Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адышла ў вечнасць сястра Апалонія Сімеона Сінкевіч
Беларусь
07.04.2015 17:08

7 красавіка ва ўзросце 97 гадоў адышла ў вечнасць с. Апалонія Сімеона Сінкевіч з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыi.

Пахаванне адбудзецца 9 красавіка ў 13.00 у парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Свіры.

Даручаем спачылую Божай міласэрнасці і просім, каб міласэрны Хрыстус адарыў яе вечным жыццём.

Сястра Апалонія Сімеона Сінкевіч нарадзілася 16 чэрвеня 1918 года ў вёсцы Стукі, у парафіі Хадуцішкі Віленскай дыяцэзіі, Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Рэспубліка Літва). Скончыла чатыры класы польскай школы. 21 студзеня 1934 года, ва ўспамін святой Агнешкі, будучы на сустрэчы для дзяўчат, якое праводзіў мясцовы святар, адчула глыбокае прагненне прысвяціць сябе Богу, а дакладней ахвяраваць Богу сваё жыццё як уміласціўленне за грахі людзей. Вялікую ролю ў адкрыцці яе паклікання і пошуках духоўнай дарогі адыграў ксёндз Адам Вайцяхоўскі. Гэта ён накіраваў сястру Апалонію ў законную супольнасць Дачок Марыі Беззаганнай, у якую яна і ўступіла напрыканцы таго ж года.

2 лютага 1937 года ў Новым Месце над Піліцай (Польшча) яна склала першыя законныя шлюбы. У хуткім часе пасля гэтага яе накіравалі ў Вільню, дзе яна выконвала розныя абавязкі ў кухні дзіцячага дома, якім апекаваліся сёстры. 28 снежня 1941 года сястра Апалонія склала вечныя шлюбы. Падчас вайны працавала ў Вільні. Пасля вайны некаторыя сёстры выехалі ў Польшчу, але некаторыя засталіся. Улады забралі пральню сясцёр, але дазволілі ім там працаваць. Было вельмі цяжка. Апрача таго, трэба было і катэхізаваць. Сястра Апалонія патаемна ездзіла ў навакольныя вёскі і рыхтавала дзяцей да Першай Камуніі і споведзі.

У 1977 годзе сястра Апалонія прыехала на новае месца працы, як ёй здавалася, часова - у Свір, але заставалася там да сённяшняга дня. Дом сясцёр у Свіры існаваў з 1960 года. Тут яна разам з сёстрамі Хэленай Тышко і Ядвігай Субко служылі людзям у цяжкі час, калі касцёл быў зачынены. Пакуль касцёл не дзейнічаў, пачынаючы з 1960 па 1990 год Найсвяцейшы Сакрамэнт захоўваўся ў доме сясцёр. На працягу гэтага часу сёстры катэхізавалі дзяцей і дарослых, накіроўвалі да святароў людзей, якія прагнулі паспавядацца, ахрысціць дзяцей, узяць шлюб, падтрымлівалі святароў малітвай і сваёй працай.

21 лістапада 2004 года, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у свірскім касцёле ўручыў сястры Апалоніі Сінкевіч папскую адзнаку «Bene merenti» («За заслугі»).

Кс. Багуслаў Маджэеўскі

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.