Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чатыры радасці аб новым Папу
Усяго патроху
14.03.2013 11:10

Habemus Papam — словы доўгачаканыя, якія завяршаюць кароткі перыяд нявызначанасці ў жыцці Касцёла, словы, якія прыносяць радасць, незалежна ад таго, хто выйдзе на балкон базылікі святога Пятра ў белым адзенні новага Папы Рымскага.

І з гэтым звязана мая першая радасць: у нас ёсць Папа. Папа — гэта таямніца Касцёла. Я маю надзею, радасць тысяч людзей на плошчы Святога Пятра ў прамым эфіры розных тэлеканалаў нагадае свету пра гэтую таямніцу. Калі каментарыі калег зводзяцца да таго, што сукупнасць высокапастаўленых іерархаў дэмакратычным шляхам абірае топ-менеджэра найбуйнейшай у свеце грамадскай карпарацыі ва ўмовах вострай канкурэнтнай барацьбы лібералаў і кансерватараў, італьянцаў і замежнікаў, еўрапейцаў і нееўрапейцаў, — мне хочацца знайсці адэкватныя словы, каб нагадаць пра гэтую таямніцу, пра тое, што ў Сікстынскай капэле Папу Рымскага выбіраюць не толькі кардыналы, што там прысутнічае і актыўна дзейнічае яшчэ адзін Суб’ект… Але тут мой свецкі тэзаўрус вычэрпваецца, а перакласці на шурпатую мову плаката біблейскае «Дух дыхае, дзе жадае» становіцца ўсё цяжэй…

Другая радасць — імя, якое новы Пантыфік абраў для свайго служэння: Францішак. Сярод Пантыфікаў — пры дваццаці трох Янах, шаснаццаці Грыгорыях і Бэнэдыктах — не было ніводнага Андрэя, Лукі, Юзафа, Якуба (пра Пятра — асобная размова, апакаліптычная). І — ніводнага Францішка. У гэтым імені — імені заснавальніка жабрацкага і місіянерскага манаскага ордэна — я адчуваю свежы вецер вяртання Касцёла да сваёй місіі прапаведавання Евангелля, чакаю радасных зменаў. Звернуты да святога Францішка заклік Хрыста «ідзі і ўмацуй Мой Касцёл», звернуты і да новага Пантыфіка — я маю надзею, што ў тым ліку і гэтым быў абумоўлены выбар імя. Калі езуіт выбірае для папскага служэння імя заснавальніка другога манаскага ордэна, — гэта, на маю думку, сведчанне яго адкрытасці і мудрасці.

Трэцяя радасць — уласна асоба 266-га Папы Рымскага: арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхе Марыа Берголіа. Яму 76 гадоў — і гэтым фактам выносіцца за дужкі атлетычная песня пра маладога энергічнага адміністратара, які цвёрдай рукой будзе кіраваць Касцёлам. Ён не з ватыканскай дыпламатыі — і гэтым абвяргаецца спекуляцыя пра «дыпламатычны рэванш», які вось-вось здзейсніцца ў Ватыкане. Ён італьянец — але толькі па паходжанню, і аднаўленне традыцыі італьянскіх пап адкладваецца на нявызначаны час. Ён з манахаў — і гэта абяцае адраджэнне малітоўнага жыцця Касцёла, традыцый ахвярнага служэння бліжняму і нястомнага прапаведавання хрысціянства. Ён — з Лацінскай Амерыкі, кантынента, дзе хрысціянства развіваецца і складае каштоўнасны стрыжань грамадства, што ўсё больш цяжка сказаць пра Еўропу.

Чацвёртая радасць — яшчэ больш суб’ектыўная, чым тры папярэднія. Кажуць, першае ўражанне пра чалавека вельмі важнае для далейшага яго ўспрыняцця. Я ніколі да гэтага — ні ў часы быцця членам Папскай рады па справах свецкіх, ні падчас асамблеі Сіноду Біскупаў — не сустракаўся з кардыналам Берголіа. Але сваім першым з’яўленнем на балконе базылікі святога Пятра папа Францішак зрабіў на мяне непазбыўнае ўражанне. Першыя словы Пантыфіка выявілі ў ім прастату («добры вечар!» замест афіцыйнага «Laudetur Iesus Christus»), самаіронію і пачуццё гумару («браты-кардыналы паклікалі мяне з краю свету») і глыбокую ўдзячнасць свайму папярэдніку (заклік да супольнай малітвы аб здароўі Бэнэдыкта XVI).

Я глядзеў на яго ў тэлевізар — а ён з тэлевізара папрасіў мяне памаліцца да Бога аб благаслаўленні для яго далейшага служэння. Перш чым благаславіць мяне, папа Францішак папрасіў мяне дапамагчы яму атрымаць благаслаўленне Божае на цяжкае служэнне главы Каталіцкага Касцёла. І я — разам з тысячамі на плошчы Святога Пятра і мільёнамі ля тэлевізараў — з радасцю памаліўся.

Гэты жэст новага Пантыфіка здабыў маё сэрца.
Доўгіх гадоў, Ваша Святасць!

Віктар Хруль

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.