Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Кожная — Марыі спадарожная». Анжаліка Папкоўская: «У нас няма такога, што “бос заўсёды мае рацыю”»
Беларусь
19.05.2016 09:30

Журналісты Catholic.by шукаюць рысы Панны Марыі ў сучасных жанчынах і дзяўчатах, якія ходзяць з намі па адных вуліцах, на адны з намі Імшы. Пра свой шлях да веры, сям’ю, стаўленне да любові і свабоды распавядае Анжаліка Папкоўская.

Шлях у «іншы свет»

Я нарадзілася ў Мінску, мне 48 гадоў. Зараз у нашай з мужам сям'і нас сем чалавек — мы ўдваіх і пяцёра дзяцей. Каталічка я ад нараджэння, бо тата — католік, але бацькі не былі практыкуючымі веруючымі.

З боку таты ў мяне былі сваякі — практыкуючыя католікі, і мне былі цікавыя іх паводзіны, як яны жывуць сям'ёй, іх учынкі. Яны адрозніваліся ад іншых людзей. Для мяне гэта быў іншы свет.

Ішлі мы да Бога доўга, таму што першы раз я прачытала Евангелле недзе паміж 20 і 30 гадамі, і была ўражаная, але не натхнілася. Хоць мы маліліся ўжо за свайго сына Уладзіслава, які цяжка захварэў, але былі яшчэ не гатовыя, каб цалкам жыць каталіцкім жыццём. Мы сустракаліся з рознымі людзьмі, праваслаўнымі, пратэстантамі. І зносіны з імі таксама паспрыялі таму, што мы з мужам пачалі дарогу да веры.

Таму недзе ў 30 гадоў мы проста пайшлі ў катэдру паглядзець, сталі наведваць Імшы. І на Божае Нараджэнне пасля Імшы, напэўна, Святы Дух сышоў на нас. І калі сваячка падышла да нас і сказала, што варта было б павянчацца, мы ў адзін голас сказалі: «Так! Канешне!» Магчыма, малітвы маіх бабуль і дзядуляў, каталіцкіх сваякоў мелі вынік.

«Увесь час размаўлялі»

Мы пачалі хадзіць на заняткі па падрыхтоўцы да вянчання, і тады я пераасэнсавала сваё жыццё — мне стала дзіўна, як я магла жыць без малітвы, без Касцёла. Такія адчуванні былі і ў мужа, бо мы ўвесь час размаўлялі.

Пачалі чытаць Біблію іншымі вачыма. Мы вельмі блізкія з мужам і заўсёды пра ўсё размаўляем. Мы стараемся зразумець адно аднаго, абмеркаваць усе сямейныя пытанні. Ён мне дапамагае нешта ўбачыць, што не заўважаю я, і я гэтаксама дапамагаю мужу ўбачыць штосьці незаўважанае.

Гэта стала нейкай цудоўнай боскай прыгодай  — не магу гэта назваць іншымі словамі. Мы павянчаліся, сталі рэгулярна наведваць Касцёл, атрымліваць сакрамэнты. Нават адносіны нашы з бацькамі палепшыліся, сталі больш радаснымі. Спачатку бацькі ставіліся да нашага захаплення несур'ёзна, як да гульні: «Нагуляецеся і супакоіцеся». Аднак у гэты ж момант адбылося навяртанне маёй мамы, з якой мы сталі дзяліцца думкамі, кнігамі.

«Не спыняцца на дасягнутым»

Калі ў нас госці, яны адразу заўважаюць, што мы — адно цэлае. У нас няма працы «мужчынскай» і «жаночай», мы ўсе ўніверсальныя і ўзаемаўзамяняльныя. І муж мне заўсёды дапамагае, калі вяртаецца з працы. Ён кажа, што адпачывае, бо хатняя праца для яго — змена дзейнасці.

Калі пачалі гадаваць дзяцей, спачатку глядзелі на бацькоў. Гэта было натуральна — калі ёсць сям'я, значыць, будуць дзеці, будуць расці, потым пойдуць у школу. Вельмі паўплывала тут шматгадовае кола нашых сваякоў і сяброў вакол — не было ані разводаў, ані разрываў ці скандалаў.

І я заўсёды лічыла, што сям'я — гэта на ўсё жыццё. Тое ж самае і з дзецьмі: калі ажаніліся, то яны будуць, і няма чым тут пераймацца. Таму, калі спачатку нарадзілася адно дзіця, потым другое, то мне гэта было лёгка.

Магчыма, гэта было маё пакліканне — быць маці. Мне гэта падабалася заўсёды, я заўсёды хацела мець не менш за трое дзяцей, і заўсёды думала, што так і будзе. Я скончыла школу, а потым пайшла вучыцца ў каледж электронікі, працавала аператарам на заводзе «Інтэграл», там і пазнаёмілася з мужам, дарэчы. Ён там таксама праходзіў практыку.

Калі захварэў наш сын Улад і стаў інвалідам — ён не ходзіць — я засталася дома, каб яго даглядаць. У мяне, канешне, былі планы, што, калі ён паправіцца, то я зноў пайду працаваць. Аднак склалася інакш, і я не вагалася.


Часам мне кажуць, што я надта прывязаная да дзяцей, да дома. Але мне і дзеці, і дом даюць вельмі шмат магчымасцяў. Тут важна не спыняцца на дасягнутым. Пасля таго, як мы прыйшлі ў Касцёл, нам шмат даў удзел у каталіцкіх свецкіх рухах — шмат гадоў мы ўдзельнічаем у руху факаляраў. Гэта і дапамога, і новыя знаёмыя, і рост сямейнай духоўнасці, калі атрымліваеш досвед ад іншых людзей.

«Стоп-стоп-стоп!»

Галоўнае, каб дзеці адчувалі любоў і маглі верыць бацькам. Калі ёсць давер, можна пазбегнуць вельмі вялікіх праблем, бо магу падзяліцца з імі сваімі цяжкасцямі, многае распавесці, і яны да мяне з гэтым прыходзяць. У мужа з сынамі больш блізкія адносіны. Дзеці заўсёды могуць разлічваць на нашу падтрымку.

Каб гэты давер захаваць, трэба быць ва ўсім сумленным з дзецьмі, бо дзеці гэта адчуваюць і бачаць.

Пан вядзе тых, хто адкрыты сэрцам. Калі заўсёды адказваеш «так», то гэта дае вынік. Самае галоўнае — прымаць дзіця такім, якое яно ёсць. Я часта лаўлю сябе на думцы, што мне чагосьці ў іх не хапае, і тады кажу сабе сама: «Стоп-стоп-стоп!» Гэта няправільна заганяць чалавека ў нейкія межы.

Вось у нас пяцёра дзяцей — і яны ўсе абсалютна розныя! Размаўляеш з адным так, з іншым — па-іншаму. Старэйшую Ганну ўсе любяць, вельмі аўтарытэтная старэйшая сястра, нават, можа, больш за маму. Улад — вельмі паважная асоба. Як толькі ён сказаў, крыху тон змяніў — усе гэта прымаюць да ведама. Марк і Малгажата блізкія па ўзросце, часам спрачаюцца і, напэўна, трохі змагаюцца за першынства. І ўсе любяць 4,5-гадовую Рэнату, якая часта камандуе.

Канешне, робіш заўвагі, даеш парады, трэба растлумачваць і слухаць іх довады. І калі ўжо не, дык не, а калі пераконваеш, даеш выбар, паказваеш з іншага боку — настрой дзіцяці можа змяніцца. Стараюся ўвесь час уцягнуць дзяцей у нейкую авантуру, у справу.

Тут вельмі важны асабісты прыклад. Для нашых дзяцей вялікі падарунак — Улад, які ляжыць, і дзеці бачаць, як мы дапамагаем яму, і самі так робяць.

Дзеці глядзяць на бацькоў і паўтараюць за імі, дакладна як кацяняты ці іншыя жывёлкі. Але мы неідэальныя, таму вельмі спадзяюся, што яны бяруць ад нас з мужам толькі добрае.

«Няхай спрабуе»

Гэтаксама мы заўсёды дазваляем дзецям дапамагаць, напрыклад, гатаваць. Яны могуць і самі згатаваць простую ежу, і адзін аднаму дапамагчы. І гэта вельмі важна, калі дзіця нават у малым узросце ўмее служыць сваім бліжнім — і малодшым, і хвораму браціку, і старому дзядулю.

Разам з гэтым дзеці робяцца і больш падрыхтаванымі да дарослага жыцця, яны — не бездапаможныя, а самастойныя і працавітыя, могуць разам працаваць з іншымі людзьмі. Дзякуючы гэтаму мы разам з мужам можам спакойна і паехаць куды-небудзь, і пакінуць дом на дзяцей.

Не трэба дзяцей біць па руках, як толькі хоча дапамагчы і працаваць — няхай спрабуе.

Я заўсёды выбачаюся перад дзецьмі, калі што. Напрыклад, зраблю камусьці з дзяцей вымову, а, аказваецца, не мела рацыі. Тады заўсёды прашу прабачэння. У нас няма такога, што «бос заўсёды мае рацыю». Але кожны мае права на памылку.


«Пакора — не млявасць»

Не магу сказаць, што гляджу на нейкага святога як на прыклад. Але думаць пра тое, як на гэтым месцы зрабіў бы Езус, — так. «А як бы Ён любіў? А як я?»

Канешне, у ідэале кожная жанчына — гэта Марыя, з Яе пяшчотнасцю, далікатнасцю. Але Яе пакора — гэта не пасіўнасць ці млявасць. Яе пакора — гэта Яе свабодны выбар даверыцца Богу.

Малітоўныя практыкі ў нас падзелены. Пакуль дзеці былі маленькія, мы з мужам разам маліліся. Потым малітоўныя абавязкі падзялілі — дамаўляліся з мужам, што кожны будзе маліцца, калі можа. А зараз вечарамі я малюся з дзяўчынкамі, а муж — з хлопцамі, бо дзяўчынкі раней кладуцца спаць.

Мы таксама молімся разам за ежай, ну і святкуем святы абавязкова, молімся за сваякоў, разам трымаем пост.


«Няхай кожны сам робіць свой выбар»

Ёсць жанчыны і дзяўчаты, якія баяцца спыніцца ў кар'ерным росце, стаць залежнымі ад іншага чалавека. Было б вельмі проста ім сказаць: «Не бойцеся».

Не, кожны чалавек павінен сам вырашаць, хоча ён кар'еру, дзяцей, сям'ю. Гэта вельмі складана. Сам чалавек не можа пазбавіцца свайго страху, ён павінен у штосьці паверыць, мець давер да іншага чалавека, да Бога і Божага Стварэння. Для кагосьці сям'я — гэта складана, для мяне — проста. Няхай кожны сам робіць свой выбар.

Для мяне цяжка даваць парады ці рэкамендацыі, як у грамадскім транспарце: «Асцярожна, так рабіце, а так не рабіце». На мой погляд, самае галоўнае ў жыцці — любіць. Любоў з вялікай літары. Давер. Не, гэта не банальныя фразы. Усё, што я маю, я аддаю Яму. А гэтыя Любоў і Давер адлюстроўваюцца ў любові да мужа, дзяцей. На гэтым мы будуем усё. Таму, думаю, у нас так у сям'і ўсё няблага.

Матэрыялы з гэтай рубрыкі:

Размаўляў Аляксандр Гелагаеў
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.