Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Калі надыходзяць праблемы...
Усяго патроху
09.12.2016 16:21

Многія з нас маюць праблемы з малітвай. Адны гадамі не бачаць яе вынікаў, другія мучаюцца ад таго, што не ўмеюць як след маліцца, трэція дакараюць сябе за тое, што, нягледзячы на трыванне ў веры, яны так і не наблізіліся да Пана Бога. Мабыць, і адным, і другім, і трэцім варта і надалей шукаць ісціну, не стамляючыся задаваць пытанні і сабе, і іншым.

У інтэрнэтавай прасторы раз-пораз з’яўляюцца артыкулы на гэтую тэму. Прыслухаемся да голасу аднаго з тых, хто сам не стамляецца шукаць ісціну і ўжо знайшоў некаторыя адказы. Сымяён М. Жысько дзеліцца з намі сваім духоўным вопытам.

— На працягу многіх гадоў я меў праблемы з малітвай. Яна дакучала мне сваёй манатоннай формай, я не ўмеў цаніць яе і нарэшце прыйшоў да высновы, што яна і ўвогуле мне не надта патрэбна. Ведаю людзей, якія лічаць, што малітва найперш — своеасаблівыя псіхалагічныя лекі, якія прыносяць стан спакою і канцэнтрацыі ў цяжкія хвіліны. Іншыя ж кажуць, што яна дазваляе спазнаць Створцу… Чыя праўда? На шчасце, надышоў у маім жыцці час, калі малітва пачала мяне натхняць, а калі ўзніклі сур’ёзныя праблемы, яна адзіная была мне дапамогаю і сілаю. Потым зноў быў перыяд абыякавасці, сцюжы, але менавіта тады, як гэта ні дзіўна, я і адкрыў для сябе сапраўдны сэнс малітвы. Думаю, што гэта яшчэ не поўны сэнс, але ўжо ён дапамог мне вярнуцца да малітвы.

МАЛІТВА — ГЭТА ВЫЗНАННЕ ЛЮБОВІ

Брат Хрысціян дэ Хэрг сказаў, што «той самы Дух Езуса падказвае <...>, што маліцца і любіць — гэта адно і тое ж». Бог нас любіць без асаблівай прычыны, паводле факту нашага існавання. Дзякуючы гэтай любові яшчэ да нашага з’яўлення на свет мы і змаглі з’явіцца ў гэтым свеце. Таму малітва з’яўляецца тою ніткаю, якая лучыць Створцу з Яго стварэннем. Гэта як Яго подых, што дыхае ў нашы лёгкія. Мы аддаем Яму наш змучаны ўздых, а Ён нанова напаўняе нас жыццём. Таму найпрыгажэйшай і найбольш шчырай малітвай з’яўляецца трыванне і аддаванне Яму сябе. Давер — найпрыгажэйшы адказ на любоў.

Томас Мэртан выказаў гэта так: «Мой Божа, калі я адпачываю, калі хаджу, тады я малюся да Цябе лепш, чым тады, калі гавару».

Калі я ўсвядоміў, што нават ласка малітвы бярэ пачатак не з мяне самога, тады я і пачаў на яе адкрывацца, проста пачаў і свае цяжары, і радасці ахвяроўваць Богу. Кажу Яму вельмі проста: «Пане, давяраюся Табе». Гэта — любоў, бескарыслівы дар. Калі ж мне не хапае словаў, я сведчу жыццём.

МАЛІТВА — ГЭТА АДКРЫЦЦЁ НА МУДРАСЦЬ

Нельга ўспрымаць малітву як спосаб развіцця, трэніроўкі мозгу. Калі наша малітва са стану любові пераходзіць у нашу свядомасць, то з дапамогай Духа Святога брама нашай душы адчыняецца для мудрасці. Гэта — дар самога Бога, штосьці большае за простае запамінанне інфармацыі, таму што ў Богу мы паўстаём у малітве такімі, якія ёсць, са сваёй праўдай і падманам. Тады Пан Бог і адорвае мудрасцю. Я сам пераканаўся ў гэтым вельмі моцна і веру, што, калі б я не маліўся, то проста не здолеў бы прыняць рашэнні тады, калі трэба. Малітва напаўняе мяне спакоем, яна ж і ачышчае, і робіць мяне гатовым да прыняцця мудрасці.

Пан Бог нішчыць маю пыху і дазваляе пазнаць маю мізэрнасць. Толькі ў Табе, Пане, мая свабода і праўда! Калі ж ёсць ува мне пыха, то я ніколі не атрымаю дару мудрасці, і заўсёды гэта сканчваецца толькі тым, што аддаю сабе хвалу.

Так важна чалавеку, які прагне маліцца як найлепш, згадзіцца з тым, што ён сам пусты, ненасычаны! Толькі тады ён зможа па-сапраўднаму прагнуць Бога. Сапраўдная мудрасць верніка ў тым, каб дазволіць Богу кіраваць малітвай.

МАЛІТВА — ГЭТА ПОВЯЗЬ

Гэта дар, які бярэ свой пачатак з двух папярэдніх. Я зразумеў, што малітва стварае паміж мной і Богам повязь, якая робіць мяне апосталам. Я трываю ў гатоўнасці, каб вырушыць у дарогу, магу штодня выбіраць Хрыста. Гэта дапамагае мне станавіцца прыладаю Яго ласкі, з якой карыстаюцца ўсе, хто сустракаецца на маім шляху.

Прачытаў у брата Хэрга: «Для таго, каб распаліць печ у хаце, трэба прысвяціць гэтаму трохі часу. Пазней зробіцца цёпла і ўсім будзе добра. Але гаспадаром, які атуляе іх цяплом, з’яўляецца агонь, а не печ. Мы ж можам быць толькі печчу, а Дух — агнём. Печ сумуе без агню, бо вакол пануе халадэча. Цяпер паўсюль пануе холад».

Дзеля таго, каб полымя трывала, трэба ўвесь час падкідваць дроваў, таму сілай малітвы з’яўляецца трываласць. Нават у час унутранай цемры, няхай сабе і слабая малітва падтрымлівае агонь, а Бог за тую слабенькую нітку нашай няздольнай малітвы патрапіць выцягнуць нас на святло.

МАЛІТВА — ГЭТА ДАР

На гэтым этапе мы ўжо жывём не толькі для сябе. Мы молімся, каб дарыць сябе іншым. Калі Бог надзяляе нас якімі-небудзь харызмамі, то грэх хаваць іх толькі для сябе. Харызмы — гэта дар для ўсёй супольнасці, і грахом будзе, калі чалавек пачне іх утойваць. Такі вернік ужо выходзіць са сваіх замкнёных рамак і дазваляе, каб яго спаліла полымя. Гэтае полымя адначасна і спальвае, і насычае.

Благаслаўлёны Эдмунд Баяноўскі параўноўвае гэты дар са свечкай: «Кожная добрая душа, нібы свечка, якая сама згарае, а іншым рассвятляе цемру». Сілы, якія мы аддаём іншым, вяртаюцца да нас стакроць. «Праўдзівая малітва не выключае нікога», — так брат Хрысціян пераконвае мяне, што, прымаючы дар, я таксама, у сваю чаргу, мушу стаць дарам.

МАЛІТВА — ГЭТА ПАКЛІКАННЕ

Ідучы гэтым шляхам і разважаючы над чарговымі этапамі разумення малітвы, я раблю выснову, што быў пакліканы да малітвы яшчэ да стварэння. Я нічога не магу ўчыніць без Яго. Усё, што мы маем у жыцці, бярэ свой пачатак з Божай крыніцы. Мы па-рознаму выкарыстоўваем гэты дар. Тое ж самае адбываецца і з малітвай, якая з’яўляецца памнажэннем дару жыцця. Бог нараджае нас для вечнага жыцця, і мы пераўтвараем сілу жыцця да вечнага ў Ім, які і з’яўляецца сам Крыніцаю.

СІМФОНІЯ

Гэтае слова найлепш выяўляе характар малітвы. Яна заангажоўвае нас, пачынаючыся ад простых словаў да больш складанай «уверцюры», і нарэшце ператвараецца ў цэлы аркестр пазнання, адказаў. Вера — галоўны спажытак нашага жыцця, у якім малітва з’яўляецца галоўнай «прыправаю», што надае яму смак. Нашай малітвай мы можам паправіць жыццё іншых, дзяліцца з імі Богам.

Ён хоць і прымае мяне такім, які я ёсць, але не дазваляе мне гэткім жа і заставацца. Вера — гэта няспынны рух, яна плыве праз нас.

Малітвай мы дазваляем, каб яна падхапіла нас і несла далей і далей. Кожны фрагмент гэтай жывой ракі не падобны да папярэдняга, і мы ніколі не даплываем гэткімі ж самымі да яе вытоку.

Ці спазнаў я сам у сваім жыцці тое, пра што тут кажу? Так! Настаў у маім жыцці такі момант, калі я сказаў Яму: «Люблю». На іншую малітву ў той час я проста не меў сілы. Усе ранейшыя тэорыі і разважанні для мяне сышліся ў гэтым слове. З таго часу Бог учыніў з майго жыцця цудоўнае навучанне, з якога я мог чэрпаць. І цяпер я спрабую стаць дарам для іншых, для вас у тым ліку, хто чытае гэтыя радкі… Я спазнаю праўду пра сябе ў малітве, і гэта мне дапамагае жыць. Так хочацца, каб штосьці падобнае зведалі і вы, хто чытае мае разважанні.

Ніякая малітва не бывае без сэнсу. Асабліва, калі нам бракуе ахвоты, то само трыванне ўжо мае сэнс.

Таму паўтараю за святым Антоніем: «Манах ніколі не бывае так блізка да сапраўднай малітвы, як тады, калі ён не ведае, што моліцца». Даручаю вас усіх, хто чытае гэтыя словы, малітве. Дзякую Табе, Пане!

Магчыма, шаноўныя чытачы, вам таксама хочацца падзяліцца сваім досведам малітвы. Запрашаем зрабіць гэта на старонках «Ave Maria». Бо, як толькі што мы прачыталі, малітва — гэта дар, які нельга затрымліваць толькі для сябе.

Паводле ave-maria.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.