Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці
Іерархі
09.11.2016 09:49

Тэкст паслання на польскай мове>>>

Божая міласэрнасць на вякі

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Вось і завяршаецца зусім яшчэ, здаецца, нядаўна распачаты з ініцыятывы Святога Айца Францішка Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, дэвіз якога — «Міласэрныя, як Айцец» (пар. Лк 6, 36).

Сёння, на фінішы гэтага часу ласкі, у яго апошні дзень у дыяцэзіях, дзякуем Богу за гэты надзвычайны дар Касцёлу і свету, які стаў магчымым дзякуючы рашэнню Пантыфіка, як Вікарыя Хрыста на зямлі. Як шмат людзей змагло нанова адкрыць бязмежную скарбніцу Божай міласэрнасці і яе спазнаць! Як шмат вярнулася да Бога! Як шмат знайшло страчаную надзею! Гэта ведае толькі Бог!

2. Каталіцкі Касцёл у Беларусі і наша Мінска-Магілёўская архідыяцэзія актыўна ўключыліся ў сусветнае святкаванне Юбілею. Яго галоўным пунктам у нашай краіне стала святкаванне сярэбранага юбілею адраджэння іерархічных структур Касцёла і ўстанаўленне Мінска-Магілёскай мітраполіі. 25 гадоў таму ў яе ўвайшлі аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская і новазаснаваная Гродзенская дыяцэзіі. Сёння ў яе склад уваходіць таксама заснаваная ў 1999 г. Віцебская дыяцэзія.

Адраджэнне іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне св. Янам Паўлам II стала яго правідэнцыйным рашэннем. Ён своечасова прачытаў знакі часу сацыяльна-палітычных змен ва ўжо былым Савецкім Саюзе, якія прынеслі свабоду веравызнання, і імгненна на іх адказаў. Дзякуючы гэтаму Касцёл на Беларусі атрымаў новы імпульс і магчымасці для свайго развіцця. Пасля доўгай, трываючай тры пакаленні, ночы ганенняў нарэшце настаў дзень, калі ўтоеная і загнаная атэістычным рэжымам пад зямлю рака веры з новай моцай вырвалася наверх.

Такім чынам, Божая міласэрнасць ва ўсёй сваёй паўнаце праявілася там, дзе, здавалася, ужо ніколі не будзе абвяшчацца Евангелле. Святкаванне сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла стала падзякай за бязмежную Божую міласэрнасць, якая праявілася тады і якую сёння мы працягваем спазнаваць.

3. Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які завяршаецца, быў таксама напоўнены многімі іншымі ініцыятывамі і падзеямі. Гэта найперш юбілейныя сустрэчы святароў, кансэкраваных асобаў, касцёльных рухаў, семінарыстаў, сем’яў, першакамунійных дзяцей, катэхетаў архідыяцэзіі і студэнтаў Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, працаўнікоў дабрачынных арганізацый «Карытас», вязняў, супрацоўнікаў санктуарыяў, мас-медыя, розных малітоўных груп і г.д.

Гэты час таксама быў пазначаны многімі іншымі знакавымі падзеямі, якія арганічна ўпісаліся ў атмасферу Юбілейнага Года і сярод якіх, у першую чаргу, неабходна вылучыць пілігрымкі да Брамаў Міласэрнасці і розных санктуарыяў у Беларусі і за мяжой.

Знакавай падзеяй гэтага года сталі XXXI Сусветныя дні моладзі, якія прайшлі ў Кракаве пад дэвізам «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7). Гэты моладзевы форум, нягледзячы на крызіс веры, які праяўляецца, яшчэ раз паказаў маладосць і дынамізм Касцёла. Моладзь ясна выказалася за духоўныя каштоўнасці, на якіх яна імкнецца будаваць сваю будучыню і праз сведчанне веры несці яе ў сучасны секулярызаваны свет.

4. Вядучай думкай Юбілейнага Года было пазнанне ідэі міласэрнасці як галоўнай прыкметы Бога, яе спазнання і ажыццяўлення ў практыцы штодзённага жыцця. Міласэрнасць з’яўляецца ключавым словам дзейнасці Бога адносна чалавека, і яна нікім і нічым не абмежавана. Калі краіны маюць межы, палітычныя партыі і сацыяльна-эканамічныя сістэмы – свае канкрэтныя праграмы дзеяння, то Божая міласэрнасць бязмежная.

Бог не абмяжоўваецца толькі дэклараваннем сваёй любові, але выяўляе яе бачным і яўным чынам. Таму міласэрнасць Бога – гэта не што іншае, як Яго адказнасць за нас, бо Ён жадае нам дабра, шчасця, радасці і супакою, як вучыць Папа Францішак (пар. MV 9).

5. А як мы ўспрымаем Бога? Кім Ён для нас з'яўляецца? Суровым суддзёй ці міласэрным Айцом?

Як Творца сусвету, Ён дае нам сваё права, якому павінна быць падпарадкавана ўсё. У той жа час чалавек мае свае жаданні. Ён імкнецца да неабмежаванай свабоды, прагне прыемнасцяў, улады, багацця і г.д. Таму ён нярэдка ўспрымае Бога як нейкага канкурэнта на сваім жыццёвым шляху. Часамі нават як інквізітара. Божая воля здаецца яму непрымальнай і непрыязнай.

У сувязі з гэтым некаторыя атэістычныя мысляры, як, напрыклад, францускі філосаф Жан-Поль Сартр, кажуць, што там, дзе нараджаецца Бог, памірае чалавек (пар. http://www.brilliantlifequotes.com/inspirational/jean-paul-sartre-quotes/). На самой справе, як паказала яшчэ зусім нядаўняя гісторыя ганенняў на веру, там, дзе няма Бога, духоўна памірае чалавек. А Бог ёсць не толькі ў сваім слове і сакрамэнтах, але і ў справах міласэрнасці, аб чым сведчаць словы Езуса: «Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне» (Мц 25, 45).

6. Трэба сказаць, што хрысціянства заўсёды было пазначана ідэяй міласэрнасці. Аднак найчасцей яна ўспрымалася як злагоджванне патрабаванняў закону, у тым ліку Божага, або віны аднаго чалавека перад іншым. Такім чынам ідэя Божай міласэрнасці звужалася да выключэння, замет таго, каб быць паўсюдным правілам, як гэтаму вучыць і дае прыклад Хрыстус.

Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці стаў добрай нагодай, каб вярнуцца да сапраўднага біблейскага аблічча Бога, які не толькі праяўляе міласэрнасць, але і сам ёю з’яўляецца.

7. Святы апостал Ян вучыць, што «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8). Гэта любоў адносна чалавека становіцца ласкай і міласэрнасцю, аб чым найлепей сведчыць жыццё і крыжовая смерць Сына Божага. Грэх чалавека не змяняе характару гэтай любові. Наадварот, ён з’яўляецца прычынай таго, што яна якасна змяняецца і становіцца міласэрнасцю. Менавіта ў гэтым праяўляецца прынесеная Езусам навізна Евангелля, якая заключаецца ў бязмежнай Божай міласэрнасці. Нездарма св. апостал Павел вучыць, што Бог багаты на міласэрнасць (пар. Эф 2, 4).

На пачатку была Божая любоў, а Яго міласэрнасць з’явілася як адказ бязмежнай любові Бога на грэх чалавека. Сваім вучэннем і дзейнасцю Езус сцвярджае, што міласэрнасць – гэта не толькі чын нябеснага Айца, але і крытэрый, які дазваляе зразумець, кім павінны быць Яго сапраўдныя дзеці. Таму мы, якія спазналі Божую міласэрнасць, павінны ёю жыць (пар. MV 10). Менавіта таму яна мае моц збавіць свет. Нам жа, у адказ на яе, паводле слоў св. апостала Паўла, неабходна апрануцца ў міласэрнасць (пар. Кал 3, 12).

Калі Бог літуецца над чалавекам (пар. Пс 103 (102), 13), то і мы таксама павінны ўзаемна літавацца адзін над адным. Спазнаўшы Божую міласэрнасць, мы не маем права пакінуць яе толькі для сябе. Гэта той дар, якім мы павінны дзяліцца з іншымі, каб і іх прывесці да крыніцы бязмежнай Божай міласэрнасці.

Толькі так мы зможам у сваім жыцці рэалізаваць дэвіз Юбілейгага Года — «Міласэрныя, як Айцец». Касцёл вуснамі св. Яна XXIII заклікае больш карыстацца лекамі міласэрнасці, чым зброяй суровасці (пар. Прамова з нагоды ўрачыстага адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору Gaudet Mater Ecclesia, 11 X 1962, 2-3: MV 4).

Святы Ян Павел II, зыходзячы з таямніцы Хрыста, праз якога ў найвышэйшай меры праявілася Божая міласэрнасць, заклікаў да пільнай неабходнасці абвяшчэння міласэрнасці і сведчання пра яе ў сучасным свеце, які знаходзіцца ў вялікай небяспецы (пар. DM 15). Дзейсная любоў з’яўляецца візітнай картай хрысціяніна. Таму, кіруючыся вучэннем Папы Вайтылы, што адзіная канкурэнцыя, якая можа быць паміж намі, – гэта канкурэнцыя ў тым, чыя любоў мацнейшая (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/2001/documents/hf_jp-ii_hom_20010927_etchmiadzin-armenia.html), неабходна імкнуцца да рэальнага праяўлення яе ў нашым жыцці,

8. Міласэрнасць – гэта Божая спадчына, якая ажыла нанова, дзякуючы Юбілейнаму Году Божай Міласэрнасці, і адначасова заданне, да якіх мы павінны заўсёды вяртацца. Нездарма Папа Францішак вучыць, што «міласэрнасць – гэта найвышэйшы і канчатковы чын, праз які Бог выходзіць нам насустрач. Міласэрнасць – гэта асноўны закон, які жыве ў сэрцы кожнага чалавека, калі ён глядзіць шчырымі вачыма на свайго  брата, якога сустракае на жыццёвым шляху. Міласэрнасць – гэта шлях, які лучыць Бога з чалавекам, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы будзем умілаваныя назаўсёды, нягледзячы на недасканаласць, якой ёсць грэх» (MV 2).

9. Сёння зачыняюцца Брамы Міласэрнасці, аднак міласэрнае сэрца Бога застаецца адкрытым: «Ён нястомна адчыняе дзверы свайго сэрца, каб паўтараць, што нас любіць і хоча дзяліць з намі сваё жыццё» (MV 25). Парафразуючы вядомую традыцыйную англійскую прыказку «The King is dead, long live the King!» («Кароль памёр, няхай жыве Кароль!»), мы павінны казаць: «Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці завяршыўся, аднак жыццядайная моц міласэрнасці засталася». Нездарма Святое Пісанне кажа, што Божая міласэрнасць на вякі (пар. Пс 136 (135)).

Хрыстус у евангельскіх прыпавесцях раскрывае сутнасць Бога як міласэрнага Айца, які ніколі не адступаецца, пакуль не пераможа грэх і адкінутасць спачуваннем і міласэрнасцю. У іх міласэрнасць паказана як сіла, якая перамяняе свет, напаўняе сэрца любоўю і суцяшае прабачэннем (пар. MV 9).    
Міласэрны Ойча, дзякуем Табе за ласкі Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. Перапрашаем за, можа, не да канца выкарыстаныя яго магчымасці. Просім заўсёды заставацца міласэрнымі да нас і да нашай Айчыны.

Згодна з Тваім пажаданнем «міласэрнасці хачу, а не ахвяры» (Ос 6, 6), якое павінна быць правілам хрысціянскага жыцця, учыні нас, людзей жорсткага XXI стагоддзя, інструментамі Тваёй міласэрнасці, каб яна дасягнула сэрца кожнага чалавека, яго перамяніла і гэтым самым змяняла свет на лепшы. Умацаваныя ласкай Юбілейнага Года, выйдзем насустрач кожнай асобе, несучы дабрыню і пяшчоту Бога. Няхай праз нашае служэнне да ўсіх людзей дойдзе бальзам Божай міласэрнасці, як знак Божага Валадарства, якое прысутнічае сярод нас (пар. MV 5).

На прыняцце ласкі Божай міласэрнасці і яе сведчання ў свеце, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі – Маці міласэрнасці і Каўчэгу Запавету паміж Богам і чалавекам, – ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 9 лістапада 2016 г.
Свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Ян Павел II. Энцыкліка «Dives in misericordiae» (DM).
2. Францішак. Була «Misericordiae vultus» (MV).
3. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/2001/documents/hf_jp-ii_hom_20010927_etchmiadzin-armenia.html.    
4. http://www.brilliantlifequotes.com/inspirational/jean-paul-sartre-quotes/.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам 13 лістапада 2016 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію