Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Легіён Марыі прымае віншаванні і імкнецца аддана служыць Богу
Беларусь
07.09.2009 19:13
Жнівень — месяц, калі ў Беларусі быў створаны апостальскі рух свецкіх людзей Легіён Марыі. У гэтым годзе рух адзначыў сваё 15-годдзе. Невялікі, але важны для легіянераў юбілей суправаджаўся шэрагам адметных падзей. 15 жніўня 2009 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, легіянеры з усёй Беларусі сабраліся ў Мосары (Глыбоцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія), дзе на Гары крыжоў быў устаноўлены і асвечаны памятны крыж — знак удзячнасці членаў руху за 15 гадоў працы на хвалу Божую.

З 27 па 30 жніўня ў доме Святой Тройцы ў Баранавічах легіянеры Марыі прынялі ўдзел у рэкалекцыях. Праводзіў іх кс. Канстанцін Карака, які выконвае абавязкі пробашча ў г. Глуску (Бабруйскі дэканат). Увесь гэты час з легіянерамі быў іх духоўны кіраўнік а. Юрый Находка. Духоўнай апекай атуляў прысутных таксама мадэратар Легіёна Марыі кс. Юзаф Дзеконьскі. Чатыры дні напружанай духоўнай працы і безліч Божых ласкаў — так коратка можна ахарактарызаваць гэтыя рэкалекцыі. Легіянеры выказваюць удзячнасць Найвышэйшаму, Маці Божай і сваім духоўным кіраўнікам за магчымасць сабрацца разам, падзяліцца вопытам і ў чарговы раз упэўніцца ў тым, што пакліканне да апостальскай дзейнасці ў Легіёне Марыі — гэта вялікая ласка, каштоўны падарунак ад Пана Бога, якім трэба даражыць.

Завяршэннем святкавання 15-годдзя Легіёна Марыі ў Беларусі стала ўрачыстасць у Будславе. 5 верасня шматлікія легіянеры з усёй Беларусі сабраліся ў нацыянальным санктуарыі, куды прыехалі таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, а таксама 7 святароў — духоўных кіраўнікоў Легіёна Марыі. Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец, з прамовай да легіянераў звярнуўся біскуп Антоні Дзям’янка. Ён падзякаваў воінам Марыі за іх самаахвярнасць у справе служэння Богу і людзям, выказаў пажаданне таго, каб Легіён Марыі плённа развіваўся і каб кожная парафія ў Беларусі мела гэтую марыйную супольнасць. Напрыканцы ўрачыстасцяў бп. Велікаселец у сваім кранальным звароце да легіянераў запрасіў іх да яшчэ больш інтэнсіўнай малітвы і працы ў справе ратавання гэтага свету, які патанае ў грахах. Ён таксама ўдзяліў пастырскае благаслаўленне і падараваў кожнаму абразік Маці Божай Вострабрамскай з нагоды 25-годдзя сваіх святарскіх пасвячэнняў і 10-годдзя біскупскай сакры, якія не так даўно адзначаў.

Умацаваныя Божай ласкай, духоўнай і маральнай падтрымкай сваіх біскупаў і святароў, легіянеры вярталіся дадому з гарачым жаданнем яшчэ больш аддана служыць Езусу Хрысту праз Марыю.

Галіна Калевіч



Фота а. Конрада Патыкі
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.