Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Упершыню ў новым навучальным годзе ў Варшаве прайшла Імша на беларускай мове
Беларусь
04.11.2013 15:59

3 лістапада беларусы Варшавы першы раз у новым навучальным годзе сустрэліся на ўжо традыцыйнай Імшы, якая праводзіцца ў сталіцы Польшчы на беларускай мове. Хоць лакалізацыя месца літургіі змянілася, захавалася пераемнасць у яе правядзенні ў законнікаў: раней Імша праходзіла ў кляштары дамініканаў у цэнтры горада, зараз — у кляштары дамініканаў на Служаве.

Змяніўся таксама і душпастыр: а. Віталь Сапега ОР, які цэлебраваў Эўхарыстыю ў мінулым навучальным годзе, выехаў у Віцебск. Новым апекуном варшаўскай грамады беларускіх католікаў стаў а. Кшыштаф Рушэль ОР, для якога пастырская праца з беларусамі не з’яўляецца чымсьці новым: пэўны час святар цэлебраваў Імшы на беларускай мове ў Кракаве. І хаця, як прызнаўся сам святар, апошні раз ён выкарыстоўваў беларускую мову каля двух гадоў таму, зараз настаў час, каб прыгадаць яе зноў.

Акрамя а. Кшыштафа Рушэля, духоўна клапаціцца пра беларусаў будуць брат Дзяніс з Магілёва і брат Аляксандр з Брэста, якія ў жніўні 2013 г. былі прыняты ў навіцыят Ордэна дамініканаў.

У нядзелю Імшу цэлебраваў кс. Ірэнэуш Копач, які больш за 20 гадоў з'яўляецца душпастырам супольнасці “Каштоўная пярліна” ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены. Будучы праездам з Германіі ў Беларусь, святар узначаліў літургію і прамовіў гамілію. Узгадваючы словы Езуса да Закхея з нядзельнага Евангелля, кс. Ірэнэуш Копач заахвоціў прысутных – на Імшу прыйшло каля 40 чалавек, у тым ліку і палякі, – памятаць, што Езус прагне быць у доме кожнага, бо “прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула” (Лк 19, 10).

У нядзельнай Эўхарыстыі ўдзельнічалі і палатынцы, якія вучацца ў семінарыі ў Алтажаве і менш за месяц таму прынялі дыяканскае пасвячэнне з рук Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Пасля літургіі адбылася размова пры гарбаце, якая традыцыйна з’яўляецца завяршэннем сустрэчы беларусаў у Варшаве.

Цягам навучальнага года святая Імша на беларускай мове будзе цэлебравацца ў Варшаве 1-2 разы ў месяц. Атрымаць інфармацыю пра бліжэйшыя сустрэчы можна, падпісаўшыся на рассылку Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript ці ў суполцы ініцыятывы на facebook (https://www.facebook.com/groups/159858914048616/).

Сяргей Аношка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.