Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Развітанне з Генадзем Бураўкіным: сваёй творчасцю і жыццём апраўданы перад Богам
Беларусь
31.05.2014 15:40

У мінскім Свята-Петрапаўлаўскім саборы развітваліся з Генадзем Бураўкіным, паэтам і грамадскім дзеячoм.

Яшчэ да 11.30, афіцыйнага пачатку развітання з паэтам, ля святыні сабраліся людзі рознага ўзросту, розных прафесій, у руках якіх пястрэлі чырвоныя, белыя хрызантэмы і гваздзікі, ружы, а час ад часу вязанкі з блакітных валошкаў. Да жонкі, дзяцей і унукаў падыходзілі людзі, каб выказаць словы спачування.

Валошкі нагадваюць радкі з верша паэта:

«Хто скажа,
На якой глухой сцяжынцы
Я раптам спатыкнуся незнарок,
І мой агеньчык,
Як валошка ў жыце,
Абвяне і бяссільна кане ў змрок»…

 

   

Яго агеньчык не згас, яго агеньчык застанецца назаўсёды, хоць і прагучала адпяванне, хоць і ўзнесліся словы сяброў і калегаў, якія прыйшлі, каб развітацца, сказаць «дзякуй».

Пасля адпявання Свята-Петрапаўлаўскі сабор напоўніўся беларускім словам памяці і пашаны паэту, які быў па-сапраўднаму любімым, вядомым і чытаным.

Сярод тых, хто казаў апошняе слова быў Барыс Пятровіч (Сачанка), Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў, Юзэф Навумчык, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Колас і інш.

На адрас саюза беларускіх пісьменнікаў, як паведаміў Барыс Пятровіч, прыйшло шмат спачуванняў у адрас блізкіх і родных пісьменніка ад сяброў з розных краін, сяброў абласных аддзелаў СБП.

«Дзякуй Богу за вас, а вам за Генадзя!» — прамовіў калісьці паэт Уладзімір Някляеў да маці Бураўкіна, а таксама дадаў, што ўсе могуць павіншаваць жонку, дзяцей, унукаў, сяброў і чытачоў, а таксама найперш Беларусь, з тым, што мелі такога мужа, бацьку, дзядулю, сябра, паэта.  Уладзімір Някляеў сёння адзначыў, што, пакуль нараджаюцца такія, як Бураўкін, Барадулін, Быкаў, Караткевіч, будзе жыць гэтая зямля. Беларусі жыць!

Юзэф Навумчык, зямляк з Віцебску, адзначыў, што Генадзь Бураўкін быў прыкладам усенароднай любові. І ўзгадаў, як аднойчы, калі паэт выступаў у в. Камаі, да яго падышла жанчына з кветкамі і са слоікам мёду. Вось яно, простае ўцелаўленне любові да паэта, пра якую, сябра з Віцебшчыны дадаў: « любоў да паэтаў — сіла нашай беларускасці і сіла нашага народа».

«Мы яго не баяліся — мы яго паважалі…» — адзначалі калегі, з якімі працаваў на тэлебачанні.

Яго любілі ўсе: мастакі, кампазітары, музыкі, усе, каму пашчасціла з ім сябраваць, гаварыць пра лёс Беларусі і мастацтва. Генадзь Бураўкін умеў сябраваць, і наконт гэтага можна было з упэўненасцю сказаць сёння, слухаючы кожнае слова тых, хто прыйшоў развітацца, сказаць тое, што паэт «апраўдаў сябе перад Богам».


А апраўданаму агеньчыку перад Створцам ззяць вечна ў Божым Валадарстве і працягваць будзіць нас, як сказаў яго найбліжэйшы сябра Сяргей Законнікаў: «Беларусь пачуе тое, што ён хацеў зрабіць для яе. І што ім зроблена — павінна адгукнуцца».

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.