Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь у Касцёле. Пра веру ў спорце
Беларусь
11.12.2015 11:56

Яну Сянкевічу з Гродна толькі 20, а ён ужо гуляе ў Вышэйшай футбольнай лізе Беларусі. У чарговым выпуску «Моладзі ў Касцёле» — парафіянін касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля (Гродна-Дзевятоўка) і ігрок ФК «Нёман».

Якое месца займае вера ў Бога ў прафесійным спорце? І наколькі важна мець спартсменам свайго душпастыра?

Дэбют за зборную — супраць «БАТЭ»

Свой першы афіцыйны матч за зборную Ян Сянкевіч правёў у складзе гродзенскага «Нёмана» супраць шматразовых чэмпіёнаў Беларусі — клуба «БАТЭ».

Хлопец прызнаецца, што вельмі хваляваўся на сваім першым афіцыйным матчы.


Падчас гульні «Нёман» — «БАТЭ», Ян Сянкевіч пад нумарам 17

«Яшчэ нядаўна я назіраў за матчамі БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў па тэлевізары, а сёння ўжо сам гуляю супраць іх, — расказвае Ян. — Наша каманда прайграла 1:0, але я лічу, што гэта годны вынік, улічваючы, што за зборную ў тым матчы акрамя мяне ўпершыню гулялі яшчэ два маладых футбаліста».

Даведка:
ФК «Нёман». Гродзенскі клуб «Нёман» у вышэйшай лізе з чэмпіяната 1992 года. Уладальнік Кубка Беларусі 1993 года. Сярэбраны прызёр чэмпіяната 2002 года.

Спартсмен дадае, што зніжку на малады ўзрост у камандзе ніхто не робіць: «працуеш, як і ўсе, нават крыху больш».

Ян Сянкевіч — парафіянін касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля (Гродна-Дзевятоўка). Два гады таму на парафіядзе Гродзенскай дыяцэзіі юнак атрымаў медаль за другое месца па футболе. На сёлетнюю дыяцэзіяльную парафіяду (на фота ўнізе) малады футбаліст быў запрошаны ўжо як ганаровы госць.


Апошняе ў рубрыцы:

«Калі рукі апушчаны — вера выратоўвае»

З самага дзяцінства Ян Сянкевіч марыў пра футбол. Нават сшыткі ў пачатковай школе ў яго былі не з машынкамі, як у большасці аднакласнікаў, а з выявамі футбалістаў.

Хлопец лічыць, што вера — вельмі важны складнік прафесійнага спорту. «У кожнага бываюць моманты (звычайна пасля няўдач на полі), калі задумваешся: а можа, гэта не тваё? — дзеліцца юнак. — Маральны дух зламаны і здаецца, што выхаду няма і рукі ўжо апушчаны — вось у такім выпадку выратоўвае вера».

Хлопец прыгадвае, што адзін з найбольш яскравых прыкладаў веры, які ён спазнаў, — у камерунца Пола Ролана Бебе Кінгэ, з якім Ян гуляе ў адной камандзе.

«Ён шмат моліцца і распавядае нам пра сваю радзіму. У Камеруне малітва — частка жыцця. У святыню там ходзяць кожны дзень і моляцца па тры гадзіны», — расказвае Ян Сянкевіч.

Футбаліст прызнаецца, што перад кожным матчам таксама стараецца не забыцца на малітву.

«Малітва — гэта зносіны з Богам. Часам молішся ў пэўнай просьбе, а ўзамен аддаеш Яму сваю веру і любоў. Перад матчам я заўсёды прамаўляю пацеры, гэта надае ўпэўненасці», — разважае юнак.

«Калі перад гульнёй памалюся, то на полі заўсёды адчуваю Божую падтрымку. А калі не памалюся, то не адчуваю», — прыгадвае Ян і ўсміхаецца.

«Вера ў Бога — сумеснае праходжанне шляху»


— Свет футболу часта падаецца ў СМІ праз пэўныя стэрэатыпы: вялікія грошы, неўмеркаваны адпачынак, сустрэчы з дзяўчатамі на адзін дзень. Наколькі маральны спорт насамрэч?


Ян Сянкевіч:

— Людзі бачаць і чуюць, што хочуць. Вераць у тое, у што хочуць верыць, і адмаўляюцца верыць у тое, што ім не падабаецца. Адсюль і стэрэатыпы, якія склаліся. Неўмеркаваны адпачынак — магчыма, толькі адзін месяц з адзінаццаці, калі сезон заканчваецца і футбаліст мае вольны час.

Падчас гульні «Нёман» — «БАТЭ», Ян Сянкевіч пад нумарам 17

Не трэба забывацца, што штодзённыя трэніроўкі — гэта цяжкая праца, хоць людзі збоку і думаюць: што цяжкага ў тым, каб «пінаць» мяч. Але калі так і ёсць, чаму гэтыя людзі самі не ў футболе?

Вялікія грошы проста так ніхто не дасць, для гэтага патрэбна зарэкамендаваць сябе. Ды й з дзяўчынкамі на адну ноч вялікіх грошай дакладна не дасягнуць. Я яшчэ не бачыў ніводнага паспяховага спартсмена, які б шмат адпачываў, хадзіў па клубах і знаёміўся з дзяўчатамі на адзін дзень.

— Ці патрэбен футбалістам асаблівы душпастыр, які апекаваўся б спартсменамі і выступаў іх духоўным дарадчыкам?

— Душпастыр — гэта чалавек, які будзе глядзець на спорт з духоўнага боку. На маю думку, духоўны бок важны за межамі спартыўнай часткі. Калі неабходна паразмаўляць з душпастырам, можна схадзіць у касцёл або пазваніць.


Вера ў Бога для мяне — гэта найперш сумеснае праходжанне з Богам жыццёвага шляху.

А вось псіхолаг у камандзе — гэта абавязкова; калі ты прайграў гульню ў сябе ў галаве, то ты прайграеш яе і на полі. Адсутнасць матывацыі таксама павінен кампенсаваць псіхолаг і настроіць на патрэбны лад.

— Ці здараліся ў Вашым жыцці сітуацыі, калі Вы адчувалі дзеянне ў ім Святога Духа?

— Пасля споведзі на душы становіцца лёгка, і пасля Імшы не заўсёды, але бывае, што прыходзіць натхненне, захапленне. Магчыма, гэта і ёсць Святы Дух.

Ілья Лапато, фота з архіва Я. Сянкевіча

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.