Апраўданая судом пакістанская хрысціянка Асія Бібі, якая па абвінавачванні ў блюзнерстве правяла 8 гадоў у зняволенні, была вызвалена і цяпер знаходзіцца ў бяспечным месцы, але пакуль не можа выехаць з Пакістана, дзе яе жыццё знаходзіцца ў небяспецы.
Як паведаміў прадстаўнік пакістанскага міністэрства замежных спраў, Асія зможа выехаць з краіны толькі тады, калі вярхоўны суд Пакістана адхіліць апеляцыю супраць яе апраўдання.
Тым часам арганізацыі, якія дапамагаюць мужнай хрысціянцы і яе сям’і, заклікаюць да асцярожнасці ў перадачы інфармацыі, паколькі, як адзначаецца, сітуацыя ўсё яшчэ вельмі складаная. Існуе абгрунтаваная занепакоенасць, што ў сувязі з гэтым можа адбыцца эскалацыя насілля з боку ісламскіх фундаменталістаў. У выпадку, калі апраўдальнае рашэнне суда не будзе перагледжана, радыкальныя ісламісты пагражаюць дзяржаўным пераваротам у краіне, заяўляючы, што «гатовыя пайсці на ўсё».
У святле такіх заяваў, беручы пад увагу сітуацыю ў краіне, існуе рэальная пагроза для жыцця вялікай колькасці пакістанскіх хрысціянаў.
Таксама сям’я Асіі, якая цяпер вымушана хавацца, просіць не аб’яўляць пра яе месцазнаходжанне. Невядома, ці сама Асія ўжо знаходзіцца са сваімі блізкімі, ці ўсё яшчэ не.
Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці папы Францішка кардынал П’етро Паралін заявіў, што Святы Пасад зацікаўлены ў як мага хутчэйшым вырашэнні гэтай складанай сітуацыі. Пры гэтым кіраўнік ватыканскай дыпламатыі адзначыў, што гэта з’яўляецца ўнутранай справай Пакістана. Тым не менш, ён выказаў надзею, што яна вырашыцца, як найлепш.