Увечары 3 верасня ў касцёле святога Мікалая ў Кіеве здарыўся пажар.
Як са спасылкай на мэра сталіцы Украіны Віталія Клічко паведаміла pravda.com.ua, загаранне адбылося паміж першым і другім паверхамі і неўзабаве распаўсюдзілася на дах 111-гадовага будынка.
Пажару была нададзена 2-я ступень складанасці. Плошча пажару склала 80 кв. м., на барацьбу з ім было кінута каля 80 асоб. Па стане на 23 гадзіны адкрытага агню ўжо не было. У апублікаваным на Тэлеграм-канале Клічко відэа відаць, што святыня ў выніку пажару была моцна пашкоджана.
Біскуп Кіева-Жытомірскі Віталій Крывіцкі SDB на старонцы парафіі святога Мікалая ў Кіеве ў сацыяльнай сетцы Facebook падзяліўся ўражаннямі ад убачанага ў касцёле пасля пажару.
«Нядаўна вярнуўся з касцёла святога Мікалая. Сказаць, што сэрца баліць за святыню, — нічога не сказаць. Але пра гэта потым.
„Дзівосныя і вялікія справы Твае, Пане!“
Сярод пашкоджанняў — толькі канцэртны арган, які згарэў дашчэнту, і жырандоль, якая ўпала на прыступкі прэзбітэрыя. Менавіта арган стаў эпіцэнтрам пажару (кароткае замыканне падчас рэпетыцыі). На ім пажар і скончыўся.
Дзякуй за гэта Усемагутнаму Богу і ратавальнікам ДСНС [Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях — рэд.]!
Хвала Богу, ніхто не пацярпеў. Мы перанеслі Найсвяцейшы Сакрамэнт у бяспечнае месца. Пажар не закрануў драўляны алтар і амбону. Некранутымі засталіся фігуры па абодвух баках ад аргана. Абгарэў толькі крыж, які вісіць пасярод алтарнай часткі.
Увесь касцёл закураны і заліты вадою.
Ён яшчэ больш паранены, прыніжаны… затое праслаўлены. Бо ў ім сёння з’явіўся Пан у сваёй велічы. Хвала Яму!», — напісаў пастыр.
Касцёл святога Мікалая ў Кіеве быў пабудаваны вядомым архітэктарам Уладзіславам Гарадзецкім у неагатычным стылі. Пасвячэнне адбылося ў 1909 годзе. Будынак святыні да гэтага дзеляць паміж сабою Нацыянальная зала арганнай і камернай музыкі Украіны, якая ладзіць у ім канцэрты, і рыма-каталіцкая парафія святога Мікалая, якой касцёл так і не быў вернуты. Будынак з 2009 года знаходзіцца ў аварыйным стане.