Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне на месцы ўзарванага касцёла Фара Вітаўта плануюць стварыць памятную скульптурную кампазіцыю
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.11.2013 14:05

У Гродне на месцы ўзарванага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі (Фара Вітаўта) з’явіцца памятная скульптурная кампазіцыя. Аб гэтым паведаміў першы намеснік старшыні галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

Як інфармуе БЕЛТА, скульптурную кампазіцыю ў выглядзе паўразбуранай аркі з памятным надпісам усталююць у 2014 г. у скверы на плошчы Савецкай. Ужо выкананы эскізы помніка.

Яшчэ адна скульптура ў памяць аб страчаных святынях – “Паклонныя крыжы” – з’явіцца ў наступным годзе каля абласнога драмтэатра. Яна будзе нагадваць пра кляштар бернардынак (пазней Свята-Барысаглебскі манастыр), які размяшчаўся на гэтым месцы.

Таксама абмяркоўваецца пытанне аб усталяванні мемарыяльных дошак у гонар вядомых дзеячаў, якія жылі ў Гродне. Сярод іх – Антоні Тызенгауз, Стэфан Баторый, Вітаўт Вялікі, Напалеон Орда і іншыя.

Фара Вітаўта была ўзарвана 52 гады таму – 29 лістапада 1961 года. Гэта была самая вялікая святыня Гродна, пабудаваная па распараджэнні князя Вітаўта ў 1389 г. спачатку як драўляная. Пра яе ўзгадаў 29 лістапада 2013 г., паведамляючы ў мінскай архікатэдры аб прызначэнні Папам трох новых біскупаў Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «52 гады таму ў той дзень раніцай я ехаў аўтобусам у школу. Людзей у аўтобусе было вельмі многа і было цёмна, так што праз акно я нічога не бачыў. На прыпынку на Савецкай плошчы нехта сказаў: "Усё, касцёла няма”. Пасля заняткаў я пайшоў да касцёла і ўбачыў, што яго руіны вывозяць за горад», - нагадаў арцыбіскуп. «Аднак Касцёл ёсць, бо ён – гэта Хрыстус, які жыве ў часе і прасторы. Яго можна пераследаваць, але нельга знішчыць», - падкрэсліў Мітрапаліт, дадаўшы, што новыя біскупскія прызначэнні – «знак існавання Касцёла і яго ўмацавання».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.