Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Услед за святымі Кірылам і Мятодам, альбо гісторыя кахання Аляксея і Ірыны
Рознае
14.02.2016 16:27

Слухаючы лекцыі пра славянскіх асветнікаў Кірыла і Мятода ў аўдыторыях філфака БДУ, ні Аляксей, ні Ірына не ведалі, што ў хуткім часе іх будзе яднаць славянскі дыялог, і не толькі славянскі, але і сужэнскі…

14 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святых Кірыла, манаха, і Мятода, біскупа, апекуноў Еўропы, братоў з горада Салонікі (Салунь) —  стваральнікаў славянскай азбукі і царкоўнаславянскай мовы.

Седзячы ў філфакаўскай аўдыторыі і слухаючы пра жыццё салунскіх братоў, якія распрацавалі на славянскай мове адмысловую азбуку — глаголіцу, пераклалі з грэчаскай мовы Святое Пісанне і шэраг іншых літургічных кніг для славян, ні гераіня нашага матэрыялу Ірына, ні герой Аляксей не ведалі, што праз нейкі час іх дзейнасць і жыццё будуць звязаны са славянскай тэматыкай, а яшчэ больш — што яны самі будуць звязаны паміж сабою моцнай сувяззю — сужэнскай…

Пры тым, што і слухалі яны гэтыя лекцыі ў розныя гады. Яна — на год раней. І яна, і ён — будучы студэнтамі філалагічнага факультэта БДУ аддзялення «Беларуская філалогія».

Час мінаў, а ў філфакаўскім асяроддзі ён нават пралятаў.

Неяк на адной са славянскіх вечарын, якія штогод ладзяцца на філфаку БДУ вясной, Аляксей Зімнеў і Ірына Прычынец заўважылі адно аднаго.

Ірына прыгадвае той момант: «Першая нашая сустрэча на філфаку адбылася падчас рэпетыцыі песні пра здраду курыцы, дзе Лёша быў пеўнем, а я грала на гітары і спявала».

Заўважанасць не скончылася беспаспяхова. На факультэце было адзначана, што з’явілася чарговая студэнцкая пара.

Час ішоў. Студэнцтва падыходзіла да завяршэння.

Тут Аляксей і Ірына зразумелі, што і час іх адносін як «студэнцкай пары» таксама падышоў да завяршэння. Зразумела, іх чакаў новы этап.

Вось так выглядаў гэты пераход, калі Лёша зрабіў прапанову Іры.

Спачатку Лёша папрасіў усіх сяброў і сябровак, каб дапамаглі яму зрабіць афіцыйную прапанову. Кожнаму было дадзена слова з Лёшавай прамовы да Іры, з якім, надрукаваным на лісце А4, трэба было сфатаграфавацца. Такім чынам, пра афіцыйную заяву Лёшы найперш даведаліся сябры, а потым і Іра, якая, між тым, адзначае, што «ўжо ў першыя месяцы спатканняў мы ведалі, што будзем разам, але Лёшка зрабіў афіцыйную прапанову».

На ролік «Афіцыйнай прапановы» можна перайсці па спасылцы»»

І ў хуткасці родныя і сябры рыхтаваліся да вяселля. Найбольш, канешне, рыхтаваліся Аляксей і Ірына, якія ў межах падрыхтоўкі наведвалі і спецыяльныя заняткі ў мінскай архікатэдры.

Ірына дадае: «Для Лёшы гэта была і падрыхтоўка да першай споведзі і Камуніі, бо ён быў праваслаўны, але вырашыў перайсці ў каталіцтва».

Вянчанне было ў роднай парафіі Ірыны – у Рубяжэвічах


Шлюб маладыя бралі не ў Мінску, дзе прабягала студэнцкае жыццё, а ў Рубяжэвічах.

На той час у рубяжэвіцкай парафіі Св. Юзафа яшчэ працаваў кс. Рычард Юнік, які і ўдзяліў Аляксею і Ірыне запаветны сакрамэнт 21 ліпеня 2012 года.

Гэты касцёл Ірына наведвала з дзяцінства, прыходзячы ў яго з вёскі пад прыгожай і яркай назвай — Журавінка, дзе зараз жывуць яе бацькі і малодшая сястра Ангеліна.

«Слаўная мірам»

Час ляцеў, і ў хуткасці шчаслівая пара стала і благаслаўлёная дачушкай Міраславай.

Ірына: «Калі нарадзілася наша Мірка, то яе імя з прапанаваных мною каталіцкіх імёнаў выбраў Лёшка. Яно зразумелае, славянскае і ёсць такая святая, пад чыёй апекай знаходзіцца Мірка».

«Слаўная мірам» — імя славянскага паходжання, якое мае аднолькавую форму і на беларускай, і на рускай, і на польскай, і на славацкай, і на славенскай, і на ўкраінскай, і на чэшскай мовах…

Адным словам, куды б Мірка ні паехала, у кожным з гэтых народаў, яна была б сваёй…

«Цэнтр славянскіх моў і культур»

Сваёй яшчэ і таму, што амаль з самага нараджэння ёй і яе бацькам славянскія мовы здаралася чуць вельмі часта, а таксама навучаць гэтым мовам разам з кагортай філолагаў-славян, якія ўсе дружна, як калісьці салунскія браты, узяліся за працу ў моўным цэнтры, дзе мама Міркі стала дырэктарам.

Але з чаго ўсё пачыналася?


Ірына: «Калі Мірцы быў месяц, я пачала працаваць па тры гадзінкі ў дзень на вячэрніх курсах, а з Міркай у гэты час быў Лёшка. Людзям падабалася, як я выкладала, і Лёша падбухторваў мяне адкрыць ІП, каб афіцыйна працаваць і магчы збіраць групы. Пакуль мы аформілі ІП і знайшлі аўдыторыю для заняткаў, Лёша збіраў вучняў праз інтэрнэт-групы, а таксама людзі прыходзілі па рэкамендацыях. Паўгода мы працавалі так, а пасля ахвотных стала больш, і я не магла ўсіх вучыць. Таму неяк паціху вырашылі браць іншых выкладчыкаў на працу, у той час з намі быў яшчэ сябра Сяргей Самахвал, разам з якім было вырашана стварыць цэнтр — асяродак славянскасці. Тым больш, праблемы з выкладчыкамі таксама не было, бо хапала знаёмых на філфаку».

Грошы з вяселля Ірына і Лёша ўклалі ў адкрыццё цэнтра славянскасці

«Лёша падштурхоўваў на актыўныя дзеянні, грошы ў нас з вяселля акурат заставаліся і іх усе мы і ўклалі на адкрыццё нашага Цэнтра. За лета мы ўсё зрабілі, і ўжо ў верасні пачаліся першыя групы», — распавядае Ірына.

«Цэнтр славянскіх моў і культур» — такая афіцыйная назва цэнтра славянскасці — з’явіўся на пачатку верасня 2014 года.

Адной з яго адметных рысаў сталі не толькі дзевяць славянскіх моў, якія там можна асвоіць для працы, самаразвіцця, вучобы і г.д, але і адмысловыя курсы. У цэнтры спадарыні Ірыны, альбо пані Ірэны, як яе называюць вучні і некаторыя выкладчыкі, ажыццявілася ў рэальнасць ідэя распрацоўкі падручніка для «студэнцікаў-беларусікаў», які складаецца з тэматычных урокаў-крокаў.

У гэтым падручніку героямі-вядоўцамі з’яўляюцца Мірка і Дзядуля Бай, якіх вельмі палюбілі вучні.

У выніку зараз у цэнтры навучаюцца вучні пачатковых класаў і вышэй, якія жадаюць на больш высокім узроўні валодаць беларускай мовай, а, можа быць, найперш выкарыстоўваць беларускую мову ў штодзённым маўленні.

Сям’я і вера

Ірына: «Я вельмі ўдзячна Лёшу, што ён перайшоў у каталіцтва і дзяцей мы хрысцілі і будзем хрысціць у касцёле, бо сям’я павінна быць усё ж разам у веравызнанні.

Аднак ніякага прымусу хадзіць у касцёл у нас няма. Калі ў Лёшы ёсць жаданне, то ён разам з намі ідзе на Імшу. Мы ахвотна ездзім у рубяжэвіцкі касцёл, дзе бралі шлюб, дзе хрысцілі мяне і Мірку, і плануем хрысціць Амільку, якая павінна нарадзіцца праз некалькі месяцаў.

Мірка вельмі любіць хадзіць у касцёл, глядзець на "Бозіньку" і вучыцца маліцца. Кожны вечар абавязкова жагнаецца і сама кажа: “У імя Айца і Сына…”

Ёй падабаецца атмасфера, якая пануе ў касцёле, і яна заўсёды ахвотна ўдзельнічае ў Імшы, як гэта толькі можа рабіць дзіця, якому ў жніўні будзе тры гадкі…»

Мары-планы і тры «Шчасцейкі»

Ірына: «Зараз нашы планы звязаны перш за ўсё з чаканнем другой дачушкі. Мы вельмі рады, што наша сям’я расце і мацнее, і што Бог даў нам ужо адно Шчасцейка, а зараз з’явіцца яшчэ адно.

Мы плануем далей развіваць нашу з мужам справу. «Цэнтр славянскіх моў і культур» — гэта таксама наша трэцяе дзіця, якое патрабуе ўвагі, кантролю і паляпшэння. Мы стараемся ствараць для нашых працаўнікоў прыемную атмасферу, якая добра ўплывае і на навучанне студэнтаў. Мы плануем і далей ствараць кніжачкі для нашых маленькіх студэнцікаў-беларусікаў.

Я вельмі рада, што ў свой час Бог паслаў мне майго Лёшку, які мне і муж, і сябар, і кампаньён і проста выдатны чалавек! Які, пакуль я ляжу ў шпіталі тыдзень, зараз змагаецца з Міркай, прыходзіць да мяне і корміць з лыжкі. Дай Бог кожнаму такую другую палову!»

Аксана Ючкавіч

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона
27.11 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Першая адвэнтавая антыфона
25.11 13:26Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Уводзіны
25.11 13:23Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі
19.11 22:45Ліст на ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету ад супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску
14.11 14:51Ксёндз Валянцін Станкевіч: святы Валянцін — прыклад ахвярнай любові, якая не баіцца смерці
10.11 08:17Божае слова ў фарматах для электронных кніг, планшэтаў і смартфонаў цяпер на Catholic.by
06.07 07:30«Былі ў мяне пілігрымы», або як наш люд прымае на начлег пілігрымаў
13.05 13:57Функцыі Апостальскага Нунцыя: 5 пытанняў па тэме