Урад Пакістана ўзнагародзіў каталіцкую законніцу Рут Льюіс, якая памерла ў 2020 годзе, адной з найвышэйшых узнагарод краіны за служэнне грамадству.
Як паведамляе sedmitza.ru, францішканская сястра-місіянерка Рут Льюіс з законніцкай супольнасці Хрыста Валадара на працягу 52-х гадоў клапацілася пра малалетніх беспрытульных, сіротаў і інвалідаў.
«Мы цешымся і ганарымся тым, што кіраўніцтва Пакістана ўзнагародзіла сястру Рут Льюіс пасмяротна ордэнам „Зорка Дасканаласці“ за яе заслугі перад грамадствам гэтай краіны, — адзначыў пакістанскі кардынал Джозэф Кутс у інтэрв’ю Agenzia Fides. — Гэты ордэн лічыцца адной з найвышэйшых узнагарод Пакістана і прысуджваецца за асаблівыя заслугі перад нацыяй у галіне культуры і грамадскага жыцця».
Іерарх выказаў удзячнасць ураду Пакістана за прызнанне заслугаў спачылай законніцы, а таксама ўсім сёстрам-місіянеркам францішканскага ордэна за служэнне дзецям у нядолі.
Як нагадаў кардынал Кутс, сёстры ордэна аказваюць дапамогу патрабуючым дзецям у партовым горадзе Карачы з 1959 года. Сваёй апекай яны ахінаюць таксама дзяцей з псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі.
Пасля смерці сястры Гертруды Леменс, заснавальніцы прытулку, сястра Рут Льюіс узяла на сябе адказнасць за ўтрыманне прытулку, які дзейнічае выключна на ахвяраванні.
Дзякуючы яе нястомнай і руплівай працы «Дом міру і любові» стаў найбуйнейшай у гэтай сферы ўстановай горада, да якой сёння маюць дачыненне звыш 21 мільёна чалавек.
Сястра Рут Льюіс мела вялікую пашану сярод дабрачынных, няўрадавых і дзяржаўных арганізацый ў Карачы. У горадзе яе ведалі як «маці пакінутых».
8 ліпеня 2020 года сястра Рут Льюіс трапіла ў шпіталь з цяжкай формай каранавіруснай інфекцыі і памерла 20 ліпеня. Яна заразілася падчас самаадданага служэння ў прытулку, дзе ў чэрвені ў 21 дзіцяці быў дыягнаставаны вірус COVID-19.
Урад краіны ўзнагародзіў яе пасмяротна 23 сакавіка 2021 года з нагоды «Дня Пакістана». Узнагароду атрымала сястра Кукі, выхаванка прытулку, якая ў сваім слове назвала спачылую каталіцкую законніцу сваёй мамай.
Пры жыцці, 18 студзеня 2014 года, Рут Льюіс была ўганаравана ўзнагародай «Гонар Карачы» за самаахвярнае і адданае служэнне «асаблівым дзецям». У 2018 годзе губернатар Сінда ўзнагародзіў яе ордэнам за «служэнне чалавецтву». Таксама ўрад Сінда прафінансаваў будаўніцтва новага прытулку з нагоды 50-годдзя заснавання «Дома міру і любові».