слоў Езуса: “Кайцеся і верце ў Евангелле”. “Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе”. Калі мы хочам быць шчаслівымі, то павінны глыбока да сэрца прыняць гэтыя словы і імі жыць, - заўважыў іерарх. - Веліч чалавека залежыць ад яго адносін да Бога. Чым яны бліжэйшыя, тым больш вялікі чалавек. Гэта нялёгкі, нават крыжовы, шлях. Лацінская прыказка кажа: “Per aspera ad astra” – “Праз церні да зорак”. Гэта азначае, што да велічы мы павінны імкнуцца праз цяжкую працу над сабой. Крыж Сусветнага дня моладзі, які знаходзіцца сярод нас, заклікае маладых людзей не баяцца яго, бо гэта знак нашай веры, у ім наша надзея”.

”Марыя - Маці Збаўцы і Маці нашых цяжкіх і нават трагічных часоў! Сёння ў Будслаўскім санктуарыі мы праслаўляем Цябе за згоду з Божай воляй і за прыклад малітвы. Праслаўляем за тое, што Ты мужна стаяла пад крыжам Твайго Сына, які ёсць крыжам гісторыі чалавецтва, у тым ліку і крыжам нашых часоў. Праслаўляем і дзякуем за Тваю апеку над намі, за тое, што падтрымліваеш у нас агонь святла Евангелля. Дапамажы нам знайсці дарогу вяртання да Бога, каб на сучаснай і пазбаўленай Бога пустыні мы знайшлі крыніцу жыцця! Прымі малітву Тваіх духоўных дзяцей на Тваю славу і славу Бога, як нязгаснага святла, якога мы, згубленыя і поўныя непакою, патрабуем! Спадарожнічай нам на шляхах нашага жыцця, каб мы тут, на зямлі, будавалі шчаслівую будучыню і прыйшлі ў порт вечнай радасці, дзе Ты валадарыш са сваім Сынам!” – з гэтымі словамі звярнуўся Мітрапаліт да Маці Божай.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Падчас Імшы прайшла эўхарыстычная працэсія. Таксама ўдзельнікі будслаўскіх урачыстасцяў развіталіся з сімваламі Сусветнага дня моладзі, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па Беларусі, - крыжом і абразом Маці Божай “Salus Populi Romani”.

Са словам да прысутных звярнуўся госць будслаўскіх урачыстасцяў – біскуп Лугано Валерыё Ладзэры. “Я толькі некалькі дзён у Будславе, і гэтага вельмі мала, каб пазнаць багацце душы і культуры беларускага народа. Але гэтыя дні ў Будславе далі мне велізарны досвед, каб убачыць гэты народ, які горача моліцца”, - прызнаўся іерарх. Біскуп дадаў, што спадзяецца забраць з сабой у сваю дыяцэзію гэтую малітву і запал беларускіх вернікаў.

Кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў павіншаваў сабраных з урачыстасцямі Маці Божай Будслаўскай. “Гэтае вялікае свята збірае беларускі народ у гэтым прыгожым месцы. І мы звяртаемся да Маці Божай з малітвай, бо ведаем, што Яна сапраўдная апякунка нашай зямлі, - сказаў прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. – І сёння нам трэба ўзмацніць нашу малітву да Яе, каб на зямлі панаваў мір, каб не было войнаў, спрэчак”. “Будзем маліцца да Бога, каб мы заўсёды жылі пад Яго апекай”, - дадаў святар.

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі ў слове да прысутных сказаў: “Царква ва ўсе часы была неад’емнай часткай грамадства (…) і ў радасці, і ў горы была з народам, давала надзею ў смутныя часы”. “Будслаў стаў сапраўдным пастырскім цэнтрам і месцам асаблівага культу, - адзначыў Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. – Доўгі і славуты шлях хрысціянства на нашай зямлі знаходзіць свой працяг”. “Дарагога каштуюць вашы заслугі ў справе сцвярджэння маральных каштоўнасцяў”, - звярнуўся выступоўца да святароў, а з нагоды юбілею біскупскага служэння Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ад імя абласнога выканаўчага камітэта і губернатара вобласці Сямёна Шапіры падарыў іерарху слуцкі пояс, вышыты залатой ніткай.

Прадстаўніца моладзі, таксама віншуючы Мітрапаліта з юбілеем, сказала: “Дзякуй Вам за тое, што Вы заўсёды з намі, сваімі вернікамі, за Вашу маладосць духу і энергічнасць. Жадаем, каб зерне Божага слова, якое Вы сееце ў душах вернікаў, прынесла багаты плён”. Іерарху была падорана копія абраза Маці Божай Будслаўскай.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных і дзякуючы Богу за добрае надвор’е ў гэтыя дні і магчымасць для вернікаў маліцца ў Будславе, адзначыў: “Нарэшце ў Беларусь прыйшлі цёплыя дні лета, але лета таксама павінна быць у нашых душах”. “Я спадзяюся, што вы выйдзеце адсюль з гарачымі сэрцамі, якія нагрэліся ля алтара Маці Божай”, - дадаў арцыпастыр. Іерарх падзякаваў на розных мовах усім удзельнікам урачыстасцяў, а таксама папрасіў маліцца аб тым, каб надалей мог годна выконваць сваё пастырскае служэнне.

Вернікі атрымалі благаслаўленне рэліквіямі св. Яна Паўла ІІ, якія прысутнічалі на сёлетніх урачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі. Затым удзельнікі Імшы мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі ў індывідуальным парадку.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.