Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа напісаў беларускай жанчыне і даслаў першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент на беларускай мове
Беларусь
22.12.2013 15:43

Святы Айцец Францішак напісаў беларускай верніцы Ядвізе Пастэрнак, даслаўшы таксама першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент на беларускай мове.

 


клікніце па выяве, каб павялічыць

 


клікніце па выяве, каб павялічыць


клікніце па выяве, каб павялічыць

"Спадарыні Ядвізе Пастэрнак з удзячнасцю за ўсё тое, што Вы зрабілі і робіце для Касцёла. Прашу Вас маліцца за мяне. Няхай Пан Бог Вас благаславіць, а Багародзіца Вас аберагае. Францішак", - піша Святы Айцец. 

h Ядвіга Пастэрнак, дачка Віктара і Юзэфы, нарадзілася 6 красавіка 1927 года ў вёсцы Муляры ў 35 км ад Вілейкі і жыве ў гэтай вёсцы да сённяшняга дня. Была 9-м дзіцём у сям’і. Яе бацькі былі простымі вясковымі людзьмі, бацька быў краўцом, ад яго Ядвіга вучылася кравецкай справе і працавала ўсё жыццё швачкай. Выхоўвалася ў глыбока рэлігійнай сям’і. Да Першай святой  Камуніі яе рыхтавалі сёстры непакалянкі з Вішнева. Скончыла пачатковую школу, дзе навучылася чытаць і пісаць на польскай мове. У 7 гадоў пакалечыла нагу, разбіўшы чашку на калене, і гэтая хвароба давала аб сабе знаць усё жыццё, стаўшы для яе сапраўдным крыжом. Замуж выйшла ў 58 гадоў за ўдаўца, глыбока веруючага і пабожнага чалавека, і пражыла з ім 9 гадоў.

У 1934 годзе ў суседняй вёсцы Дубава была пабудавана капліца, куды рэгулярна прыязджалі святары: кс. Хомскі, кс. Пётр Война-Уранскі і кс. Цімашкевіч з Вішнева. Ядвіга ўспамінае, што кс. Хомскі прыязджаў з Вішнева на кані, а кс. Пётр Война-Уранскі на матацыкле. Нягледзячы на калецтва, Ядвіга з 7-гадовага ўзросту наведвала гэтую капліцу, ішла пешшу, абапіраючыся на самаробныя мыліцы, часамі яе падвозілі вяскоўцы. Капліца праіснавала да 1963 года, пасля была разабрана і перавезена ў Іжу, з яе зрабілі бальнічную кухню. Капліцу разабралі, крыж скінулі з вежы, і ён, пагнуты, застаўся ляжаць на ўзгорку, дзе была капліца. Праз нейкі час Ядвіга падабрала яго, прыклала намаганні, каб адрамантаваць, і зберагла да сённяшніх дзён. Калі ў Куранцы ў 2011 годзе з’явілася капліца, яна перадала яго туды.

Пасля вайны па святах Ядвіга хадзіла ў касцёл у Вішневе, які знаходзіўся на адлегласці 18 км. Хвароба нагі стварала вялікаю цяжкасць у рухах. Ідучы, яна вымярала адлегласці ад слупа да слупа і спынялася, каб адпачыць, пры гэтым мыліцамі мазоліла да крыві рукі. Найчасцей дабіралася ў Вішнева вечарам, начавала ў знаёмых і раніцай ішла ў касцёл. Для тых, хто не меў магчымасці быць у касцёле, прыносіла аплаткі, асвечаныя велікодныя стравы і ваду, хлеб святой Агаты. Дзяцей, якія жадалі прыняць святую Камунію, кс. Юзаф Кісель, пробашч Вішнева пасля вайны, накіроўваў да Ядвігі Пастэрнак, якая іх рыхтавала. Яна ад рукі перапісвала катэхізіс і раздавала дзецям. Сама карысталася кніжачкамі, якія мела з дзяцінства, са школы сясцёр непакалянак, і якія захоўвае да сённяшняга дня.

У 70-х гадах стаў хадзіць аўтобус па маршруце Маладзечна – Свір праз Муляры, і гэта дазволіла ёй ездзіць на Імшу ў Шэметава, дзе служыў кс. Станіслаў Кучынскі.

Пачынаючы з 1949 года Ядвіга разам з іншымі парафіянамі хадзіла на пахаванні, спявала, малілася, перад пахаваннем акрапляла асвечанай вадой магілу. Гэта ў той час была адзіная магчымая хрысціянская форма пахавання. Яна маліліся за католікаў і праваслаўных, за ўсіх, куды яе запрашалі, і можна сказаць, што пахавала такім чынам цэлыя вёскі вакол Муляраў.

Пасля адкрыцця касцёла ў Вілейцы Ядвіга пачала ездзіць туды і наведвае гэтую святыню да сённяшняга дня.

У сябе, у вёсцы Муляры і акрузе, яна змагла сабраць людзей у супольнасць, дзякуючы чаму магчыма было арганізаваць правядзенне Імшаў перад вялікімі святамі, была арганізавана душпастырская візітацыя (каляда), апека над састарэлымі, хворымі і паміраючымі, як па вёсках, так і ў доме-інтэрнаце ў в. Іжа, служыла дапамогай сем’ям у правядзенні каталіцкага пахавання.

У 1992 годзе быў устаноўлены крыж у вёсцы Муляры, які 19 мая таго года асвяціў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч. З гэтага часу 19 мая адзначаецца як свята вёскі Муляры. Першую каляду па гэтых вёсках правёў у 1998 годзе сённяшні біскуп намінат Юрый Касабуцкі. Сістэматычна Імша пачала праводзіцца па дамах з 2000 года.

Папскі дакумент уручыў беларускай верніцы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас візіту ў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы 22 снежня.

(AG)

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь

29.05 23:52Місія «Чыстае сэрца» арганізавала ў Мінску дабрачынны канцэрт у падтрымку хворых дзяцей
28.05 12:10Міністр замежных спраў: Беларусь гатова прыняць з візітам Папу Рымскага
27.05 16:41У Беларусі адышоў у вечнасць украінскі арцыбіскуп Пётр Мальчук (абноўлена)
26.05 17:35Арцыбіскуп Кандрусевіч пра выстаўку беларускіх абразоў у Ватыкане: «Мы разам праслаўляем і Касцёл, і Царкву, і нашу краіну»
23.05 15:16У Смаргоні прайшла агульнабеларуская салезіянская ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў
21.05 22:12Аляксандр Лукашэнка наведаў выстаўку беларускіх абразоў у Ватыкане
21.05 16:46Беларуская спявачка Патрыцыя Курганава атрымала з рук Прэзідэнта Беларусі памятны медаль Папы Рымскага
21.05 13:33Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку (абноўлена)
20.05 12:58Рэжысёр Юрый Гарулёў: Касцёлу ў Беларусі неабходна ўсімі сіламі захаваць фестываль «Magnificat»
18.05 12:56Папа Францішак благаславіў абраз св. Яна Паўла ІІ для аднайменнай парафіі ў Мінску