Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каралі таксама былі манахамі: з гісторыі Францішканскага Закона Свецкіх
Беларусь
02.02.2013 03:00

Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 2 лютага, з'яўляецца «прафесійным» святам не толькі для айцоў і сясцёр законных, але таксама для свецкіх людзей —  членаў свецкіх ордэнаў. Пра адзін з іх — Францішканскі Закон Свецкіх — сёння і пойдзе гаворка.

Гісторыя францішканаў свецкіх сягае ў часы жыцця св. Францішка з Асізі — заснавальніка францішканскай сям’і. А значыць, сям’і гэтай ужо амаль восем стагоддзяў. Сярод францішканскіх тэрцыярыяў былі Папы Рымскія, каралі, мастакі, навукоўцы, кампазітары і прадстаўнікі іншых сацыяльных груп. Запрашаем пазнаёміцца з гісторыяй і духоўнасцю Францішканскага Закону Свецкіх, супольнасць якога ёсць і ў Беларусі. 

Гісторыя

Мір і дабро! Заўсёды і ўсюды! Амаль восем стагоддзяў так вітаюцца тыя, хто належыць да францішканскай сям’і — найвялікшай у Каталіцкім Касцёле. Францішканская сям’я аб’ядноўвае ў сабе тры галіны: Першы закон мужскі, Другі закон жаночы, Трэці закон для асобаў свецкіх.

Заснавальнікам закона з’яўляецца св. Францішак з Асізі.

Гісторыя Трэцяга закону свецкіх распачалася ў 1221 г., калі св. Францішак, выходзячы насустрач патрэбам Касцёла і свецкім людзям, якія жывуць у сем’ях, прапанаваў ім новую форму жыцця ідэаламі Евангелля, называючы іх братамі і сёстрамі ад цярпення.


Духоўнасць св. Францішка — босага жабрака — наследавалі Папы Рымскія і каралі. Некаторыя з іх вынесены да хвалы алтара

На працягу ўсяго Сярэднявечча, а таксама ў наступныя стагоддзі трэці закон св. Францішка быў вельмі шматлікі, аб’ядноўваючы ў сабе асобаў рознага становішча і прафесій, у тым ліку духоўных асобаў, біскупаў, кардыналаў і Рымскіх Папаў.

У гісторыі Касцёла да трэцяга закону належалі 8 Рымскіх Папаў (Мікалай IV, Пій IX, Леон ХІІІ, Пій Х, Бэнэдыкт XV, Пій ХІ, Пій ХІІ, Ян XXIII), каралі і каралевы (св. Людвік IX — кароль Францыі, св. Фердынанд ІІІ — кароль Кастыліі, св. Альжбета Венгерская, св. Альжбета Партугальская, св. Кінга), а таксама Слуга Божы кардынал Стэфан Вышынскі і бл. Ежы Папялушка.

Касцёл вынес да хвалы алтара 150 асобаў, якія адносіліся да шэрагу трэцяга францішканскага закону. Сярод іх Папы (св. Пій Х, бл. Ян XXIII), каралі (св. Людвік, св. Фердынанд), каралевы (св. Альжбета Венгерская, св. Альжбета Партугальская), святары (св. Ян Віянэй), паслядоўнікі (св. Рох, бл. Раймунд Луллюс), мастак св. Альберт Хмялёўскі, панны (св. Ружа з Вітэрбо, св. Анджэла Мерычы), свецкія (Мігель дэ Сервантэс, Джотта дзі Бандонэ, Ферэнц Ліст) і шмат іншых.


У Законе ўсё законна

Закон — супольнасць асобаў, якія падпарадкоўваюцца прадпісанням Касцёла, каб мець добрую дапамогу ў дасягненні дасканалай любові.

Францішканскі — бо асобы гэтыя імкнуцца да дасканаласці на ўзор св. Францішка, наследуючы яго ідэалы і евангельскую дасканаласць.

Свецкіх — бо асобы гэтыя не пакідаюць «свет», застаюцца ў сваіх дамах і працягваюць жыць у сваім грамадзянскім і прафесійным «асяроддзі», уплываючы на яго знутры.

Адраджэнне трэцяга закону, ужо як Францішканскага Закону Свецкіх, наступіла пасля Другога Ватыканскага Сабору. Святы Айцец Павел VI 24 чэрвеня 1978 г. зацвердзіў ФЗС праз Апостальскае пасланне Seraphicus Patriarcha. Ад таго часу Статут, у аснову якога пакладзена Евангелле, з’яўляецца законнай сілай для ўсіх членаў ФЗС.

Францішканскі Закон Свецкіх кіруецца паўсюдным законам Касцёла і ўласным: Статут, Генеральныя канстытуцыі, цырыманіял, партыкулярныя статуты.

Трэцім законам ва ўсім свеце кіруе Міжнародная рада. У кожнай краіне — нацыянальная рада. У мясцовай супольнасці — Рада мясцовай супольнасці.


Дух Францішканскага Закону Свецкіх

Дух трэцяга закону той жа самы, што і ў двух іншых: пакута — праз утаймоўванне сябе ў выніку пазбягання прыемнасцяў і раскошаў свету; убоства — праз адарванне ад свецкіх спраў; паслухмянасць — праз адданне сябе Каталіцкаму Касцёлу і намесніку Хрыста.

Абяцанні — паслухмянасць (прымаю столькі, колькі неабходна, каб памятаць, што з’яўляюся «найменшым»; поўны давер Пану Богу), убоства (глыбокае разуменне непрывязанасці да ніводнай рэчы), чыстасць (думак і сэрца).

Адзенне сціплае. Распазнавальны знак «T» — TAU.

Кожная лакальная супольнасць павінна мець духоўнага асістэнта, які аказвае душпастырскую паслугу і клапоціцца пра францішканскую фармацыю.

Праца — дапамагаць па меры магчымасці Касцёлу і людзям патрабуючым. ФЗС рыхтуе дзяцей да Першай святой Камуніі, клапоціцца пра чысціню і прыгажосць святыні, сваёй малітвай падтрымлівае ўвесь Касцёл, асабліва святароў.

Да трэцяга закону могуць адносіцца асобы свецкія — мужчыны і жанчыны, а таксама духоўныя дыяцэзіяльныя — дыяканы, святары, біскупы. Кандыдат павінен быць каталіцкага веравызнання.

Свецкія францішкане ставяць сабе за мэту імкнуцца да хрысціянскай дасканаласці на ўзор св. Францішка, жывучы ў свеце. Акрамя развіцця духу малітвы і сакрамэнтальнага жыцця прымаюць удзел у рэкалекцыях, днях засяроджання, пілігрымках і іншых формах духоўнага ўдасканалення.

Асаблівы націск Статут робіць на апостальстве: прыклад, слова, справы міласэрнасці, місіянерства, перамяненне зямной рэчаіснасці ў хрысціянскім духу.


Мэта Францішканскага Закону Свецкіх

Францішканскі Закон Свецкіх мае дзве мэты: асабістае асвячэнне і апостальства. Тэрцыярыі маюць абавязак часта чытаць Евангелле. Святое Пісанне павінна быць асноўным чытаннем. Святы Францішак, шукаючы дарогі да Пана Бога, браў Святое Пісанне і ў ім шукаў адказ на кожнае пытанне.

Францішканскі Закон Свецкіх навучае людзей любові. Любоў ніколі не мінае. Евангелле і ўсё, што з яго нараджаецца, заўсёды актуальнае.


Францішканскі Закон Свецкіх у свеце і ў Беларусі. Актуальны малюнак

На сёння Францішканскі Закон Свецкіх прысутны ў 114 краінах.

Адраджэнне закону ў Беларусі распачалося ў 1997 годзе. Дакументы былі знойдзены ў Жалудку. На сёння ў Беларусі 517 асобаў у 34 супольнасцях.


А ты — францішканін?

Кожны, хто адчувае ў сабе францішканскі дух, прагне наследаваць Езуса Хрыста на ўзор св. Францішка, жывучы як свецкі чалавек, можа далучыцца да францішканскай супольнасці — шматлікіх сясцёр і братоў з усёй Беларусі.


Кантактная інфармацыя:

Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
230008 Гродна,
вул. Брыкеля 21/1-13
с. Марыя Этоль — нацыянальная настаяцельніца
Францішканскага Закону Свецкіх
у Беларусі
Тел.: +375 152 76 57 05
Маб.: +375 29 867 29 14

Падрыхтавала с. Марыя Этоль

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме