У Беларусі хутка загучыць «Радыё Марыя» |
Беларусь |
09.11.2015 11:52 |
Праграмы радыёстанцыі, якая будзе вяшчаць на беларускай мове, дадуць магчымасць слухачам пазнаёміцца з хрысціянскім вучэннем, пачуць трансляцыі набажэнстваў з розных каталіцкіх храмаў па ўсёй Беларусі; будуць гучаць перадачы культурнай, хрысціянскай і сацыяльнай тэматыкі, музыка, рэпартажы пра важныя падзеі з жыцця Касцёла ў розных краінах свету. Таксама ў эфіры будуць інтэрактыўныя праграмы, падчас якіх слухачы змогуць атрымаць адказы на свае пытанні ў спецыяльна запрошаных гасцей. Пакуль трансляцыя будзе весціся толькі ў сеціве Інтэрнэт, але ў перспектыве плануецца пашырэнне спосабаў вяшчання, паведаміў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Вячаслаў Гулевіч, кіраўнік «Радыё Марыя — Беларусь». «Цяпер вядзецца арганізацыйна-прававая праца па адкрыцці радыёстанцыі, і, калі атрымаецца пачаць трансляцыю ў сакавіку-красавіку, вяшчанне спачатку будзе весціся ў фармаце інтэрнэт-радыё. Але каб зрабіць «Радыё Марыя» даступным для ўсіх слухачоў, ёсць ідэя распрацаваць радыё-бокс з магчымасцю далучэння да яго 3G-мадэма, каб адным дотыкам можна было ўключыць нашу радыёстанцыю. Гэта дазволіць тым людзям, якія не вельмі сябруюць з інтэрнэтам і не карыстаюцца смартфонамі, зручна далучыцца да «Радыё Марыя». Таксама ёсць намер дамовіцца аб уключэнні радыё ў пакет кабельных аператараў, каб можна было слухаць нас праз тэлепрыёмнік. Абавязкова будзе створаны дадатак для смартфонаў, каб быць на сувязі з «Радыё Марыя». Спадзяемся, што з Божай дапамогай усё атрымаецца, і ў хуткім часе трансляцыя пачнецца», — адзначыў кіраўнік. Духоўную апеку над новым радыё па даручэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча вядзе кс. Аляксандр Тарасевіч, пробашч парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі. «Вядома, хацелася б дасягнуць той аўдыторыі, якая, па сутнасці, з’яўляецца першачарговай для «Радыё Марыя» ў любой краіне — гэта людзі сталага веку, якія маглі б слухаць малітву і святую Імшу не толькі раз на тыдзень. У нашай краіне ёсць такая магчымасць — кожную нядзелю па дзяржаўным радыё транслюецца святая Імша. А дзякуючы «Радыё Марыя» гэта можна будзе рабіць штодня, нават двойчы на дзень — так ёсць у нашых планах. А іншая мэта, не менш важная, якую дасягнуць будзе не так проста, — павышэнне ўзроўню ведаў аб Касцёле, хрысціянскай, каталіцкай духоўнасці. І, вядома, шмат людзей няверуючых будуць мець магчымасць сустрэцца з Касцёлам такім чынам», — спадзяецца святар. «Радыё Марыя» паўстала ў Італіі ў 1987 г. як асацыяцыя каталіцкіх святароў і вернікаў, мэтай якіх было стварэнне радыё, якое зможа вынесці вучэнне Каталіцкага Касцёла за рамкі асобных парафій і зрабіць даступным для ўсіх людзей, нават далёкіх ад Касцёла. Праз 11 гадоў, у 1998 годзе, італьянская асацыяцыя «Радыё Марыя» стала заснавальніцай Міжнароднай асацыяцыі "Сусветная сям’я «Радыё Марыя»" (World Family of Radio Maria). Зараз гэтае радыё вяшчае на пяці кантынентах, у 75 краінах свету, у тым ліку Расіі і Украіне. «Радыё Марыя» ва ўсім свеце з’яўляецца некамерцыйным, у яго эфіры не гучыць рэклама, вяшчанне магчыма дзякуючы працы валанцёраў і фінансавым ахвяраванням радыёслухачоў. Фармат праграм радыёстанцыі «Радыё Марыя — Беларусь» прызначаны не толькі для вернікаў, але і для шырокай аўдыторыі. Павел Міцкевіч, беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ) |