Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі з нагоды прызначэння новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі |
Беларусь |
15.07.2011 13:50 |
15 ліпеня 2011 г., у літургічны ўспамін св. Бонавэнтуры, біскупа і доктара Касцёла, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, якім стаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Да гэтага часу Яго Эксцэленцыя з'яўляўся Апостальскім Нунцыем у Грузіі, Арменіі і Азербайджане. Іерарх мае вялікі вопыт дыпламацкага служэння і як былы супрацоўнік Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў з'яўляецца экспертам у справах экуменізму. Прызначэнне новага Апостальскага Нунцыя — гэта заўсёды вялікая падзея для мясцовага Касцёла і краіны, дзе ён будзе служыць. З гэтым прызначэннем мы звязваем новыя надзеі на далейшае развіццё як адносін паміж Апостальскім Пасадам і Беларуссю, так і Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне. Ад усяго сэрца віншуючы арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці з новым прызначэннем, жадаю яму поспехаў у новай і адказнай місіі ў Касцёле. Звяртаюся да вас, дарагія вернікі Мінска-Магілёўскай архідэяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, маліцца ў яго інтэнцыі, каб пасля шматгадовай працы ў высакагорных краінах Каўказа шчасліва і плённа служыў на раўніннай Беларусі, дзе нямала высакагорных праблем. Няхай праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай і св. Андрэя Баболі Бог благаславіць яму і адорвае патрэбнымі дарамі. З малітвай і благаслаўленнем Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч P.S. Глыбокапаважаныя святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі няхай прачытаюць гэты зварот вернікам у нядзелю 17 ліпеня 2011 г. |