Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Меркаванне. Чаму ў лагатып 750-годдзя Магілёва не ўвайшла выява каталіцкага касцёла?
Усяго патроху
23.02.2017 11:21

(меркаванне аўтара адлюстроўвае яго асабістую думку і можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі)


Днямі быў прадстаўлены афіцыйны лагатып да 750-годдзя Магілёва. Адзначаецца, што лагатып стане эмблемай, якую змесцяць на рэкламнай прадукцыі, білбордах, расцяжках, на бэйджах работнікаў сферы паслуг і г.д.

Фінальны варыянт лагатыпа ў выглядзе беларускага арнамента прадстаўляе будынкі Магілёва, у цэнтры якіх — гарадская ратуша.

Як паведамляе БЕЛТА, на адмысловы конкурс лагатыпаў было даслана 70 варыянтаў. У выніку было прынята рашэнне адлюстраваць у лагатыпе «гісторыю горада з дапамогай знакавых пазнавальных аб’ектаў». Над канчатковым варыянтам працавала вялікая творчая група.

У лагатып чамусьці не ўвайшла выява магілёўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Няўжо гэта не пазнавальны аб’ект Магілёва?

Што змешчана на лагатыпе?

У цэнтры эмблемы змешчана гарадская ратуша. Злева — Свята-Ніколькі сабор і мемарыяльны комплекс Буйнічскае поле. Справа — былы будынак пазямельна-сялянскага банка ў стылі мадэрн і ...будынак звычайнага шматпавярховага дома.

Апісваючы гэты дом, БЕЛТА тлумачыць яго як «сімвал сучаснасці і паўнаты жыцця». Але хіба звычайны шматпавярховік можа адлюстроўваць паўнату жыцця беларуса?

Ці не было б больш разумна змясціць на лагатыпе выявы двух сакральных будынкаў Магілёўшчыны — праваслаўнага сабора і каталіцкага касцёла — як сімвал мірнага суіснавання на беларускай зямлі (і ў Магілёве ў прыватнасці) дзвюх хрысціянскіх канфесій? Ці не рэлігійнай талерантнасцю славіцца беларуская зямля ў параўнанні з іншымі краінамі?

Адна з магчымых варыяцый лагатыпа з улікам канфесійнага балансу

Чаму пра католікаў у чарговы раз «забыліся»? Ці Магілёў і магілёўскі рэгіён ніколі не мелі сувязі з каталіцтвам?

Зусім не так. Варта ўзгадаць хаця б той час, калі менавіта Магілёў доўгі час быў сталіцай самай вялікай у свеце каталіцкай Мітраполіі, якая ўключала ў сябе усё каталіцкае насельніцтва Расійскай Імперыі.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх земляў да Расійскай імперыі менавіта ў гэтым горадзе знаходзілася катэдра буйнейшай у імперыі дыяцэзіі. Магілёў у канцы XVII-XIX стагоддзяў з’яўляўся адным з цэнтраў каталіцтва ў Расійскай Імперыі.

Разам з тым і касцёл, і сабор маюць і сваю культурную каштоўнасць.

Свята-Ніколькі сабор, які знаходзіцца на тэрыторыі праваслаўнага жаночага манастыра, уключаны ЮНЕСКА у рэестр найбольш каштоўных пабудоў Еўропы ў стылі барока. Інтэр’ер катэдральнага касцёла ўпрыгожвае адзін з найбольш разгорнутых фрэскавых біблейскіх цыклаў у Беларусі — унікальны помнік манументальнага мастацтва.

Які з сакральных будынкаў пабудавалі раней?

Хтосьці можа запярэчыць: маўляў, у лагатып і так уключаны найбольш старыя пабудовы горада — ды й адзін рэлігійны будынак у ім усё ж ёсць, хопіць і яго. Не хопіць.

Чаму б не выказаць павагу і да каталіцкай канфесіі, уплыў якой меў месца ў гісторыі Магілёва? Прааналізуем даты. Свята-Ніколькая царква ўпершыню была пабудавана з дрэва ў 1637 г., цагляны ж будынак гэтай царквы быў асвячоны ў 1672 годзе.

Сённяшняя магілёўская катэдра — касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава будаваўся ў 1738—1752 гг. Але першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі быў узведзены на тэрыторыі кляштара кармэлітаў абутых у Магілёве ў 1636 годзе на тым жа месцы.

Як бачым, Свята-Нікольская царква і касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі былі пабудаваныя практычна ў адзін год — у канцы 30-х гадоў XVII ст.
Такім чынам, хрысціянства ўплывала прынамсі на знешні выгляд Магілёва  (не кажучы ўжо пра ўнутраныя працэсы горада) яшчэ чатыры стагоддзі таму. І, заўважце, уплыў па меншай меры дзвюх канфесій, а не адной. То чаму ў фінальным лагатыпе толькі адзін будынак з гэтых двух? Усе важныя для горада аб’екты ў лагатып не змесціш. Але ж для шматпавярховіка месца знайшлося...

У гэтай сітуацыі куды больш лагічнымі выглядаюць лагатыпы, прадстаўленыя на конкурс з нагоды святкавання 920-годдзя Пінска. На адным з лагатыпаў адмыслова змешчаныя абрысы як каталіцкага касцёла, так і праваслаўнага сабора. Прыгожа і талерантна. Выдатны прыклад іншым гарадам.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.