Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Памятаю адзіныя яго словы ў мой адрас: «Трымайся, сынку»
Беларусь
26.04.2014 17:18

Кс. Раман Факсінскі, пробашч магілёўскай катэдры — з ліку тых, хто пайшоў у семінарыю ў першы год Пантыфікату Яна Паўла ІІ. Постаць Святога Айца аказала вялікі ўплыў на пакліканне і духоўнае жыццё будучага святара.
 
Напярэдадні кананізацыі благаслаўлёнага, кс. Раман дзеліцца ўспамінамі пра свае сустрэчы з Папам і разважае над яго роляй у жыцці Касцёла.
 
«Anuntio vobis» — маем Папу
 
Я дасканала памятаю той дзень і той канклаў, на якім кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам. Гэта быў ужо другі канклаў за год пасля смерці Паўла VI і незвычайна кароткага пантыфікату Яна Паўла І. Выбар быў цяжкі, бо, калі я добра памятаю, двойчы з коміна Сікстынскай капліцы ішоў чорны дым.
 
Тады ж у мяне нарадзілася думка, што было б добра, калі б новым Пантыфікам выбралі паляка (кс. Раман Факсінскі нарадзіўся ў Польшчы, там жа і паступіў у семінарыю –заўв. аўт.). Гэта было маім унутраным перакананнем. У рэшце рэшт 16 кастрычніка 1978 г. над Сікстынскай капліцай пайшоў белы дым і на балконе базылікі св. Пятра з'явіўся новы Папа.
 
“Anuntio vobis” – маем Папу – абвясцілі тады. Я глядзеў тэлевізар і вядучы паведаміў гэту навіну вельмі ўрачыста, стоячы. Ён сказаў, што новы Папа – паляк. Але хто?
 
Я глядзеў трансляцыю і памятаю, як з’явіўся новы Папа і кардынал камердынер абвясціў: Караль, кардынал Вайтыла з Кракава. Гэта была вялікая радасць! Я паклікаў сваіх родных і мы радаваліся разам.
 
Першыя словы новага Папы, яго сімвалічнае імя Ян Павел ІІ, першая пілігрымка да Мексікі, пасля — да сваёй Айчыны ў Польшчы адкрылі, што ён з’яўляецца настаўнікам і місіянерам. А тыя словы з інаўгурацыі: “Адкрыйце дзверы Хрысту... дзверы вашых сэрцаў”. Ён з першай хвіліны крануў сэрцы многіх людзей ва ўсім свеце. 

«Ян Павел ІІ адыграў у маім пакліканні вялікую ролю»
 
У камуністычнай Польшчы сярод народа паўстала вялікая эйфарыя — новы павеў, новы дух, вялікая мабілізацыя веры. Да Рыма адразу рушылі пілігрымкі... Я ў той час быў у выпускным класе і знаходзіўся на раздарожжы: што рабіць далей — якой дарогай ісці. 
 
Ян Павел ІІ адыграў у маім пакліканні вялікую ролю, дзякуючы яму я паставіў кропку над сваім “і што рабіць далей?”. З дзяцінства Бог клікаў мяне, але патрэбна была адвага і смеласць прыняць тое рашэнне. Зрабіць гэта мне дапамог новы Папа. 
 
Я з ліку тых юнакоў, хто пайшоў у семінарыю ў першы год пантыфікату Яна Паўла ІІ. 
 
Мы — сапраўды пакаленне Яна Паўла ІІ, бо ўзрасталі ў веры падчас яго Пантыфікату. У Польшчы ў тых гадах назіраўся вялікі рост пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. Шмат юнакоў пайшлі тады разам са мной служыць Богу і людзям. 
 
Усе далейшыя падзеі — узрастанне ў святарстве, пачатак Пантыфікату Яна Паўла ІІ, яго навучанне, пілігрымкі, замах на яго жыццё; сацыяльныя змены, якія адбываліся пры яго ўплыве; час польскай “Салідарнасці”, упадак камунізму — усё гэта мы перажывалі разам са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. 
 
Пачатак майго святарства — гэта захапленне яго вучэннем, дзейнасцю, апостальскай паслугай; гэта натхненне Яго жыцця для маёй працы: прабыванне з моладдзю, рэкалекцыі тыпу “аазіса”, пілігрымкі, сустрэчы, горныя вандроўкі, вандроўкі над морам і ў шэрагу іншых месцаў. Гэта рэлігійны тэатр, агляды рэлігійнай творчасці, сустрэчы ў марыйных санктуарыях для моладзі. Той час быў вельмі плённым.
 
Святога Айца св. Яна Паўла ІІ я сустракаў спачатку клерыкам падчас яго пілігрымак у Польшчу, а пасля — ужо будучы маладым святаром — слухаў яго ў натоўпе пілігрымаў у Непакаляным, Чэнстахове, Лодзі і іншых месцах.
 
Я памятаю Сусветны дзень моладзі ў Чэнстахове ў 1991 годзе, той настрой моладзі і тыя шматлікія натоўпы, якія прыбылі ў санктуарый, а найперш з усходу — з Беларусі, Расіі і іншых краін былога СССР. Казанні, з якімі звяртаўся Пантыфік, датычыліся свабоды Божых дзяцей. Ян Павел ІІ падкрэсліваў, што мы з’яўляемся святыняй святога Духа і што Божы Дух жыве ў нас.

Памятаю адзіныя яго словы ў мой адрас: «Трымайся, сынку»
 
Але былі ў маім жыцці і выпадкі асабістай сустрэчы з Янам Паўлам ІІ. Першая такая сустрэча адбылася 8 снежня 1989 года ў капліцы Пантыфіка падчас яго асабістай малітвы. 
 
Я бачыў Яна Паўла ІІ, які чуваў, укленчыўшы, на малітве — ён быў нібыта з іншай рэальнасці. На яго твары быў заўважны глыбокі  выраз пакуты: быццам ён нёс вялікі крыж з вялізным цяжарам. Так гэта напэўна і было, бо несці адказнасць за ўвесь Касцёл і свет — гэта вялікі крыж. 
 
Мы прымалі ўдзел у святой Імшы супольна са Святым Айцом. Нас было каля 10-і святароў з маёй Уроцлаўскай дыяцэзіі, былі таксама свецкія катэхеты. У першую хвіліну святой Імшы кс. Станіслаў Дзівіш узяў мяне за руку і падвёў да алтара з боку Папы. Я мог бачыць яго блізка, на адлегласці выцягнутай рукі. Тая адмысловая св. Імша засталася са мной на ўсё жыццё. 
 
Словы, якія прамаўляліся падчас набажэнства, былі звыклыя, але сярод іх з папскіх вуснаў я чуў і словы малітвы на розных мовах, у тым ліку і па-грэчаску. Мне запомнілася слова Theotokos, гэта была Імша ў гонар Беззаганнай Марыі.
 
Ян Павел ІІ быў містыкам, ён перажываў Эўхарыстыю незвычайна, свет быў для яго непрысутным, ён быў нібы ў Божым свеце. Памятаю знак супакою непасрэдна ад св. Айца, а таксама прыняцце Цела і Крыві Хрыста з аднаго келіха. Тыя ўспаміны застаюцца са мною і сёння...
 
Пасля заканчэння св. Імшы ўсе выйшлі з капліцы, пакінуўшы Папу на малітве. Пасля ён выйшаў да нас незвычайна зменены, быццам бы маладзейшы, з умешкай — ён быў падобны на Майсея пасля сустрэчы з Найвышэйшым Панам і Богам. Папа падыходзіў да кожнага з нас, размаўляў, у канцы падышоў і да мяне. Памятаю адзіныя яго словы, сказаныя ў мой адрас: “Трымайся, сынку”. І даючы мне ружанец, ён усміхнуўся і паціснуў мне руку, доўга яе трымаючы (на здымку злева ўверсе)
 
Тады я маліўся аб сваім прыезде ў Беларусь. Прасіў свайго біскупа аб дазволе на выезд, аднак дазволу не атрымаў. Гэта мяне турбавала і я нават тады думаў, што скажу пра гэта святому Айцу, але змаўчаў. 
 
Усе як адзін, узгадваючы пра ўражанні ад сустрэчы з Пантыфікам, казалі адзін аднаму, што яго вочы — як рэнтген, ён усё пра нас ведае...
 
«Ён застаўся з намі, як Subito Santo, з першых хвілін адыйсця»

Пасля былі і іншыя сустрэчы. Падчас пілігрымкі з Беларусі ў 1998 г. на 20-годдзе Пантыфікату, кожны з нас, святароў, якія працавалі на Беларусі, падыходзіў да Святога Айца, а кс.-кардынал Казімір Свёнтак кожнага з нас яму прадстаўляў.
 
Я памятаю толькі слёзы, бо былі бачныя цярпенні і хвароба Пантыфіка. Апошняя мая сустрэча з Папам адбылася ў жніўні 2004 г. у Рыме — за восем месяцаў да яго адыходу ў дом Айца (на здымку злева). Тады, памятаю, я перадаваў Пантыфіку тое, аб чым прасілі мяне мае парафіяне з Магілёва, а Ён слухаў і маўчаў, вельмі самотны. Гэта была незвычайная сустрэча, я быў поўны захаплення — Ян Павел ІІ, ужо хворы і змучаны, прыняў тады столькі людзей... І для кожнага ён меў час, так як Хрыстос, які палюбіў чалавека. 
 
Ян Павел ІІ шматразова казаў, што дарога Хрыста з’яўляецца чалавекам і дарога хрысціяніна — гэта чалавек. Яну Паўла ІІ я бязмерна ўдзячны за яго навучанне, яго энцыклікі, адгартацыі, лісты да моладзі, казанні, катэхезы. Ён, як рулявы Хрыстовай лодкі Касцёла, сваім навучаннем указваў накірунак Хрыстовай дарогі. Ён прычыніўся да развіцця Касцёла, але таксама і да духоўнага ўзрастання шмат каго з нас — пакалення Яна Паўла ІІ.  
 
Калі Ён адышоў, зрабілася пуста і нават страшна, але Ён застаўся з намі, як Subito Santo, з першых хвілін адыйсця. 
 
Я радуюся такому хуткаму вынясенню Яна Паўла ІІ да Божай хвалы і ведаю, што ён моліцца за Беларусь. Ён любіў і насіў у сваім сэрцы змучаны і пераследуемы Касцёл, спрыяючы сяброўству і любові. 
 
Кс. Раман Факсінскі
Апрацаваў І. Лапато

PS. Рэдакцыя Catholic.by распачынае цыкл артыкулаў-успамінаў пра Папу Яна Паўла ІІ. Калі ў вас таксама ёсць успаміны-сведчанні пра Папу Яна Паўла ІІ, якімі вы хацелі б падзяліцца, калі ласка, пішыце нам на e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста -- маё сведчанне пра Яна Паўла ІІ). Вялікі дзякуй!

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.