Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папу Францішку напішуць ліст ад моладзі Беларусі
Беларусь
14.12.2014 13:13

З такой ініцыятывай падчас начнога чування моладзі ў Мінску, якое праходзіла ў ноч з 13 на 14 снежня, выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх адзначыў, што гэты ліст стане падзякай беларускай моладзі за духоўны клопат Святога Айца і перададзенае Пантыфікам благаслаўленне для моладзі Беларусі.

Папскае прывітанне і благаслаўленне беларускай моладзі ў сваю чаргу перадаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Прыгадваючы апошнюю сустрэчу з Пантыфікам падчас аўдыенцыі 25 кастрычніка 2014 года, Апостальскі Нунцый адзначыў: «Папа сказаў тады: перадайце маё благаслаўленне моладзі Беларусі».

Іерарх сказаў, што ў гэты вечар прыйшоў сюды, каб споўніць волю Пантыфіка і ўдзяліць моладзі благаслаўленне ад імя Папы.

«Мы ведаем, што знак моладзі — гэта ўсмешка, таму мы вырашылі ў якасці ўспаміну пра Святога Айца падарыць вам выяву Папы з усмешкай, каб гэта абудзіла ў вас прагу дзейнічаць», — дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Добрага палёту, дарагая моладзь Беларусі!»

Іерарх пажадаў маладым вернікам, каб яны былі найлепшым студэнцтвам — тымі студэнтамі, якія шукаюць магчымасці пазнаваць глыбей і лепш, а таксама тымі, хто ведае, што за словам і формай стаіць бясконцасць Бога.

«Хрысціяне — не тыя людзі, якія дазваляюць закрыць сабе вочы. Яны думаюць, хочуць пазнаваць і разумець», — адзначыў іерарх.

Апостальскі Нунцый заахвоціў моладзь чуваць і маліцца, бо «малітва — самы важны кампанент чалавечага жыцця».

Дэманструючы здымак-напамін з выявай Папы, які трымае на руцэ папугая, арцыбіскуп дадаў, што гэтая памятка — як знак Касцёла, які ўсміхаецца, а таксама сімвал вернікаў, якія не згубілі радасць да жыцця, а паглыбілі яе.

«Жадаю вам, каб вы былі прыгожыя рознымі колерамі, як гэтая птушка. Добрага палёту, дарагая моладзь Беларусі!» — пажадаў Апостальскі Нунцый.

У начным чуванні, якое прайшло пад дэвізам «Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною» (Мц 26, 38), прыняло ўдзел больш за 450 чалавек з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і іншых частак Беларусі.

 

 

 

Ілья Лапато

Фота Аляксандры Шчыглінскай 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.