Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Адкуль пайшоў звычай захінаць крыжы ў касцёлах на Вялікі пост?
Усяго патроху
03.04.2017 08:50

Чаму з V нядзелі Вялікага посту ўсе крыжы ў касцёле захінуты фіялетавым палатном? Часта ім таксама захінуты розныя абразы ў святыні.

Звычай захінаць крыжы ў V нядзелю Вялікага посту мае прынамсі два значэнні: гістарычна-матэрыяльнае і духоўнае.

Напамін пра пакаянне і навяртанне

Першае звязана з тым, што ў старажытных касцёлах былі каштоўныя, багата аздобленыя крыжы, на якіх Хрыстус часта быў прадстаўлены ў каралеўскім убранні і кароне. У перыяд пакаяння была патрэба закрываць гэтыя выявы і больш засяроджвацца на прыніжэнні Хрыста.

Першапачаткова «велікапосным палатном» захінаўся не крыж, а алтар. Гэта мела з аднаго боку значэнне чыста практычнае (павучаць вернікаў, што пачаўся Вялікі), але выражалася таксама глыбокае перакананне, што дарога да алтара, які з’яўляецца знакам поўнай еднасці з Богам, — гэта пакаянне.

Вядома, што тым, хто каяўся, нельга было набліжацца да алтара, яны не маглі прымаць святую Камунію і чакалі, быццам бы адгароджаныя духоўнай заслонай

Таму захінанне алтара было ў пэўным сэнсе адгароджваннем народу, які знаходзіўся ў стане пакаяння, ці грэшнікаў, якія чакаюць сакрамэнтальнага паяднання. А паколькі алтар ад старажытных часоў заўсёды быў «выявай» Хрыста, захінанне алтара было таксама «захінаннем Хрыста».

Чаму захінаюць выявы Хрыста на абразах?

У пазнейшы перыяд вернікі больш, чым у алтары, бачылі Хрыста ў фігурах і абразах (а таксама на крыжы), і, верагодна, адсюль пайшла практыка захінаць менавіта выявы (звесткі пра гэта існуюць з ХІІІ ст.). І менавіта гэта другое значэнне захінання крыжа і абразоў Хрыста — значэнне духоўнае, а тое, што ідзе за гэтым, больш універсальнае і зразумелае для сучаснага чалавека.

Кожны, напэўна, ведае з уласнага досведу, што калі штосьці знікае з вачэй, то становіцца відавочным, наколькі яно для нас значнае.

Калі з вачэй знікае фізічная постаць Хрыста на крыжы і Ён становіцца як бы «Вялікім Непрысутным», то праз гэтую схаванасць Ён парадаксальна аб’яўляецца вернікам яшчэ больш ясна. Страчваючы Яго з вачэй, вернікі могуць убачыць Яго духоўна, што ў хрысціянстве істотна.

Таксама і пад заслонай сакрамэнтальных знакаў Хрыстус адначасова і ўкрываецца, і аб’яўляецца. І гэтая схаванасць павінна весці чалавека да адкрыцця. Таму, захоўваючы гэты старажытны звычай пакаяння, мы больш поўна спазнаем  «непрысутнасць Хрыста» ў нашых сэрцах, якія навяртаюцца, але наша мэта — менавіта паглыбленне Яго прысутнасці.



Фіялетавая заслона, якой закрываюцца крыж і абразы і якая знікне ў Вялікую пятніцу, з’яўляецца сімвалам жалю і пакаяння, якім грэшнік павінен аддацца, каб яму можна было зноў узняць вочы на выяву Бога, чыё аблічча ён сваімі правінамі быццам бы закрыў ад сябе. Праз гэты факт Касцёл хоча нагадаць нам, што Вялікдзень ужо блізка і што трэба несці за Хрыстом крыж нашага жыцця.

Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч
Матэрыял з архіва рэдакцыі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.