Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Вялікі дар Касцёлу ў Беларусі»: у мінскай архікатэдры абвясцілі аб прызначэнні новых біскупаў (+ фота, +відэа)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.11.2013 14:53

29 лістапада стала вядома аб прызначэнні трох новых біскупаў Беларусі. У мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, выконваючы даручэнне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, аб гэтым паведаміў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Звяртаючыся да прысутных святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, Мітрапаліт паведаміў, што ў гэты дзень Папа Францішак прызначыў кс. Юрыя Касабуцкага, канцлера Мінска-Магілёўскай Курыі, адміністратара парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Адначасова іерарх паведаміў, што Папа прызначыў пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага і дэкана дэканату Віцебск-паўночны кс. Алега Буткевіча новым віцебскім ардынарыем, а рэктара Гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, віцэ-афіцыяла Гродзенскага касцёльнага суда мансіньёра Іосіфа Станеўскага - дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.

«Такім чынам, пасля гэтых рашэнняў Святога Айца Францішка беларускі каталіцкі епіскапат павялічыўся з чатырох да сямі біскупаў, - дадаў Мітрапаліт. - Гэта вялікі дар Касцёлу ў Беларусі, які служыць духоўнаму дабру нашай краіны».

Па словах арцыпастыра, гэтая дата з’яўляецца вельмі сімвалічнай: 29 лістапада 1961 г. быў узарваны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, так званая Фара Вітаўта. «52 гады таму ў той дзень раніцай я ехаў аўтобусам у школу. Людзей у аўтобусе было вельмі многа і было цёмна, так што праз акно я нічога не бачыў. На прыпынку на Савецкай плошчы нехта сказаў: "Усё, касцёла няма”. Пасля заняткаў я пайшоў да касцёла і ўбачыў, што яго руіны вывозяць за горад», - узгадаў арцыбіскуп.

«Аднак Касцёл ёсць, бо ён – гэта Хрыстус, які жыве ў часе і прасторы. Яго можна пераследаваць, але нельга знішчыць», - падкрэсліў Мітрапаліт, дадаўшы, што новыя біскупскія прызначэнні – «знак існавання Касцёла і яго ўмацавання».

Іерарх выказаў упэўненасць, што новыя біскупскія прызначэнні стануць «новай вясной Каталіцкага Касцёла ў Беларусі» і прынясуць «новыя багатыя духоўныя плёны яго служэння».

Поўны тэкст слова Мітрапаліта>>>

Арцыпастыр павіншаваў біскупа наміната Юрыя Касабуцкага з прызначэннем.

Біскуп намінат, звяртаючыся да прысутных, прызнаўся: «Згадзіцца з такой воляй Святога Айца было нялёгка, прыйшлося не адзін раз прамовіць словы з малітвы: “Няхай споўніцца Твая воля”». «Я хачу скласці гэтае служэнне ў рукі Бога», - дадаў біскуп намінат і паведаміў, што сваім біскупскім дэвізам абраў словы «Трываць у Хрысце», што нагадвае прыпавесць з Евангелля пра вінаградную лазу: «Калі мы, якія з’яўляемся галінкамі, трымаемся за Хрыста – лаза квітнее».

Біскуп намінат папрасіў духавенства і вернікаў аб малітве, а таксама падзякаваў Святому Айцу за давер, выказаны яму, дадаўшы: «Я пастараюся прыкласці ўсе намаганні, каб годна выконваць гэтае служэнне».

На заканчэнне Мітрапаліт папрасіў біскупа наміната благаславіць прысутных.

Усе прысутныя памаліліся за новапрызначанага біскупа Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама праспявалі гімн “Магутны Божа”.


Анастасія Грышан

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.