Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Зборная каталіцкіх святароў Беларусі вырушае ў Харватыю на Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў
Беларусь
18.02.2017 09:01

19 лютага каталіцкія святары Беларусі — удзельнікі футбольнай зборнай — выправяцца на XI Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Сёлета ён пройдзе ў Харватыі з 20 па 23 лютага.

Catholic.by пагутарыў з капітанам каманды кс. Паўлам Салабудам і пацікавіўся настроем зборнай перад пачаткам спаборніцтваў.

«Сёлета ў турніры 15 каманд. Традыцыйна найбольш моцнымі з’яўляюцца зборныя святароў з Польшчы, Босніі і Герцагавіны, Харватыі і Партугаліі. Астатнія каманды іграюць больш-менш роўна», — адзначыў кс. Павел.

Прагнозы гэтага года

Як дадаў капітан, беларуская зборная спадзяецца выступіць як найлепш. Тэарэтычна, шансы згуляць лепш сёлета могуць узрасці — каманда абнавіла свой склад на 30 працэнтаў, далучыўшы ў зборную маладых святароў.

«Названыя мною краіны-лідары сваю перавагу над астатнімі камандамі даказваюць штогод, таму мы будзем арыентавацца на 5-6 месцы, узровень якіх мы паказваем апошнія тры гады, — дадае кс. Павел Салабуда. — Але ўсё залежыць ад жрэбія. Мы заўсёды змагаемся да канца і імкнёмся да перамогі».

Адметна, што ў гэтым годзе ў склад беларускай каманды ўвайшлі толькі святары з Гродзенскай дыяцэзіі. Капітан каманды тлумачыць гэта тым, што не ўсе гульцы могуць рэгулярна даязджаць на трэніроўкі з іншых дыяцэзій.
«Вядома, працэнт гульцоў, якія маглі б згуляць, але не згуляюць, вырас. Але падрыхтоўка да Чэмпіянату Еўропы прадугледжвала рэгулярныя трэніроўкі. Без трэніровак не будзе якасці. Таму перавага была аддадзена тым святарам, якія трэніраваліся з намі пастаянна», заключыў кс. Павел Салабуда.

Фота прадстаўляе ўсіх гульцоў каманды беларускіх святароў, якая згуляе ў Харватыі

Выступленні беларусаў на чэмпіянатах Еўропы:

  • 2011 год, Польшча — 13-е месца
  • 2012 год, Венгрыя — 8-е месца
  • 2013 год, Славенія — 9-е месца
  • 2014 год, Беларусь — 4-е месца
  • 2015 год, Аўстрыя — 10-е месца
  • 2016 год, Славакія — 6 месца
  • 2017 год, Харватыя — ?

Паводле яго слоў, падрыхтоўка да чэмпіянату ішла, пачынаючы з восені. За фізічнай формай святароў увесь гэты час сачыў прафесійны трэнер — Андрэй Багдзевіч, кіраўнік клуба па міні-футболе «Лідсельмаш».

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.