Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч папрасіў
вернікаў маліцца ў інтэнцыі Святога Айца Бэнэдыкта XVI, які «быў дадзены Богам Касцёлу
і свету як адпаведны Пантыфік у адпаведны час». 11 лютага ў прамове перад вячэрняй святой Імшой Мітрапаліт сказаў вернікам пра рашэнне Папы аб зыходзе з пасады Наступніка св. Пятра.
Гэтае рашэнне, дадаў арцыпастыр, стала
галоўнай навіной ва ўсім свеце, якая прыйшла
нечакана, як гром з яснага неба. Іерарх патлумачыў, што гэта суверэннае
рашэнне Пантыфіка, якое ніхто не зацвярджае і не прымае, і нагадаў, што
Папа аб’явіў аб сваім зыходзе з пасады Наступніка св. Пятра, якое
адбудзецца 28 лютага ў сувязі з яго здароўем.
«Для мяне, —
падкрэсліў Мітрапаліт, — Бэнэдыкт XVI нязломны абаронца і прамоўтар
хрысціянскай веры. Ён напісаў тры энцыклікі, правёў Сіноды Біскупаў: аб
Эўхарыстыі, аб слове Божым у жыцці і місіі Касцёла і аб новай
евангелізацыі. Ён таксама правёў Год святога апостала Паўла — самага
вялікага місіянера ўсіх часоў, Год святара і ўвёў Касцёл у Год веры з
мэтай яе адрадзіць і ўмацаваць у сучасным свеце. Ён вельмі добра ведаў
пра Беларусь і заўсёды, калі спатыкаўся са мной, пытаўся пра нашы
справы, — дадаў іерарх. — З іменем Бэнэдыкта XVI звязаны таксама
тэлемост — малітва Ружанца са студэнтамі ў 2008 г. Гэты Папа вельмі
высока ацаніў пераклады літургічных тэкстаў і магістэрыума Касцёла на
беларускую мову».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў
вернікаў маліцца аб здароўі Бэнэдыкта XVI і прасіць Духа Святога, каб
указаў кардыналам-выбаршчыкам адпаведнага кандыдата на месца яго
наступніка. (AG)
|