Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, 31 кастрычніка вярхоўны суд Пакістана адмяніў раней вынесены смяротны прысуд для хрысціянкі Асіі Бібі, якая ў 2010 г. была асуджана па абвінавачванні ў нібыта «блюзнерстве».
Асія была асуджана на павешанне ў адпаведнасці з артыкулам 295 крымінальнага кодэксу Пакістана па абвінавачванні ў тым, што яна нібы «зняважыла прарока Мугамеда». Жанчыны-мусульманкі, з якімі Асія разам працавала на полі, паскардзіліся, што яна, будучы хрысціянкай, піла ваду з «мусульманскай студні» і такім чынам «апаганіла яе». Сваёй віны Асія не прызнала.
Доўгія восем гадоў Асія Нарын — маці пяцёх дзяцей, больш вядомая як Асія Бібі, — правяла ў адзіночнай камеры, чакаючы выканання смяротнага прысуду.
За яе вызваленне маліліся родныя і блізкія, а таксама хрысціяне ва ўсім свеце. І вось, нарэшце, гэтыя просьбы былі выслуханы і цяпер Асія апраўдана.
Разам з тым, ёй усё яшчэ пагражае смерць, бо радыкальна настроеныя мусульманскія фанатыкі абяцаюць яе забіць, як раней забілі губернатара пакістанскага штата Пенджаб, які выступіў у абарону Асіі.