Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне другое «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі»
Беларусь
12.03.2017 05:49

Уводзіны ў малітву

Сёння на пачатку малітвы звярні ўвагу на сваё атачэнне. Навокал цябе можа быць шумна, а можа — вельмі спакойна. Звярні ўвагу на тое, як ты адчуваеш сябе ў гэтым месцы. Ці табе ўтульна? Ці задаволены ты? Можа раздражнёны? Абцяжараны? Проста крыху над гэтым паразважай. А зараз уяві сябе ў вельмі прыгожым месцы. Напрыклад, на беразе мора альбо сярод вясковых краявідаў ці ў гарах. Дзе б гэта ні было, проста пабудзь там у цішыні з Богам.

Запрашэнне

Вера ў вечнае жыццё з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для многіх людзей, нават для некаторых пабожных вернікаў. А без веры ў жыццё пасля смерці нас часта адольвае страх перад невядомым. Гэта адзін з самых распаўсюджаных страхаў у жыцці хрысціяніна.

Ніхто з нас не пазбаўлены дарэшты сумневаў у духоўным жыцці. І ў такія моманты мы можам спытаць сябе: што чакае мяне пасля смерці? Ці ўся гэтая вера не дарэмная? Ці здабуду я ўзнагароду за добрыя справы, якія ўчыніў у зямным жыцці? Можа, буду пакараны за дрэнныя рэчы, якія я зрабіў? Што здарылася з людзьмі, якіх я любіў? Ці ўбачу я іх? Слухаючы чытанне з Евангелля паводле Лукі, паслухай, што Езус кажа добраму злачынцу...


Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Лк 23, 39-43  

Адзін з укрыжаваных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі». 

Разважанне

Прамаўляючы гэтыя словы з крыжа, Езус абяцае надзею на жыццё пасля смерці. Гэта адно з некалькіх месцаў Евангелля, дзе Езус дае такое абяцанне. У Евангеллі паводле Яна, непасрэдна перад тым, як Езус уваскрашае Лазара з мёртвых, Ён кажа Марце, сястры нябожчыка: «Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі» (Ян 11, 25-26).

Пазней у Евангеллі ад Яна, падчас Апошняй Вячэры, перад тым, як пакінуць сваіх вучняў, Езус кажа: «У доме Айца Майго шмат святліц ... пайду і падрыхтую вам месца» (Ян 14, 2-3).

Езус, які на працягу свайго жыцця адчуваў няўпэўненасць людзей, разумее сумневы — нават сумневы ў існаванні вечнага жыцця. Такім чынам, абяцанне вечнага жыцця павінна гучаць для нас пераканаўча ўжо толькі таму, што яго дае нам Езус. А Езус, зразумела, не хлусіць.

Добры злачынец паказвае нам, хто знаходзіцца побач з ім. Так, гэта чалавек. Чалавек з простым імем Езус. Але таксама і Бог. Чалавек, які можа адкрыць для яго рай. З крыжа Езус кажа добраму злачынцу — і нам — пра будучыню, якая нас чакае. Нават у цярпеннях Ён прапануе чалавеку свайго роду духоўнае ацаленне. Такім чынам, адным з апошніх дзеянняў Езуса перад смерцю на зямлі было ацаленне. «Не хвалюйцеся, — кажа Ён. — Рай існуе». І мы павінны паверыць у тое, што кажа Езус.

Як кажа апостал Павел у пасланні да Рымлянаў, нават смерць не можа адлучыць нас ад Божай любові. Мы молімся аб тым, каб аднойчы быць з Езусам у раі. Езус паабяцаў нам гэта. У нас ёсць сведчанне Вялікадня. І мы ведаем, што Бог ніколі не знішчыць адносінаў з намі. У адзін цудоўны дзень, падобна ўратаванаму злачынцу, мы ўбачым, што ўсё гэта праўда.

Размова з Богам


  • Што ты адчуваеш, калі думаеш пра жыццё пасля смерці? Хваляванне? Страх? Ці, можа, сумневы? Паразважай хвілінку над сваімі пачуццямі.
  • А цяпер аддай гэтыя пачуцці Богу, выказваючы іх такім чынам, які з’яўляецца для цябе натуральным.
  • Як ты перажываеш свае адносіны з Богам? Ці адчуваеш Яго прысутнасць увесь час? Можа, часам табе цяжка па-сапраўднаму верыць у Яго любоў да Цябе?
  • На заканчэнне ўсё тое, што закранула цябе, аддай Богу, які кліча нас у рай.

фВялікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь

25.03 05:43Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне чацвёртае «Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
23.03 18:30Разважанне да набажэнства Крыжовага шляху на тэму працы
23.03 10:22У Нацыянальным мастацкім музеі пасля рэстаўрацыі прадставілі карціну Яна Дамеля «Маленне аб чашы»
21.03 11:59Дзённік перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай (Негарэлае, Узда)
19.03 05:30Вялікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне трэцяе «Жанчына, вось сын Твой»
17.03 17:07Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў пінскай семінарыі
16.03 18:46Марыянін Андрэй Сідаровіч MIC: Дзякуючы кс. Юзафу Пятушку я распазнаў сваё пакліканне
16.03 11:25Беларуская даследчыца Бібліі Галіна Сініла ўзнагароджана прэміяй «Дыялог, узаемаразуменне і прымірэнне»
16.03 09:18Да дня св. Патрыка у мінскім кінатэатры прэзентуюць ірландскі мультфільм па-беларуску
12.03 05:49Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне другое «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі»