Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Вялікдзень — «свята святаў»
Усяго патроху
16.04.2017 00:03

Самай вялікай хрысціянскай урачыстасцю з’яўляецца Вялікдзень. Яго называюць «святам святаў». У гэты дзень Хрыстус сваёю крывёю адкупіў увесь свет.

Для вернікаў Пасха становіцца пераходам да іншага, лепшага жыцця. Яна запэўнівае ў надзеі на ўваскрашэнне да новага і вечнага жыцця ў супакоі, справядлівасці і хвале. У гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін уваскрасення Езуса Хрыста. Назва ўрачыстасці паходзіць ад дня, у які Хрыстус уваскрос і які для нас з гэтай прычыны стаў вельмі важным і сапраўды вялікім.

«Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана» (Ян 20, 20). Кожны хрысціянін, які святкуе таямніцу Уваскрасення, запрошаны да сузірання аблічча ўваскрослага Пана. Сузіраць — гэта не што іншае, як уважліва ўглядацца «вачыма сэрца» (Эф 1, 18).

Хрыстус уваскрос!

Літургічная цэлебрацыя нядзелі Уваскрасення пачынаецца на світанні. З самай раніцы ва ўсіх касцёлах адбываецца ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні, або вуліцамі гарадоў, мястэчак, вёсак, а затым цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, якая называецца рэзурэкцыйнай (ад лацінскага слова resurrectio — уваскрасенне).

Рэзурэкцыйная працэсія, якая распачынае нядзелю Уваскрасення, пачынаецца з узнёслага і радаснага набажэнства, якое праслаўляе выхад уваскрослага Хрыста з магілы.

Пачатак набажэнства адбываецца каля сімвалічнага гробу. Святар разам з прыслугоўваючымі ідзе да гробу, дзе пэўны час знаходзіцца на адарацыі, а між тым у касцёле фармуецца працэсія.

Пасля непрацяглай адарацыі святар вітае вернікаў і коратка ўводзіць іх у абрад, які павінен адбыцца. Пасля кароткай малітвы святар акаджвае Найсвяцейшы Сакрамэнт, і пачынаецца працэсія. Урачыстая святая Імша цэлебруецца пасля працэсіі. Часам працэсія адбываецца ўначы, адразу пасля Пасхальнай вігіліі.

Пасля вяртання са святыні з асвечанымі велікоднымі стравамі накрываецца святочны стол і пачынаецца ўрачысты велікодны сняданак.

Святочныя звычаі

У вёсках пасля велікоднага сняданку ўсе выходзілі на вуліцу, беручы з сабой пісанкі. Людзі віталі адзін аднаго, дзелячыся радасцю і святочным настроем, а дзеці ладзілі разнастайныя забавы з пісанкамі.

На Вялікдзень асаблівым чынам назіралі за сонцам, бо лічылася, што ў ім можна ўбачыць уваскрослага Хрыста. Людзі казалі таксама, што сонца ў гэты дзень «скача з радасці».

Першы дзень святаў звычайна праходзіць у коле сям’і. Часта гэты дзень становіцца днём прабачэння і згоды для людзей, у жыцці якіх раней узніклі непаразуменні ці ўзаемныя крыўды. У другі дзень святаў прынята наведваць сваякоў і знаёмых.

Цікавым і радасным велікодным звычаем было наведванне моладдзю розных двароў, падчас якога спяваліся віншавальныя валачобныя песні. Гаспадары, да якіх прыходзілі валачобнікі, шчодра дзяліліся з імі рознымі прысмакамі.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.