Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
Беларусь
01.10.2013 12:06

У панядзелак 30 верасня ў 16.00 Яго Святасць Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Падчас саракахвіліннай сустрэчы Папа затрымаўся над жыццём і перспектывамі Беларусі. Асаблівую ўвагу Пантыфік прысвяціў сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, радуючыся прагрэсу ў службе Евангеллю на карысць усяго беларускага народа і яго культуры.

Акрамя гэтага Пантыфік атрымаў усю інфармацыю, якой валодае Апостальскі Нунцый, аб становішчы святара Уладзіслава Лазара, выражаючы сваю заклапочанасць і просячы, каб яго асабіста рэгулярна інфармавалі аб развіцці гэтай сітуацыі. Папа запэўніў ўсю каталіцкую супольнасць краіны ў асаблівай блізкасці і ў сваёй асаблівай, бацькоўскай увазе да гэтай далікатнай сітуацыі.

Пантыфік папрасіў свайго Прадстаўніка ў Беларусі перадаць усім грамадзянам краіны цёплае прывітанне і запэўніў у сваёй малітве, павазе і сімпатыі.

У бліжэйшыя дні арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэнецца з Дзяржаўным Сакратаром і іншымі прадстаўнікамі Дзяржаўнага Сакратарыяту, а таксама са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам, старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардыналам Жанам-Луі Таранам, старшынёй Папскай рады па культуры кардыналам Джанфранка Равазі, Прэфектам Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардыналам Леанарда Сандры, Патронам Мальтыйскага Ордэна кардыналам Паоло Сардзі, Прэфектам Кангрэгацыі па справах Духавенства арцыбіскупам Беньямінам Стэла, кардыналам Ражэ Эчэгараем і іншымі прадстаўнікамі Святога Пасаду.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.