Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Багародзіца, выратуй нас»: на юбілейным кінафестывалі «Magnificat» упершыню прадставяць фільм з Македоніі
Беларусь
26.08.2014 23:49

У Глыбокім працягваецца юбілейны ў гэтым годзе кінафестываль «Magnificat». Упершыню за дзесяць гадоў беларускаму гледачу будзе прадстаўлена стужка з Македоніі. Дэбютантка фестываля – рэжысёр Весна Дзімітрава-Бабеўскі, якая прадставіць на конкурсны прагляд свой фільм «Прасвятая Багародзіца, выратуй нас».

Весна Дзімітрава-Бабеўскі – македонская актрыса, выпускніца Акадэміі Мастацтваў. Працуе ў тэатры і кіно. Яе аўтарскія спектаклі ў жанры пантамімы ставіліся на тэатральных сцэнах розных краін свету. «Мова пантамімы – мова цела – зразумелы кожнаму незалежна ад мовы і культуры», – упэўненая актрыса.

Для Catholic.by Весна расказала гісторыю свайго жыцця, а таксама пра тое, чаму постаць Божай Маці стала для яе такой прыцягальнай.

«Я з'яўляюся рэжысёрам фільма і ў ім жа іграю Багародзіцу, – пачынае Весна. – Пяць гадоў таму, калі я пачынала ствараць гэты фільм, я вырашыла зрабіць яго як аповед Божай Маці пра сваё жыццё. І Багародзіцу я іграла сама. Некалькі разоў я перарабляла фільм, тры разы рабіла новы мантаж, каб урэшце атрымалася менавіта тое, што можна было б паказаць на фестывалі. Але цяпер, з сённяшняй парспектывы я зрабіла б іншае кіно, – усміхаецца жанчына. – Сёння я не стала б іграць Божую Маці. Бо ні я, ні ўвогуле ніводная жанчына не годная, каб быць у ролі Божай Маці...».

фота бр. Корнэля Консэка SVD

Нарадзілася Весна ў невялікім гарадскім пасёлку ў Македоніі. Жанчына прызнаецца, што з Маці Божай звязаны шэраг падзей у яе жыцці. Гарадская царква ў гонар Багародзіцы на яе радзіме, цудадзейная выява Маці Божай на адным са спілаваных гарадскіх дрэў...

«Мая маці была вельмі веруючай, – узгадвае Весна. – А вось бацька не верыў у Бога зусім. Але дома ў нас быў абраз Божай Маці і мая мама штовечар малілася перад ёю. Таксама прывучала да малітвы і мяне: вечарам мы клаліся спаць з мамай толькі пасля малітвы. Таксама ўжо з маленства мама прывучала мяне да посту. Я лічыла сябе веруючай. Але ўсё змянілася пасля мамінай смерці...»

«Быў час, калі я крыўдзілася на Маці Божую...»

Згадкі пра той перыяд свайго жыцця даюцца жанчыне не проста. Яна прызнаецца, што час пасля смерці маці стаў для яе сапраўдным выпрабаваннем у духоўным плане і яе вера перажывала вялікія сумненні.

«Я працягвала верыць, але гэта была не тая бескарыслівая вера, як раней. Я перастала пасціцца і перастала наведваць Царкву... Гэта быў цяжкі перыяд. Аднойчы я вырашыла паехаць у паломніцтва ў манастыр Божай Маці (туды часта прыязджала і мая мама) і трапіла якраз на свята Багародзіцы, – працягвае рэжысёр. – Гэтае свята таксама знакавае для нашай сям’і.

На жаль, у адзін з такіх дзён, вяртаючыся з храму, мама падвярнула нагу і ёй патрэбна была аперацыя. На жаль, аперацыя прайшла цяжка, мама не вытрымала. І я не разумела – як так магло здарыцца? Я нават злавалася на Божую Маці. Разумею, што гэта глупства, але я не магла перасіліць сябе і крыўдзілася на на Багародзіцу...».

Пераломным момантам у навяртанні Весны стала адна з літургій, на якую прыйшла жанчына.

«Фільм пра Маці Божую – маё пакаянне перад Ёй»

«На літургіі да мяне прыйшла думка: а чаму раней я ніколі нічога не рабіла для Бога праз сваю прафесію? Бо калі патрабавалася грашовая ахвяра ці нейкія іншыя сродкі – я дапамагала. Але мне прыйшла думка, што як актрыса я нічога не зрабіла для Бога і для Царквы. І гэта думка была як маланка, яна не давала спакою.

Я вырашыла, што здыму фільм пра Божую Маці. Гэта будзе маёй ахвярай і маім пакаяннем перад Ёй. Я ўзяла адмысловае благаслаўвенне ў нашага Мітрапаліта і ён благаславіў мяне на стварэнне кінастужкі».

Весна прызнаецца, што шмат у чым яе ўразіла ў свой час гісторыя Іакіма і Ганны, якія доўга не мелі дзяцей і толькі пад старасць сталі бацькамі Прасвятой Дзевы. Гэта і лягло ў аснову гісторыі фільма.

«Гэта стужка – знакавая для мяне. Яна вярнула мяне да рэальнасці. Цяпер я на кожнае свята ў Царкве і на літургіі. Я зноў пачала маліцца і аднавіла ранейшы пост».

Іна Сабалеўская, cпецыяльна для Catholic.by

PS. Цалкам змест конкурснай праграмы можна паглядзець тут

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.