Пошук

25.05.2022 16:33   Паводле: Каталіцкі медыя-цэнтр Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне / Catholic.by
Фота: Парафія костелу св. Миколая в Києві / Facebook

23 мая ў парафіі святога Мікалая ў Кіеве распачалася малітоўная навэнна да святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі хутчэйшага вяртання святыні вернікам.

Як паведаміў Каталіцкі медыя-цэнтр Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне kmc.media, гэтая парафіяльная супольнасць украінскай сталіцы ўжо даўно рыхтуецца да вяртання касцёла. Аднак у апошнія дні з’явілася інфармацыя пра тое, што запланаваная на 1 чэрвеня перадача святыні парафіі можа не адбыцца. У сувязі з гэтым вернікі распачалі пост і малітву ў інтэнцыі хутчэйшага вяртання касцёла.

22 мая пробашч парафіі ксёндз Паўло Вышкоўскі ОМІ паведаміў:

«У пятніцу, 20 мая, мы перажылі вялікую ўрачыстасць унясення фігуры святога Арханёла Міхала ў нашую святыню. У ёй узяў удзел Сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі [арцыбіскуп Галахер — Catholic.by], Апостальскі нунцый [арцыбіскуп Кульбокас — Catholic.by], дапаможны біскуп нашай дыяцэзіі, шматлікія госці; былі таксама Надзвычайныя і Паўнамоцныя Паслы Польшчы і Харватыі, аднак, на жаль, не было міністра культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Аляксандра Ткачэнкі. Ад яго імя паведамілі, што міністэрства з-за бюракратычных працэдур не паспявае аформіць дакументы да 1 чэрвеня 2022 года.

Таму з 23 мая, калі да 1 чэрвеня застаецца роўна дзевяць дзён, мы распачынаем навэнну да нашага апекуна святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі, каб улада ўсё ж такі стрымала сваё слова. Шчыра заахвочаю ўсіх парафіянаў, а таксама ўсіх неабыякавых вернікаў далучыцца да малітвы і посту», — заклікаў пробашч кіеўскай парафіі святога Мікалая.

За навэннай можна сачыць на старонцы парафіі ў сацыяльнай сетцы Facebook.

Каталіцкі медыя-цэнтр украінскага епіскапату нагадвае, што 5 лістапада мінулага года Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны разам з парафіяй святога Мікалая падпісалі мемарандум, у якім прызначылі дату перадачы святыні ў карыстанне парафіі на 1 чэрвеня 2022 года, а таксама вызначылі кірункі супрацоўнцтва парафіяльнай супольнасці са згаданым міністэрствам.

Касцёл святога Мікалая ў Кіеве быў пабудаваны вядомым архітэктарам Уладзіславам Гарадзецкім у неагатычным стылі. Пасвячэнне адбылося ў 1909 годзе.

Будынак святыні да гэтага часу дзеляць паміж сабою Нацыянальная зала арганнай і камернай музыкі Украіны, якая ладзіць у ім канцэрты, і рыма-каталіцкая парафія святога Мікалая, якой касцёл абяцаюць вярнуць.

Будынак з 2009 года знаходзіцца ў аварыйным стане, а ў верасні мінулага года ў ім здарыўся пажар, падчас якога дашчэнту згарэў канцэртны арган. Пасля пачатку агрэсіі Расіі ва Украіне, у касцёле святога Мікалая быў створаны валанцёрскі цэнтр дапамогі пацярпелым ад вайны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.