Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Падрыхтуйце дарогу Пану»: у Беларусь прыбыў Бэтлеемскі агонь
Беларусь
18.12.2014 11:25

Касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне стаў першай каталіцкай святыняй Беларусі, куды напярэдадні Божага Нараджэння прыбыў Бэтлеемскі агонь. Ва ўрачыстай цырымоніі прывітання агню прыняў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Агонь да гродзенскай катэдры даставілі беларускія скаўты. Святую Імшу на беларускай мове ў знак удзячнасці за дастаўлены агонь з Бэтлеема ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

З гаміліяй да вернікаў звярнуўся кс. Віталій Дабраловіч, які нагадаў пра сімвалізм Бэтлеемскага агню і адзначыў, што сапраўдным святлом для вернікаў з’яўляецца Езус, які прынёс людзям збаўленне.

Падчас Імшы ад Бэтлеемскага агню былі запалены свечкі, з якімі ў святыню прыйшлі вернікі, а таксама свечкі рэгіянальных дэлегатаў, якія прыбылі ў гродзенскую катэдру з розных куткоў дыяцэзіі.

Зараз Бэтлеемскі агонь выстаўлены пры галоўным алтары святыні.

«Кожны вернік можа прыйсці і запаліць сваю свечку ад Бэтлеемскага агню, каб занесці ў свой дом, — адзначыў у гутарцы з Catholic.by пробашч гродзенскай катэдры кс. Ян Кучынскі. — Асаблівым чынам вернікі могуць прынесці агонь з Бэтлеема да сябе дадому 24 снежня і запаліць пры вігілійным стале».

Паводле слоў святара, агонь прабудзе ў святыні да 6 студзеня.

«У гэты дзень мы пойдзем віншаваць нашых братоў-праваслаўных і занясём лампаду з Бэтлеемскім агнём да іх. Такім чынам “эстафета” Бэтлеемскага агню будзе перададзена далей», — сказаў кс. Ян Кучынскі.

21 снежня Бэтлеемскі агонь прыбудзе ў архікатэдральны касцёл у Мінск.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.