Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Свой сярод “сваіх”?»: тры гісторыі вучобы свецкіх асобаў у духоўных ВНУ (частка ІІ)
Беларусь
28.01.2015 16:30

/2/images/stories/news/2014/12/2014-12-18-edu.jpgНовы семестр, які неўзабаве распачнецца ва ўніверсітэтах, у чарговы раз прыгадае студэнтам пра лекцыі і семінары. А пра тое, як праходзіць вучоба ў незвычайных ВНУ, дзе большасць студэнтаў — святары і кансэкраваныя асобы, нам нагадаюць свецкія выпускнікі такіх ВНУ.

Пра сваё студэнцтва ўзгадваюць Аляксандр Панчанка, Марына Казмірук і Людміла Бурлевіч

Таксама па тэме:

 

Гісторыя першая. «Асабліва вылучаліся амерыканскія святары: акуратныя стрыжкі, чорныя штаны і кашулі са святарскім каўнерыкам — сапраўдны каталіцкі “спецназ”»

Аляксандр Панчанка, выпускнік факультэта сацыяльных навук Папскага ўніверсітэта імя св. Тамаша з Аквіна («Ангелікум») у Рыме

Пра аднакурснікаў:

На маім факультэце святары і кансэкраваныя асобы складалі чацвёртую частку студэнцтва. На факультэце тэалогіі ці кананічнага права іх было нашмат больш. Адносіны паміж намі былі абсалютна нармальныя і роўныя. Магчыма, гэтаму спрыяла наша роўнасць перад навукай або тое, што ў Рыме не прынята «выкаць».

Свецкія студэнты былі вельмі актыўныя. Яны займалі шмат пасадаў у кіраўнічых універсітэцкіх органах, стымулявалі студэнцкае жыццё, а духоўныя асобы часта далучаліся і падтрымлівалі іх.

Асабліва заўважнымі былі амерыканскія святары і семінарысты. Яны выглядалі як сапраўдны каталіцкі «спецназ»: акуратныя стрыжкі, чорныя штаны і кашулі са святарскім каўнерыкам і закатанымі рукавамі, тоўсты брэвіярый у руках.

Гэтыя хлопцы добра вучыліся, праводзілі шмат часу ў бібліятэцы і ва ўніверсітэцкай капліцы на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. А колькі яны маліліся! Адчувалася, што паміж імі, не толькі паміж святарамі, але і свецкімі юнакамі і дзяўчатамі з ЗША, добра развіта пачуццё супольнасці. Прынамсі на мяне яны пакінулі такое ўражанне.

Я прыехаў вучыцца разам з трыма беларускімі дзяўчынамі, і наша невялікая група таксама, напэўна, вылучалася. У нас завязваліся добрыя адносіны з іншымі, на нас звярталі ўвагу выкладчыкі. Пачуваліся мы цудоўна! Мы адкрывалі для сябе шмат новага, сведчылі аб сваёй каталіцкай ідэнтычнасці, якая, напэўна, мае нейкія асаблівыя, беларускія рысы.

Пра месца вучобы:

Папскі ўніверсітэт з’яўляецца асноўным навучальным і даследчым цэнтрам дамініканскага ордэну. У канцы 1940-х у «Ангелікуме» вучыўся і малады польскі святар Караль Вайтыла. Акрамя сацыяльных навук, тут вывучаюць таксама тэалогію, філасофію і кананічнае права. Універсітэт знаходзіцца ў цэнтры Рыма — у пяці хвілінах ад большасці самых знакамітых месцаў Вечнага горада, як, напрыклад, Калізей ці Венецыянская плошча.

Ідучы на заняткі, штодня я мог змяняць маршрут, каб адкрываць і захапляцца заўсёды новым шэдэўрам архітэктуры.

Пра вучобу:

Тыпова свецкія прадметы вывучаліся ў ключы каталіцкага навучання: гісторыя, міжнародныя адносіны, псіхалогія, права, эканоміка і інш. Гэта значыць, што падзеі і феномены аналізаваліся з хрысціянскай перспектывы. Асабліва мне падабалася гісторыя сацыяльнага навучання Касцёла.

З многімі студэнтамі і выкладчыкамі склаліся добрыя адносіны, якія працягваюцца і сёння. Кагосьці з былых студэнтаў даводзілася сустракаць у Ватыкане, хтосьці працягвае вучобу ці сам выкладае ў іншых універсітах.

Вучоба ў каталіцкай ВНУ паспрыяла не толькі майму інтэлектуальнаму, але і чалавечаму сталенню. Хацелася б, каб больш беларускіх католікаў мелі магчымасць атрымаць падобны досвед.

 

Гісторыя другая. «Мне прарочылі пераход у праваслаўе»

Марына Казмірук, выпускніца кафедры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі БДУ ў Мінску

Пра вучобу і аднакурснікаў:

Аднойчы мне давялося праходзіць літургічную практыку ў праваслаўнай часоўні ў Інстытуце. Майму абурэнню, канешне, не было мяжы. Чаму я — каталічка — мушу праходзіць практыку ў праваслаўнай часоўні? Затое цяпер успрымаю гэта як цікавы жыццёвы вопыт. Хоць, скажу шчыра, нюансы праваслаўнага набажэнства былі не самым моцным бокам маіх ведаў. Але ўсе гэтыя цяжкасці былі толькі ў першыя гады навучання.

Даведаўшыся, што я каталічка, мае аднакурснікі дзівіліся і запэўнівалі мяне ў тым, што я перайду ў праваслаўе, а першы час нават і агітавалі. З адным хлопцам мы нават паспрачаліся на бутэльку 30-гадовага шакаладнага каньяку. Хлопец у выніку прайграў, а вось выйграны каньяк я так і не дачакалася (усміхаецца — заўв. аўт.).

Ці звярталіся мае аднакурснікі за парадай адносна каталіцтва? Так, але не толькі за гэтым. Вучылася я старанна і нават стала лепшай выпускніцай факультэта ў год выпуску.

На пачатку вучобы ні семінарыстаў, ні святароў, ні манахаў сярод нас не было. Ужо пазней некаторыя сталі святарамі, але яны імкнуліся да гэтага, таму асаблівага здзіўлення гэта ні ў каго не выклікала.

Пра месца вучобы:

Паступала я не столькі ў Інстытут тэалогіі, колькі ішла на кафедру рэлігіязнаўства. Рэлігіязнаўства адрозніваецца ад багаслоўя, яно спрабуе з дапамогай навуковых метадаў даследаваць рэлігійныя сістэмы. Мяне гэта цікавіла яшчэ з дзяцінства.

Шчыра кажучы, усе мае «прыгоды» пачаліся з егіпецкай міфалогіі, пасля справа дайшла і да новых рэлігійных рухаў. А ў Беларусі тады было толькі адно месца, дзе мае запыты маглі задаволіць. Туды я і паступіла.

Інстытут тэалогіі — гэта факультэт свецкай навучальнай установы. Гэта не семінарыя, і вучацца ў ёй звычайныя студэнты, хоць і атрымліваюць дастаткова «дзіўную» спецыяльнасць «тэолага-рэлігіязнаўцы». Больш за ўсё мне запомніліся выкладчыкі. Менавіта яны дапамаглі мне сфарміравацца як спецыялісту і даследчыку.

 

Гісторыя трэцяя. «Я ніколі не адчувала сябе горшай з-за таго, што “свецкая”»

Людміла Бурлевіч, выпускніца факультэта тэалогіі Каталіцкага Люблінскага ўніверсітэта (сёння — Каталіцкі Люблінскі ўніверсітэт Яна Паўла II) у Польшчы.


Пра аднакурснікаў:

Ва ўніверсітэце я ніколі не адчувала сябе «горшай» з-за таго, што я свецкая. Сярод выкладчыкаў у нас пераважалі духоўныя асобы — гэта факт. Але і на курсе хапала святароў і манахінь.

Спачатку мы, праўда, не заўсёды ведалі, як лепш звяртацца да некаторых манахінь, бо кожная з іх мела сваё манаскае імя, а вось у спісах груп іх імёны былі запісаны з пашпартоў.

Духоўных асобаў мы любілі і нават шкадавалі, бо ў адрозненне ад нас яны вымушаны былі хадзіць на ўсе заняткі (усміхаецца — заўв. аўт.).

Увогуле на КУЛе вучылася шмат святароў і законных сясцёр, ды і многія святары з Беларусі пісалі там «магістэрку» або дактарат.

На сустрэчах беларусаў або ў доме фундацыі мы з імі часта перасякаліся. Некаторыя з іх, канешне, мяне ўжо не памятаюць.

Пра вучобу:

Экзамены ў нас былі па большасці прадметаў вусныя: мы заходзілі ў аўдыторыю па двое. Больш смелы пачынаў адказваць, а другі — рыхтаваўся. Таму шпаргалак мы не рабілі.

У адной манахіні быў, аднак, выдатны для студэнтаў почырк (вельмі разборлівы, з маленькімі літарамі). Калі яна пісала канспект, то паспявала запісаць усё неабходнае, не займаючы пры тым шмат месца...

Яе канспекты вельмі дапамагалі ў падрыхтоўцы, і, пазычаючы канспект, сястра ніколі нікому не адмаўляла.

Я любіла амаль усе прадметы. Хоць, вядома, шмат хто казаў: «Навошта табе гэтая тэалогія? З яе ніякай карысці, чым ты будзеш займацца пасля?» Пры тым казалі гэта найчасцей святары, але я ведала, што нават калі не буду з гэтым працаваць у будучыні, гэта будзе карысна для агульнага развіцця.

Падрыхтаваў Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.