Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускае каталіцтва. Агляд гісторыі
Усяго патроху
15.05.2016 00:00

Нягледзячы на тое, што большая частка беларусаў па веравызнанні з’яўляецца праваслаўнай, — каталіцтва адыграла значную ролю ў гісторыі нашага краю. Упершыню лацінскае хрысціянства пранікае на землі сучаснай Беларусі яшчэ да падзелу хрысціянства на заходнюю і ўсходнюю галіны разам з заходнімі місіянерамі.

Вытокі

Існуе нават меркаванне гісторыкаў аб хросце Полацка ў 986 г. нарманам Торвальдам па мянушцы Вандроўнік (гэта значыць яшчэ да афіцыйнага хросту Русі па ўсходняму абраду кіеўскім князем Уладзімірам у 988 годзе). Аднак, не ўсе гісторыкі падзяляюць гэты тэзіс з-за недахопу гістарычных крыніц. Сітуацыю мог бы праясніць Полацкі летапіс, але ён, як вядома, не захаваўся.

Наступнай хваляй пранікнення лацінскага хрысціянства можна лічыць перыяд ВКЛ, а менавіта час адразу пасля заключэння Крэўскай уніі, калі Ягайла, стаўшы польскім каралём, прыняў каталіцтва і ўзяў абавязак хросту Літвы, што і здзейсніў у 1387 годзе.

Торвальд Вандроўнік хрысціць палачан (фрагмент фрэскі Ул. Кандрусевіча з касцёла ў Расонах)

Паступова беларускія баяры пачынаюць пераходзіць з праваслаўя ў каталіцтва, што давала ўпрывілеяванае становішча ў Вялікім княстве і дапамагала займаць кіруючыя пасады ў дзяржаве.

Аднак, дзесьці да XVI стагоддзя каталіцтва цалкам не атаясамлялася з польскасцю, а ў касцёлах у гаміліях ужывалася старабеларуская мова.

Касцёл і мова

Потым, як вядома, была Брэсцкая царкоўная ўнія, прыняцце якой мела як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі ды і зараз выклікае гарачыя спрэчкі сярод гісторыкаў. Аднак творчыя сілы народа былі змарнаваныя ў непатрэбнай рэлігійнай барацьбе.

Пасля крывавых падзей XVII стагоддзя, а асабліва ў другой яго палове беларуская культура канчаткова страчвае пазіцыі: у 1697 годзе старабеларуская мова перастае быць урадавай у ВКЛ, замест яе ўводзіцца польская.


Ад канца XVII ст., асабліва ў XVIII стагоддзі, беларуская мова ў рэлігійным жыцці ўніятаў усяляк абмяжоўваецца, усяляк спыняецца на карысць мовы чужой народу — польскай, але цалкам са святыняў не выводзіцца і застаецца там надалей. У лацінскім каталіцтве ў значна меншых маштабах, чым ва ўніяцтве, але асобныя святары на беларускай пераферыі працягваюць карыстацца беларускай мовай у гаміліях.

У часы Расійскай імперыі пад канец XIX стагоддзя пасля задушэння польскіх нацыянальна-вызваленчых паўстанняў, царскі ўрад распачынае барацьбу супраць польскай мовы ў касцёлах, спрабуючы замяніць яе на рускую. У той жа час гучаць прапановы асобных прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, як напрыклад магілёўскага арцыбіскупа Сымона, увесці ў асобных беларускіх парафіях мову родную народу  беларускую замест рускай, на што была атрымана згода Апостальскай Сталіцы. Аднак, польская мова засталася асноўнай у касцёле.

Нягледзячы на тое што ў XIX ст., калі Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі пачаў паўсюдна атаясамляцца з польскасцю, у правінцыі (асабліва на Віцебшчыне) прамаўляюцца гаміліі па-беларуску. Таксама працягвае выдавацца каталіцкая духоўная літаратура на беларускай мове лацінскім шрыфтам.

Пасля рэвалюцыі 1905 г. у Расійскай імперыі адбылася пэўная лібералізацыя рэлігійнага жыцця. У гэтым часе многія былыя ўніяты з праваслаўя вярталіся да Каталіцкага Касцёла.

Ксёндз Францішак Будзька

Асаблівай увагі заслугоўвае постаць амаль забытага у наш час аднаго з пачынальнікаў беларусізацыі Касцёла — ксяндза Францішка Будзькі, які першы пасля 1862 г. выдаваў каталіцкія кніжкі па-беларуску, якія, дарэчы, сам і перакладаў з польскай мовы.

У той час каталіцкае духавенства ў Беларусі ў большасці даволі халодна ставілася да ўводзінаў беларускай мовы ў касцёле, баючыся, каб яна не стала мастом да гвалтоўнага ўвядзення рускай мовы (раней ужо назіраліся такія спробы царскага ўраду).

Таксама дзякуючы кс. Францішку Будзьку ў Вільні ў 1913-1915 гг. выходзіла першая беларуская каталіцкая газета  «Biełarus», друкаваная лацінкай.

Дзейнасць Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці

У маі 1917 г. у Петраградзе намаганнямі беларускай каталіцкай інтэлігенцыі з настаўнікаў, студэнтаў-тэолагаў і семінарыстаў,   ствараецца новая партыя – Хрысціянская дэмакратычная злучнасць (ХДЗ), больш вядомая пад назвай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД).

Лідары БХД. Сядзяць кс. А. Станкевіч, кс. Я. Германовіч, кс. В.Гадлеўскі. Стаяць кс. Леваш, кс. Глякоўскі

Друкаваным органам партыі была газета «Беларуская крыніца», што з 1919 па 1939 гг. выходзіла ў Вільні. З цягам часу гэтая партыя пераўтварылася з каталіцкай у агульнабеларускую (бо сярод сяброў партыі былі і праваслаўныя), а таму са студзеня 1936 года яна атрымала новую назву – Беларускае народнае аб’яднанне (БНА).

У  заходняй частцы нашай краіны ў 1921-1939 гг. на карысць беларушчыны, нягледзячы на рэпрэсіі з боку польскіх улад, актыўна  працавалі ксяндзы-беларусы. Сярод іх трэба адзначыць такіх волатаў беларускага адраджэння як Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота, Язэп Германовіч, Казімір Сваяк і інш.

У міжваенны час у Заходняй Беларусі своеасаблівым цэнтрам беларускага каталіцтва стаў кляштар айцоў-марыянаў у Друі, што на Віцебшчыне. Грашовымі сродкамі яны падтрымлівалі Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, садзейнічалі адкрыццю беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні і фінансавалі выданне беларускай перыёдыкі і літаратуры.

Друйскі кляштар айцоў марыянаў, 1929 год

Польскім уладам не падабаўся беларускі характар дзейнасці кляштара і ў 1938 годзе большасць беларускіх марыянаў былі высланы ў далёкі Харбін для місіянерскай працы сярод рускіх эмігрантаў.

Трэба сказаць, што сярод беларусаў, жыхароў Другой Рэчы Паспалітай, не адчувалася падзелу на праваслаўных і католікаў. Паміж свядомымі беларусамі — праваслаўнымі і католікамі панавала поўная згода і салідарнасць. Адны другіх падтрымлівалі, адны другім памагалі, а на розных урачыстасцях у Вільні ішлі і ў касцёл, і ў царкву, каб супольна маліцца за здзяйсненне беларускіх народных ідэалаў.

У часы нацысцкай акупацыі нямецкія ўлады даволі халодна ставіліся да каталіцтва ў Заходняй Беларусі, паколькі шматлікія каталіцкія святары былі заангажаваны ў польскім падполлі.

У той жа час нямецкая палітыка не дапускала да адбудовы рыма-каталіцкага рэлігійнага жыцця ва Усходняй Беларусі: ксяндзы, якія не падпарадкоўваліся гэтым загадам, — арыштоўваліся і марадаваліся праз гестапа.

Ужо пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў Чырвонай арміяй і аднаўлення савецкай улады ўзнавілася і антырэлігійная барацьба.

Касцёл ад савецкага часу і да нашых дзён

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Каталіцкі Касцёл на Беларусі ператрываў жорсткія часы пераследу і рэпрэсіяў. У часы перабудовы каталіцтва на Беларусі паволі пачынае адбудоўвацца, вернікам перадаюць касцёлы, якія ў часы ваяўнічага атэізму выкарыстоўваліся не па сваім прызначэнні.

Ужо пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі гэты працэс значна паскорыўся.

Адбудова мінскай архікатэдры пасля вяртання святыні вернікам, 1996 год

Дзякуючы намаганням мінскіх католікаў, якія маліліся і ў спёку, і ў мароз і пісалі лісты ў розныя інстанцыі, — Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску ў снежні 1993 г. нарэшце быў цалкам перададзены вернікам (дагэтуль будынак выкарыстоўваўся ў якасці спартыўнай школы)  і ў ім пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Цяпер гэты касцёл з’яўляецца галоўнай каталіцкай святыняй Беларусі.

У гэты ж самы час распачаўся працэс беларусізацыі Касцёла. Вялікую працу у гэтым накірунку зрабіў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які праводзіў беларускамоўныя імшы яшчэ да ІІ Ватыканскага сабору. А ўжо ў 1992 годзе кардынал Казімір Свёнтэк стварыў адмысловую літургічную камісію, якая прыступіла да перакладу Iмшы і духоўных кніг на беларускую мову. Можна сказаць, што ў гэты перыяд упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі літургія пачала весціся на беларускай мове.

У суверэннай Беларусі Каталіцкі Касцёл адыгрывае вельмі істотную ролю ў краіне, з’яўляючыся другой па колькасці вернікаў канфесіяй. Цяпер ужо нікога не здзіўляе беларуская мова ў каталіцкіх святынях.

Сваё пачэснае месца сярод айчынных СМІ займаюць беларускамоўныя каталіцкія часопісы, газеты і інтэрнэт-выданні, у Мінску функцыянуе выдавецтва «Pro Christo», што выпускае рэлігійную літаратуру.

Беларускае радыё кожную нядзелю транслюе Імшы на беларускай мове з архікатэдральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, рэспубліканскае тэлебачанне паказвае святочныя калядныя і велікодныя набажэнствы з касцёлаў краіны, адбываюцца прамыя трансляцыі з Ватыкана.

Максім Бажок,
студэнт 3 курса гістарычнага факультэта
Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.