Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Супрацоўнікі і валанцёры «Карытас» здзейснілі пілігрымку ў Вільнюс
Беларусь
03.06.2014 15:39

2 чэрвеня 2014 года ў межах «Майскай сустрэчы» для супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачыннай арганізацыі «Карытас» адбылася пілігрымка па святых месцах Вільнюса.

Асноўным мерапрыемствам паездкі стала святая Імша перад абразом Маці Божай Вострабрамскай, падчас якой супрацоўнікі і валанцёры дзякавалі Богу праз Маці Божую за зробленую дабрачынную працу ў Беларусі і прасілі аб неабходных Божых дарах у такой значнай у касцёле місіі – дапамогі тым, хто патрабуе. Імшу ўзначаліў дырэктар Нацыянальнага офіса арганізацыі кс. Віктар Гайдукевіч SDB разам з дырэктарам дыяцэзіяльнага «Карытас» кс. Аляксандрам Фаміных, кс. Паўлам Халяўкіным і кс. Віталіем Дабраловічам, які звярнуўся да прысутных са словамі, якія ўказвалі на поўнае пасвячэнне сябе службе бедным і тым, хто ў патрэбе.

Пасля  Імшы ўдзельнікі мерапрыемства мелі вольны час, які яны прысвяцілі размовам, атрымліваючы ў дадатак асалоду ад традыцыйнай літоўскай кухні ў жывапісным цэнтры горада. Далей экскурсія па гораду ўключыла ў сябе і духоўныя элементы: усе супрацоўнікі «Карытас» у Беларусі сабраліся на сумесную малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці ў Санктуарыі Божай Міласэрнасці.

Наступным пунктам насычанай праграмы стала пешая вандроўка па гораду, падчас якой удзельнікі акунуліся ў гісторыю і пачулі шмат легенд і гісторый старажытнага Вільнюса.
Катэдральная плошча, Катэральны касцёл, капліца Св. Казіміра, дзе знаходзяцца парэшткі святога, касцёл Святой Ганны – шэдэўр позняй готыкі, касцёл Св. Пятра і Паўла пакінулі велічнае ўражанне ва ўсіх удзельнікаў пілігрымкі.

Натхнёныя і поўныя новых сіл супрацоўнікі і валанцёры «Карытас» вярнуліся ў Беларусь.

Несці цеплыню людзям – гэта вельмі важнае і няпростае заданне для кожнага хрысціяніна, а тым больш для таго, хто працуе ў дабрачыннай арганізацыі «Карытас». Але дзякуючы супрацоўніцтву і ўнутранай еднасці, якая бярэ пачатак з асабістага духоўнага пасвячэння сябе перад Богам тым, хто патрабуе, можна зрабіць шмат. Менавіта з такімі настаўленнямі  і падзякай Богу супрацоўнікі «Карытас»  вярнуліся дадому.

 

(AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.